22 декабря свой профессиональный праздник отмечают энергетики

К профессиональному празднику

Вулічнае асвятленне. Хто забяспечвае яго бесперабойнае функцыянаванне? За асвятленнем у горадзе сочыць камунальная служба, а на раёне – брыгада па рабоце з насельніцтвам і абслугоўванні вулічнага асвятлення Ушацкага раёна электрычных сетак. У той час, калі львіную долю працы брыгад на лініях карыстальнікі электраэнергіі не бачаць, менавіта гэта нешматлікае структурнае падраздзяленне арганізацыі найбольш цесна кантактуе з насельніцтвам, бо выконвае запыты і заявы грамадзян. Таму і завуць брыгаду ў электрасетках коратка – “адно акно”.

Работа са зваротамі грамадзян тут, напэўна, мае мала агульнага з такой у звыклым сэнсе слова. Папер, канечне, хапае, але нават майстар брыгады Віктар Аляксандравіч Брэнько выязджае на раён і нараўне з усімі выконвае любыя віды работ. Іх шмат – акрамя вырашэння праблем вяскоўцаў з вулічным асвятленнем за бягучы год падключана 59 карыстальнікаў, выдадзена 78 тэхнічных умоў, выканана 57 электрафізічных вымярэнняў, 43 электрамантажы. Пры іх правядзенні зладжана працуюць брыгадзір Дзмітрый Анатольевіч Прашкевіч, электраманцёр Мікалай Дзмітрыевіч Каралькоў. Нават вадзіцель Алег Мікалаевіч Апёнак, які адказвае за мабільнасць брыгады “аднаго акна”, з’яўляецца па сумяшчальніцтве і электраманцёрам, таму займаецца не толькі дастаўкай калег да месца выканання работ, але і дапамагае ім.

Службу “адно акно” ў раёне электрасетак стварылі дзевяць год таму, і В.А.Брэнько працуе ў ёй з моманту заснавання, пачынаў электраманцёрам.

– У апошні час шмат дачнікаў звяртаецца за нашымі паслугамі, – расказвае аб спецыфіцы дзейнасці майстар. – Усе работы па падводзе электрычнасці да новабудоўляў на аўкцыённых участках выканалі мы. Задача гэта бывае няпростай і залежыць ад характару мясцовасці, аддаленасці збудаванняў ад лініі – дзесьці і не адну апору дадатковую прыходзіцца ўстанаўліваць. У такіх выпадках для аператыўнасці кіраўніцтва арганізацыі выдзяляе нам дадаткова людзей і тэхніку. І калі вулічным асвятленнем займаемся выключна на сяле, то падключэннем, мантажом абсталявання – і ў гарадскім пасёлку, напрыклад, на новай вуліцы Лабанка. Адзначу, што мы прыносім у дамы людзей не толькі святло і цяпло, як часта вобразна любяць пісаць пра нас у газетах. Бывае наадварот – цемру і холад. Гаворка ідзе пра тыя выпадкі, калі прыходзіцца “адразаць” ад энергазабеспячэння даўжнікоў.

Брыгада абслугоўвае звыш 1300 ліхтароў вулічнага асвятлення. На дагаворнай аснове супрацоўнічаюць непасрэдна з сельвыканкамамі. Ад іх старшынь атрымліваюць сігнал аб непаладках – і брыгада выязджае на месца, чакаць рамонтнікаў доўга не прыходзіцца. У цёплую пару года звяртаюцца, як правіла, радзей: светлавы дзень дастаткова вялікі, ліхтары амаль не выкарыстоўваюцца ці нават зусім адключаны, значыць і рызыка паломак зніжаецца. Калі не гарыць адзін ліхтар – хутчэй за ўсё выйшла са строю лямпачка ці пускавая апаратура, калі без асвятлення засталася вуліца – зламаліся таймеры, так званыя рэле часу. Але часцей за ўсё брыгада мяняе лямпачкі. Тэрмін іх эксплуатацыі можа дасягаць і двух гадоў, але гэта толькі па інструкцыі, на самой жа справе далёка не кожная дажывае да такога ўзросту.

Давялося прысутнічаць на выездзе брыгады ў Лутава Ушацкага сельсавета. Час асвятлення ў вёсках неаднолькавы і залежыць ад патрэб жыхароў – прыходзіцца пераналаджваць рэле. У Лутаве члены брыгады справіліся з гэтым літаральна за некалькі хвілін і адразу накіраваліся ў Ліпавец – там ужо задача была складаней – патрабавалася замена абсталявання. Расказвалі мужчыны, што за дзень даводзіцца і больш сотні кіламетраў праязджаць, калі працуюць на тэрыторыі розных сельсаветаў.

Яны ажыццяўляюць у тым ліку і кантроль за законным спажываннем электраэнергіі, пры неабходнасці могуць падмяніць калег і працуюць у складзе лінейных брыгад. Для гэтых работнікаў любое домаўладанне – электраўстаноўка, яны ніколі не назавуць слупам апору лініі электраперадачы. Прафесійна падкаваныя, адказныя і працавітыя члены брыгады самі з’яўляюцца надзейнай апорай прадпрыемства.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.

на здымку: Д.Прашкевіч, А.Апёнак, М.Каралькоў, В.Брэнько.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *