Семья Тихонёнков

Общество

У нашай вёсцы Казімірова жыве цудоўная мнагадзетная, дружная, працавітая сям’я Ціханёнкаў. Як і ў кожнай, у яе свая гісторыя стварэння, пачатак якой паклала, канечне ж, каханне двух маладых людзей.

У былую Маладолецкую школу па накіраванні пасля інстытута прыехала працаваць Валянціна Піліпаўна Пятрова. Яе заўважыў мясцовы хлопец Іван Аляксандравіч Ціханёнак і пачаў заляцацца. Мужчына прызнаецца, што “калі ўбачыў Валю ўпершыню, яна адразу паланіла сэрца”. Пачуцці закружылі вірам. Неўзабаве дамовіліся аб вяселлі. А яно было мнагалюдным і цікавым, з народнымі звычаямі і традыцыямі.

Пачалося сямейнае жыццё. Спачатку пражывалі ў бацькоў, дзе падрастала яшчэ двое малодшых братоў Івана. Лад і згода панавалі паміж людзьмі розных пакаленняў, малодшыя паважалі старэйшых, а тыя ў сваю чаргу прыслухоўваліся да маладых. Іван Аляксандравіч аддана працаваў вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы, і з цягам часу калгас выдзеліў сям’і Ціханёнкаў асобны дом. Радасці маладых не было межаў. Яны разумелі і падтрымлівалі адзін аднаго. Даверлівыя адносіны, каханне і павагу пранеслі праз 35 гадоў. І сёння мужчына з гонарам прызнаецца, што не памыліўся ў выбары спадарожніцы жыцця.

– Сэрца правільна тады падказвала, – разважае Іван Аляксандравіч, – маўляў, менавіта яна твая палавінка. Верная і любячая жонка, умелая гаспадыня, пяшчотная і клапатлівая маці, якая падарыла мне чатырох сыноў і дачушку. Вось яно, сапраўднае чалавечае шчасце і вялікае зямное багацце.

Жанчына ж таксама прызнаецца, што за Іванам яна жыве, нібы ў Хрыста за пазухай.

Дзеці – будучыня сям’і Ціханёнкаў. З вялікай радасцю маці і тата сустракалі весткі аб нараджэнні чатырох унукаў. Станоўчы вопыт выхавання перанялі дзеці Ціханёнкаў і ўжо прымяняюць яго ў сваіх сем’ях. На першым плане любоў і павага да бацькоў і старэйшых людзей, працавітасць, сумленнасць, пачуццё адказнасці, узаемадапамога.

Сын Сяргей, як і маці, атрымаў прафесію настаўніка, працуе начальнікам аддзела фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама, жыве з сям’ёй ва Ушачах. Аляксандр жыве з сям’ёй у Жодзіне. Андрэй – электрык, уладкаваўся таксама ў Жодзіне. Іван працуе ветэрынарам у гаспадарцы, падпарадкаванай УП “Віцебскаблгаз”. Таццяна – кулінар, цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, жыве з бацькамі.

Мары бацькоў збыліся: усе сталі на свае ногі ў жыцці, атрымалі прафесіі і ўладкаваліся. Часта збіраецца вялікая сям’я разам, і бацькі не стамляюцца гаварыць дзецям і ўнукам аб простых сакрэтах сямейнага шчасця: паважаць і разумець адзін аднаго, захоўваць духоўную еднасць, умець дараваць і берагчы каханне як дар Божы.

У ліпені бягучага года Іван Аляксандравіч адзначыць сваё 60-годдзе, зараз ён працуе ў Касарскім лясніцтве. Валянціна Піліпаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, аднак у летні перыяд працуе нарыхтоўшчыцай.

Вельмі паважаюць Ціханёнкі сваіх аднавяскоўцаў і жывуць іх клопатамі. Дадуць каня агарод узараць ці сена прывезці, на сваёй машыне не адмовяць у бальніцу завезці ці на кірмаш свіней купіць. Побач з такімі суседзямі і бяда не страшная, гавораць жыхары Казімірова. А калі прыязджае да бацькоў пагасціць сын Іван, то бягуць да яго сяляне, каб аказаў іх жывёле ветэрынарную дапамогу.

Канечне, і дзеці, і знаёмыя, і вяскоўцы заўважылі, наколькі Іван Аляксандравіч і Валянціна Піліпаўна створаны адзін для аднаго, як яны дапаўняюць адзін другога і, канечне, кахаюць. Вось і жывуць душа ў душу, дорачы гэтае цяпло свайго сямейнага кахання дзецям і ўнукам.

С.ВАСІЛЕЎСКАЯ,

в.Казімірова.

На здымку:

вяселле сям’і Ціханёнак (фота з дамашняга архіва аўтара).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *