«Человек Года Витебщины-2014» Татьяна Михайловна Малак — активистка и просто сильная женщина

Ими гордятся

Экстраверт па натуры, Таццяна Міхайлаўна Малак заўсёды на людзях, у руху і пры справе. Нават калі б запланаванага не было…, але які сэнс гаварыць аб нерэальным. Хоць і паўтарае сабе Чалавек года Віцебшчыны, што трэба перайсці на больш павольны рытм жыцця, назаўтра ён зноў паскараецца, а ў галаве з’яўляюцца новыя задумы. Вось і на інтэрв’ю Таццяна Міхайлаўна прыйшла, узброеная часопісамі, календаром, вытрымкамі з дакладаў. Былы работнік культуры добра ведае, што лепшая імправізацыя – гэта загадзя падрыхтаваны сцэнарый.

– Таццяна Міхайлаўна, лічу, што характар чалавека не падменіш і такой рухомай і дзейснай Вы былі з дзяцінства.

– Так, колькі сябе памятаю, была лідарам. На першай школьнай лінейцы ў Арэхаўне ўжо чытала верш, ва Ушацкай школе была камсоргам класа і адказвала за сектар культурна-масавай работы, падчас узначальвання Арэхаўскага клуба на нашай базе праходзіла шмат раённых і абласных семінараў…

– Высокае званне “Чалавек года Віцебшчыны” Вы атрымалі як старшыня раённай арганізацыі “Беларускага фонду міру” – адной з лепшых як у вобласці, так і краіне. Мне здаецца, што такія ж вынікі былі, калі б Вы ўзначалілі любое іншае грамадскае аб’яднанне.

– Магчыма, паколькі прывыкла да ўсяго ставіцца вельмі адказна. Аднак фонд міру – гэта блізка мне і кожнаму з ушачан дзякуючы ўнутраным патрыятычным пачуццям. Напэўна менавіта тое, што кожная сям’я памятае блакаду і страту родных, у нас самыя вялікія ахвяраванні на справы фонду – 6325 рублёў на кожнага жыхара раёна – гэта лепшы паказчык Віцебшчыны, тады як у астатніх раёнах пераважна 300-1000 рублёў і толькі на Расоншчыне, дзе таксама быў моцна развіты партызанскі рух, па 5304.

– У гэтым, канечне, і Ваша заслуга.

– Пад ляжачы камень вада не цячэ. Шукаю падыход да кожнага, задзейнічаю ўсе рэзервы, дапамагаюць здольнасці псіхолага. Дзе даводзіцца і пераконваць, гутарыць, а дзе дастаткова толькі агучыць просьбу. Уразіла пажылая жыхарка Акуліна Надзея Фадзееўна Аваднёва – абышла ўсіх аднавяскоўцаў, праз паштальёна перадала грошы, і такія пераважна ўсе сталыя людзі, якія ведаюць, што такое вайна. З ідэолагамі арганізацый і старшынямі ветэранскіх пярвічак трымаю вельмі цесную сувязь і работу з фондам міру яны лічаць адным з напрамкаў дзейнасці. Няма і такога прэцэдэнту ў краіне, каб старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў пералічылі ў фонд па мільёне рублёў, як нашы, а прыклад, пагадзіцеся, вельмі вялікая справа.

– Людзі ахвотна ахвяруюць сродкі, бо ведаюць, што ідуць яны на рэальныя справы?

– Гэта таксама так, у нас у фондзе наогул вельмі дакладная бухгалтэрыя, хоць і даводзіцца праводзіць шмат папер, аднак усё празрыста і праз газету расказваем ушачанам, на што патрачаны грошы. Кожны год мы ўвекавечвалі памяць – устанаўлівалі помнікі на месцы брацкіх магіл. Пастаянна падтрымліваем сувенірамі і арганізацыяй мерапрыемстваў ветэранаў, экскурсіямі па знакамітых мясцінах нашых памочнікаў, летась на базе раёна правялі абласны семінар “Вайна. Перамога. Памяць”, адной з мэт якога была больш шырокая прапаганда мемарыяла “Прарыў”, неабходнасці рэканструкцыі і збор сродкаў на гэтыя мэты з раённых аддзяленняў вобласці.

– Складваецца ўражанне, што займацца справамі фонду міру больш актыўна Вы пачалі менавіта пасля выхаду на заслужаны адпачынак.

– Не, проста стаў бачны плён планамернай паступовай работы. Актыўна ж працаваць пачала з першага дня, добра памятаю, як вярнулася з абласной канферэнцыі ў 2000 годзе, дзе ў нас былі лічы што нулявыя пазіцыі, узлавалася – чым мы горш? – пачала планаваць работу. Праз год нас ужо адзначалі як чацвёртых у вобласці і шостых па краіне. У нас, напрыклад, з першых дзён дзейнічае акцыя “Пенсіянеры раёна – фонду міру”, чаго няма ў многіх раёнах і да гэтага дня. А гэта значыць, што заставалася неахопленай такая вялікая армія ўшачан, як пенсіянеры. Дарэчы, з 90 мільёнаў, сабраных сёлета, 22 – гэта іх удзел. Знайшоў свой працяг і праект “Ты загінуў на вайне – мы захоўваем памяць аб табе”, для нас, дзе да гэтага часу столькі безымянных магіл – гэта актуальна. Штогод з’яўляюцца новыя планы.

– Таццяна Міхайлаўна, у Вашай працоўнай кніжцы толькі адзін запіс – раённы аддзел культуры. Вы заўсёды ўпэўнена трымаецеся на людзях, добра выступаеце на роднай мове, гэта вынік шматгадовай работы ці прызванне?

– Выступаць мне сапраўды даводзілася часта, паколькі я са снежня 1972 года стала працаваць загадчыцай Арэхаўскага клуба і сама праводзіла ўсе мерапрыемствы, а з 1984 года – загадчыцай раённага аддзела культуры. Прывыкаеш, хоць хвалюешся заўсёды. А сцэнічную дзейнасць пачала яшчэ ў дашкольным узросце. Маці працавала выхавацелем у дзіцячым доме і я ўдзельнічала ва ўсіх ранішніках. Адтуль, напэўна, і развітае пачуццё калектывізму, адказнасці, сяброўства. Мову ж проста люблю, лічу, што культработнік і павінен быць носьбітам роднай культуры. Таму лічу культуру прызваннем.

– Вы на заслужаным адпачынку не толькі займаецеся грамадскай работай, якая адымае вельмі многа часу, аднак і стварылі аграэкасядзібу. Прывычка напружанага рытму?

– Мабыць і так, перад выхадам на пенсію ў кожным аграгарадку будавалі, адкрывалі аб’екты, таму і без боязі ўзялася за аднаўленне бацькаўшчыны. Але галоўнае  – не хацелася бачыць яе запусцення, люблю, каб быў парадак, камфорт, утульнасць. Я не ўпэўнена, што турызмам некалі акупяцца сродкі, якія туды ўкладзены, пакуль што не прынялі ніводнага адпачываючага, хоць усё гатова і не шкадую аб гэтай спробе.

– Вы заўсёды трымалі марку – касцюм, прычоска, хоць пастаянна пражылі на вёсцы і не адмаўляліся ад яе ўкладу.

– На сябе выкройвала час зноў жа з сябе – вяду няправільны лад жыцця: позна кладуся і рана падымаюся. Зараз не так, а калі працавала, раслі дзеці, трымалі агарод і падсобную гаспадарку – не хапала ні рук, ні часу. Зараз разумею, што нельга так сябе заганяць. Шкодзіла і дрэнная звычка характару – не давяраць і ўсе рабіць самой, быццам хатнія зробяць не так. Аднак і цяпер трымаю курэй, а летам і бройлераў на мяса, у нас выдатны сад, а грушы, якія муж прывіваў сам, захоўваюцца да красавіка, закатваю безліч салянак, кампотаў, марынадаў.

– Не хочацца пра балючае, аднак Вы перажылі самае страшнае гора – пахавалі сына, і не страцілі інтарэс да жыцця, больш таго, застаецеся прыкладам для многіх маці, якія перажываюць падобнае.

– Мне неаднойчы гэта казалі, хоць трымала не грамадская ацэнка, хацелася, каб сынуля з нябёсаў не расчараваўся ў бацьках. Мы з мужам моцна падтрымлівалі адзін аднаго, я наогул імкнулася не заставацца адной ні на хвіліну – ратавала работа, людзі і разуменне, што не табе аднаму Бог даў такое выпрабаванне. Перапісваліся з бацькамі, я і зараз перачытваю час ад часу гэтыя лісты. І, напэўна, усё ж я проста вельмі моцная, раз 16 год нясу гэты крыж.

– Што прыносіць сапраўдную асалоду для душы?

–Люблю прыроду, усю навакольную прыгажосць, квецень садоў і красак, люблю працаваць на зямлі, эксперыментаваць з сартамі і відамі, новымі рэцэптамі нарыхтовак, таму хачу пажыць, каб усім гэтым няспешна налюбавацца. Люблю чытаць. Люблю жыць насычана і быць у гушчыні падзей. Зараз прымала удзел у конкурсе часопіса “Гаспадыня” “Жыццё поўнай лыжкай” – гэта, напэўна, маё жыццёвае крэда. Таму мяркую ажыццявіць яшчэ не адзін праект раённай арганізацыі фонду міру, а іх шмат.

– Няхай у Вас хапае на гэта сіл.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *