Ушачские школьники побывали на главной ёлке страны, а также приняли участие в новогоднем празднике в областном центре

Наши дети

Напярэдадні навагодніх святаў галоўная ёлка сабрала маленькіх беларусаў з усіх куточкаў нашай краіны. У Палацы Рэспублікі больш за дзве тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак 24 снежня акунуліся ў чароўную атмасферу свята.

Трапіць на навагодні баль сёлета пашчасціла і юным ушачанам – Марыі Лукашэвіч з Ушацкай школы, Алёне Асташонак з Арэхаўскай і Дзіяне Герцык з Вяркудскай. Што там цукеркі, цацкі, кніжкі пад ёлкай – дзяўчынкі атрымалі, напэўна, самы запамінальны падарунак у жыцці.

– Ніколі не забуду гэтыя два дні, – расказвае Маша. – З Ушач мы накіраваліся ў Лепель, дзе збіраліся прадстаўнікі з Віцебскай вобласці. Там нас размеркавалі па трох вялікіх аўтобусах – пачалося цікавае падарожжа, насычанае новымі знаёмствамі, яркімі эмоцыямі. Увесь гэты час праляцеў як адно імгненне. Першы вечар у сталіцы мы правялі ў цырку, дзе паглядзелі прадстаўленне “Вогненная каралева і новыя прыгоды Кая і Герды”. Ну а ўражанні, якія мы атрымалі, калі прыехалі на наступны дзень у Палац Рэспублікі, нават цяжка апісаць: настолькі шыкоўнымі былі залы, дэкарацыі і сама галоўная ёлка краіны.

– Трапіць на гэтае свята было няпроста, – расказвае сямікласніца Дзіяна. – Да гэтага я імкнулася на працягу ўсёй вучобы: актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці школы, перамагала ў раённых алімпіядах і творчых конкурсах, станавілася дыпламантам абласной канферэнцыі па біялогіі. Усё гэта дало плён. Уражанняў ад навагодняга шоу атрымала шмат. Тым больш што раздзяліць з намі святочны настрой прыйшоў сам Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Яго выступленне натхніла нас на новыя дасягненні, мы адчулі сябе маленькімі грамадзянамі вялікай краіны, ад якіх залежыць яе будучыня. “Імкніцеся развіваць таленты і здольнасці, пераадольваць цяжкасці. Бо вялікія перамогі складаюцца менавіта з маленькіх дасягненняў,” –  гэтыя словы кіраўніка дзяржавы, напэўна, стануць дэвізам для многіх школьнікаў і для мяне ў прыватнасці.

У гэты дзень дзеці сталі гледачамі незвычайнай святочнай гісторыі “Віртуальны Новы год” з прыгодамі, жартамі, вясёлымі песнямі, танцамі, ну і, канечне ж, з Дзедам Марозам. Пакідалі Палац Рэспублікі хлопчыкі і дзяўчынкі з самымі ўзнёслымі эмоцыямі і падарункамі, якія будуць нагадваць пра гэтую паездку.

* * *

Цікавыя прыгоды, сустрэча з цудам чакалі сёлета і ўдзельнікаў абласнога дабрачыннага навагодняга свята. Галоўная ёлка рэгіёна сабрала 29 снежня ў канцэртнай зале “Віцебск” каля тысячы школьнікаў, у тым ліку 23 прадстаўнікі Ушаччыны. Сярод іх – выдатнікі вучобы, актывісты, пераможцы конкурсаў, прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі цёплыя віншаванні ад прадстаўнікоў абласной улады, прагледзелі інтэрактыўны мюзікл “Чараўніцтва краіны Оз”, прынялі ўдзел у разнастайных гульнях і конкурсах. Вядома, не абышлося ў гэты дзень без падарункаў.

За магчымасць пабываць на свяце, дакрануцца да падоранай казкі ўшацкія школьнікі аднагалосна паабяцалі і далей старанна вучыцца, радаваць сваіх бацькоў, настаўнікаў, апраўдваць давер землякоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Галоўная ёлка краіны – кульмінацыя штогадовай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая прадоўжыцца да сярэдзіны студзеня. Зрэшты, канікул у марафоне святочных спектакляў не будзе – плануецца, што такія мерапрыемствы наведаюць каля 70 тысяч дзяцей з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *