В Ушачской школе в первую субботу февраля как обычно собралось много выпускников

Общество

Шостага лютага. Першая субота месяца. Традыцыйны збор выпускнікоў ва ўсіх школах краіны. У нашай жа Ушацкай актавая зала зноў не змагла ўмясціць не толькі ўсіх прыйшоўшых гасцей, а нават і выпускнікоў юбілейных гадоў. У гэтай традыцыі збірацца разам нам не перашкаджае ні адлегласць, ні надвор’е, ні нават пік рэспіраторных захворванняў.

Будуецца праграма вечара, канечне, на ўспамінах выпускнікоў юбілейных гадоў, а сёлета былі прадстаўнікі практычна ўсіх, пачынаючы з 1956. Соф’я Іванаўна Пугачова (Дзіваноўская) і Клаўдзія Васільеўна Іванова (Санько), праўда, былі ў гэты раз адзінымі прадстаўнікамі таго дружнага і вядомага выпуску, які дзесяць год таму нават арганізоўваў раённае свята, асобны вечар сустрэчы на сцэне РДК. Гэта іх пасляваеннае пакаленне ставіла разам з Генадзем Гарбукам тэатралізаваныя пастаноўкі і выпускала разам з Рыгорам Барадуліным літаратурныя альманахі, Соф’я Іванаўна, дарэчы, была членам рэдкалегіі.

Вельмі дружным быў і выпуск 1966 года. Гэта яго прадстаўнік, ваенны спецыяліст Ягор Іванавіч Міхейка прыязджаў з Далёкага Усходу не толькі на свае юбілейныя, а на ўсе вечары сустрэчы школы. Сёлета не змог, але прыслаў віншавальную тэлеграму, як і Ала Вярхоўская з Днепрапятроўска. Аднакласнікі нашага былога калегі Рыгора Гладышава былыя супрацоўнікі міліцыі Пётр Піткевіч, Ала Кавалёва заўсёды заходзілі ў рэдакцыю. Ала Фёдараўна і збірала сёлета сваіх аднакласнікаў, усе яны – акрамя названых гэта яшчэ Іван Сісковіч, Вольга Пальвінская, Вера Корабава, сямейныя пары Федарэнкаў і Жалейкаў – падняліся на сцэну.

Калі ж выйшлі “саракоўнікі” – на ёй не засталося месца. Гэта быў самы вялікі юбілейны збор, нягледзячы на салідны адрэзак дарослага часу. Сакрэт тут, дарэчы, нават не ў тым, што сабраліся ўсе да адзінага – далёка не. Проста выпуск 1976 года быў самым вялікім у гісторыі школы – 226 вучняў атрымалі ў той год атэстаты аб сярэдняй адукацыі, а ў паралелі было ажно сем класаў – ад “А” да “Ж”. Хоць і вучыліся яны выключна ў старой школе (новая будзе здадзена на наступны год), а тым не менш загадзя прыйшлі на мерапрыемства, як і старэйшыя за іх на 5 гадоў выпускнікі, каб з цікаўнасцю пахадзіць па паверхах невядомага ім будынка. На сцэне ж будуць прадстаўнікі некалькіх класаў. Вольга Жукава і Тамара Ксянджук спяюць равеснікам і ўсім сабраўшымся вядомую шчымлівую песню. А Людміла Кучаронак з Санкт­Пецярбурга падзякуе школе за трывалыя веды, якія далі ёй магчымасць абраць прафесію настаўніка пачатковых класаў. Любоў жа да свайго першага педагога яны захавалі на ўсё жыццё і адразу пасля мерапрыемства былы 10 “В” рушыў да Ганны Іванаўны Карабань, якую расчулілі да слёз.

Няма, на жаль, іх класнага кіраўніка Тамары Ільінічны Калеснік, няма многіх настаўнікаў, прыгадваць якіх, дзякаваць якім – такая ж светлая традыцыя, якая не згасне ніколі. Так і настаўніца з Шуміліна Надзея Сямёнаўна Кучаронак 1971 года выпуску, якая ўсё жыццё адпрацавала ў вясковай школе, прыгадвала, што спатрэбіліся ёй не толькі атрыманыя ад Серафімы Мікалаеўны Голубевай веды па хіміі, якую выкладала, аднак і па нямецкай мове, што даводзілася весці з­за адсутнасці настаўнікаў.

А вось выпускнікі 2006 года выдатна ведаюць, што і зараз у нашай школе ўсё добра з выкладаннем замежнай мовы, і ганарацца за поспехі сённяшняга вучня Паўла Гардзіёнка. А руска­нямецкія слоўнікі яны падарылі ў кабінет не толькі для таго, каб працягвалася традыцыя, а таму, што аднакласнікаў Ганны Елісеевай (арганізатара збору) з былога фізіка­матэматычнага выпускала ў свет Марына Анатольеўна Званкова. Выпускніца гэтага года Кацярына Шарыпа спявала 10 год таму на развітальным вечары, выйшла яна на сцэну з мікрафонам і ў гэты дзень.

Адразу два юбілейных выпускі было на вечары ў Таццяны Робертаўны Пугачовай – 1991­га і 1996­га гадоў. Яны сабраліся таксама вялікімі кампаніямі. Першыя (Алена Бараноўская, Васіль Варанько, Сяргей Васьковіч, Ірына Пальвінская, Сяргей Рэентовіч, Васіль Леснічэнка і многія іншыя) зрабілі прэзентацыю са сваіх школьных гадоў, падарылі школе спартыўныя мячы і дартс. Цікава, што апошнія два і працуюць зараз у адной арганізацыі – у аблгазе.

Многа было прыезджых і сярод тых, хто пакінуў школу 20 гадоў таму: Марыя Рудасава, Саша Лявонаў, Уладзімір Мялешка (прыехаў, дарэчы, з Кіпра), Марына Самсонава і чэмпіёнка свету па самба Алена Карэйша.

Для бацькі і цёткі – Мікалая і Валянціны, а таксама іх аднакласнікаў з былога 10 “Б” 1981 года выпуску спявала ў гэты дзень Аксана Бабаедава. Сабраўшая іх Ларыса Полазава (Клопава) разам са школьнымі сябрамі прыгадваюць не толькі класнага кіраўніка Сцяпана Пятровіча Ануя, але і тую школу жыцця, якой ён вучыў іх акрамя музыкі. А Т.І.Калеснік давала веды не толькі па фізіцы, але, напрыклад, як хутка і якасна выбіраць бульбу.

Вечар сустрэчы – яшчэ і вечар успамінаў, былыя аднакласнікі прыгадваюць за гэты час вельмі і вельмі многа са школьных часоў – самых лепшых, самых цікавых.

Выйшаў на сцэну і самы малады юбілейны выпуск – “А” клас 2011 года, былы развіваючы клас Наталлі Анатольеўны Шарыпы і Ларысы Аляксандраўны Корабавай і сёлетнія выпускнікі ВНУ. Для іх, а таксама сваіх аднагодак, што толькі што пакінулі сцены школы, і спявала ў гэты дзень Алена Лышко. Наогул ўсе госці вечара адзначылі прадуманую, невыпадковую музычную праграму – звязку пакаленняў. І, канечне, вельмі насычанай атрымалася асноўная частка дзякуючы як арганізатарам, якія загадзя звязваліся з прадстаўнікамі юбілейных выпускаў, так і самім выпускнікам, якія прыехалі, прыйшлі. І, вядома ж, не пашкадавалі. Шкадуе заўсёды толькі той, хто чамусьці паддаўся ляноце. Вечар жа – адно імгненне, якое не паўторыцца, як і школьныя гады.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “В Ушачской школе в первую субботу февраля как обычно собралось много выпускников

  1. Хороший, светлый день, наверное, для каждого. Хочется встретиться, поговорить, повспоминать… Только вот в нашем ресторане этого не получится. Музыка и певцы орут так, что потом очень долго ничего не слышишь. Ни о каком общении даже и речи быть не может! Зайдите в городе в любой ресторан — тихая фоновая музыка, можно посидеть, отдохнуть, поговорить. Разве нельзя этих орущих горе-музыкантов «поселить» в фойе на втором этаже. Кто хочет, может выйти, потанцевать, покривляться, покричать, наконец. А народ может поговорить спокойно, вспомнить школу, учителей… Жалко, что у нас так и не получилось поговорить…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *