В первичных ветеранских организациях Ушаччины прошли отчётно-выборные собрания

В общественных организациях

У населеных пунктах, якія тэрытарыяльна адносяцца да пярвічнай ветэранскай арганізацыі Кубліч, пражывае звыш 200 пенсіянераў. Зразумела, што сабрацца на справаздачна-­выбарчы сход у Доме культуры аграгарадка  ўсе яны не змаглі. Некаторых забралі ў гарады на зіму дзеці, хтосьці хварэе, а былі і тыя, каму прыняць удзел у мерапрыемстве не дазволіла занятасць паўсядзённымі клопатамі – нягледзячы на ўзрост пенсіянеры па меры магчымасці працягваюць трымаць падсобную гаспадарку, наводзіць парадак ля сваіх сядзіб, з’яўляючыся прыкладам для моладзі.

Аб гэтым казаў на пачатку сходу старшыня раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец, які ўмела каардынуе работу грамадскага аб’яднання. Заўсёды дагледжана тэрыторыя ля домаўладанняў Лідзіі Аляксееўны Шахноўскай, Алены Якаўлеўны Харашкевіч, на раённым узроўні адзначаны сёлета Васіль Сафронавіч і Тамара Іосіфаўна Кальчэўскія. У сельвыканкаме падвялі і свае вынікі, каб заахвоціць як мага больш гаспадароў, прычым не толькі сталага ўзросту. Прыкметна хваляваліся Анастасія Клопава і Аляксандр Цярэшчанка. Дзяўчыну запрасілі на сход, каб уручыць каштоўны падарунак у намінацыі “Лепшая маладзёжная сядзіба”, дзе яны з мужам навялі ўзорны парадак ля выдзеленага сельгаспрадпрыемствам дома, а малады загадчык складской гаспадаркі атрымліваў падарунак за бацьку, ветэрана Міхаіла Пятровіча Цярэшчанку. Але, як адзначыла пры ўзнагароджанні лаўрэатаў конкурсу старшыня сельвыканкама Ірына Віктараўна Ластаўка, вялікая заслуга ў гэтым і хлопца, які ў свабодны час шмат прыкладае намаганняў для стварэння прыгажосці ля домаўладання.

На такой прыемнай ноце скончылася мерапрыемства, падчас якога на новы тэрмін старшынёй пярвічнай арганізацыі пераабралі Надзею Іванаўну Клындзюк. Менавіта пры яе непасрэдным удзеле ветэранскі актыў святкаваў 9 Мая, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, святы маці і, канечне, пажылых людзей. Сумесная грамадская дзейнасць яшчэ больш згуртоўвае ветэранаў. Яны не кідаюць адзін аднаго ў бядзе, наведваюць нямоглых на доме і праводзяць у апошні шлях пайшоўшых з жыцця. Таму і пажадала Надзея Іванаўна сваім землякам самага галоўнага – здароўя і даўгалецця, а актыўнасці і запалу яны і самі могуць каму­небудзь пазычыць. Мастацкую самадзейнасць аграгарадка немагчыма ўявіць без Ганны Пятроўны Дзіульскай, Соф’і Мікалаеўны Кляпец, Святланы Аляксееўны Цвяцінскай, Валянціны Пятроўны Мялешкі. Старшыня сельвыканкама І.В.Ластаўка дзякавала ветэранам за здачу лішкаў сельгаспрадукцыі, за разуменне, дапамогу ў справах сельсавета, грамадскую ініцыятыву. Старшыня мясцовай улады лічыць гонарам, што ёй пашанцавала жыць і працаваць побач з такімі людзьмі, вучыцца ў іх мудрасці і цярпенню, радавацца працоўным поспехам і разам вырашаць праблемы – з 26 старэйшын сельскіх населеных пунктаў Кубліцкага сельсавета 17 з’яўляюцца пенсіянерамі.

Дырэктар КУСГП “Кублічы” А.С.Хмялеўскі нягледзячы на ўсе цяжкасці выдзеліў транспарт для падвозу пенсіянераў на сход. Аляксей Сяргеевіч, які некаторым з прысутных па гадах годны не толькі ў сыны, а нават ва ўнукі, выказаў старэйшаму пакаленню словы ўдзячнасці за спагадлівасць, за тое, што пры неабходнасці яны без аглядкі на ўзрост прыходзяць на дапамогу роднаму сельгаспрадпрыемству. У якасці прыкладу малады кіраўнік назваў прозвішча былога галоўнага эканаміста гаспадаркі Ларысы Мікалаеўны Глінскай, да нядаўняга працавала ў жывёлагадоўлі і Вольга Антонаўна Зуева, некаторыя іншыя. Цікавы эпізод прыгадаў і У.М.Малаткавец:

– У бытнасць кіраўніком гаспадаркі я кожнага ветэрана ведаў, пастаянна падтрымліваў з імі сувязь, цікавіўся справамі. Затое, калі была неабходнасць прыцягнення дадатковай рабочай сілы, прыязджаў да гэтых людзей, прасіў дапамогі і назаўтра два аўтамабілі пенсіянераў выязджалі на льняныя палеткі і працавалі так, што дай Бог кожнаму маладому!

35 пярвічных аб’ядноўвае Ушацкая раённая арганізацыя ветэранаў. Актыўна працуюць з пажылымі людзьмі старшыні Дубраўскай і Касарской “пярвічак” Алена Захараўна Кучко і Лідзія Гаўрылаўна Ільюшэвіч, дапамагаюць наладзіць сувязь паміж ветэранамі сваіх прадпрыемстваў Васіль Сямёнавіч Фамін, Зінаіда Антонаўна Клубаева, Жанна Кірылаўна Літвін. Хоць і няма ўжо льнозавода, але людзей, якія значную частку працоўнага жыцця аддалі гэтаму прадпрыемству, працягвае згуртоўваць Зінаіда Еўдакімаўна Жогаль. Адну з буйнейшых ветэранскіх арганізацый райспажыўтаварыства паспяхова ўзначальвае Валянціна Мікалаеўна Лукашонак, актыўна ўзялася за справу і Валянціна Вячаславаўна Падвойская, старшыня не так даўно створанай пярвічнай арганізацыі райвыканкама.

У некаторых “пярвічках” абраны новыя кіраўнікі. У Глыбачцы з прычыны значнага ўзросту ўзяў “самаадвод” ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня – яго заменіць Раман Дзмітрыевіч Папельскі. Жыхаром гарпасёлка стаў Пётр Мечыслававіч Мажэйка і на пасаду старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Слабады зараз заступіла Людміла Сафонаўна Пацэйка. Ветэранскі рух у Матырыне, дзе гэтай справай паспяхова займалася Вера Васільеўна Шэндзель, цяпер будзе арганізоўваць Кацярына Станіславаўна Бялко, а ў Селішчы Галіну Міхайлаўну Пашчук змяніла Ганна Канстанцінаўна Падгол. У Глыбачцы Ушацкага сельсавета Іван Сямёнавіч Кулага перадаў паўнамоцтвы Генадзю Міхайлавічу Арцямёнку, а справамі і клопатамі ветэранаў Градзянца замест Леаніда Паўлавіча Гардзіёнка зоймецца Іван Іванавіч Ярмош.

У некаторых арганізацыях заслужаным ветэранам да Дня пажылых людзей знаходзяць магчымасць аказаць матэрыяльную дапамогу, уручыць падарункі. Але самым галоўным для іх з’яўляецца ўвага, калі яны запатрабаваныя і не забытыя, маюць магчымасць прыносіць карысць. Ветэранская арганізацыя аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных прафесій і сацыяльнай прыналежнасці, як радавых работнікаў, так і кіраўнікоў на адказных пасадах. А ў кожным працоўным калектыве былі і ёсць людзі, чые прозвішчы, без перабольшання можна сказаць, залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс раёна. Яны сустракаюцца, абмяркоўваюць розныя тэмы – поспехі любімых унукаў, хатнія справы, апошнія падзеі ў раёне і, як у Кублічах, аб падзеях у свеце і залежнасці ад гэтага курсу рубля. Аднак як бы не мянялася жыццё, галоўны капітал нашых ветэранаў – капітал мудрасці, вопыту, жыццёвай разважлівасці ніколі не абясцэніцца. Іх заслугі, іх праца, іх вопыт – гэта каштоўнасць нематэрыяльнага кшталту, якая звязвае пакаленне з пакаленнем.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *