Гэта вайна зрабіла няшчаснымі тысячы матуль, а магла зрабіць яшчэ больш. Калі выконваць інтэрнацыянальны доўг у Афганістан накіраваліся старэйшы сын і зяць, Тамара Уласаўна Андрыковіч ужо была сівой. Нібы снег лёг на галаву жанчыны яшчэ раней, бо на пачатку васьмідзясятых два гады чакала “з-за рэчкі” меншага сына. “Дорага каштавала мая служба для маці, – успамінае Уладзімір Андрыковіч. – I гэта не ведаючы аб тым, што я быў там паранены. Я, наогул, не хацеў, каб яна ведала, дзе служу, ды толькі сэрца матчына не спадманеш, даведалася. Сям’і нашай пашчасціла, бо мы ўсе ўтрох вярнуліся…”.
Уладзімір Якаўлевіч гартае свежую кнігу “У цяснінах памяці. Лепельчане, удзельнікі вайны ў Афганістане 1979-1989 гг.”, выдадзеную ў мінулым годзе. Тут змешчаны аўтабіяграфічныя звесткі і даныя пра яго, бо прызываўся хлопец Лепельскім райваенкаматам. Да гэтага ў 1980 годзе скончыў Дубраўскую школу і накіраваўся бліжэй да родных, на Лепельшчыну – старэйшыя брат і сястра ў гэты час жылі ў Бароўцы і Валодзя ўладкаваўся на працу ў мясцовы санаторый Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. Перад тэрміновай службай, як і многія яго равеснікі, ад ДТСААФ скончыў курсы вадзіцеляў. Павестку на рукі ён атрымаў 27 сакавіка, а праз два дні транзітам праз Віцебск трапіў у Мар’іну Горку, дзе быў створаны эшалон колькасцю 1700 чалавек і накіраваны ў вучэбку Тэрмеза – тут рыхтавацца да выканання інтэрнацыянальнага доўгу пакінулі дзве трэціх навабранцаў. 9 мая 1982 года механік-вадзіцель прыняў прысягу і амаль праз месяц 8 чэрвеня, з Ашхабада вылецеў у сталіцу Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан.
Дзве гадзіны чакання ў аэрапорце Кабула, дзе размяшчалася мноства часцей абмежаванага кантынгенту савецкіх войск, вырашылі далейшы лёс.
– Сядзелі, чакалі “купцоў”, – успамінае Уладзімір Якаўлевіч. – Калі паступіла каманда строіцца, я забыўся рэчавы мяшок. Пакуль вяртаўся назад, амаль усіх хлопцаў разабралі, нікога не засталося. Палкоўнік спытаў: “Дзе ходзіш, баец?” Я растлумачыў, ён усміхнуўся: “Значыць, пойдзеш да мяне ў дэсантна-штурмавую брыгаду!”
Калі хлопцы, на змену якім прыехалі маладыя байцы, пакідалі часць, У.Андрыковіч на ўсё жыццё запомніў словы аднаго:
– Развітваліся, ён аддаў мне свой аўтамат і раптам са слязьмі на вачах сказаў: “Загадваць не маю права, але ўсё ж: дамоў вярніся жывым!”
Калі ўпершыню трапілі пад абстрэл, зразумеў значэнне гэтых слоў. Уладзімір Якаўлевіч здзейсніў дзевяць баявых выхадаў – хадзілі ў рэйды, зачысткі. Не пустыя словы для яго дзяліць скарынку хлеба напалову з сябрам – даводзілася абедаць адным сухаром на дваіх, бо з сабой бралі мінімум прадуктаў, а асноўны груз складаў боекамплект – патроны, гранаты. Між тым верталётаў для папаўнення запасаў харчавання даводзілася чакаць тыднямі.
– На базе знаходзіліся сама болей 10 дзён, – расказвае аб баявых буднях воін-інтэрнацыяналіст. – Цікава, што калі выходзілі на зачыстку мясцовасці ад банд, амаль не сустракалі мірнае насельніцтва, кішлакі пусцелі. Незразумела адкуль, але яны заўсёды ведалі, што мы ідзём.
Ведалі аб гэтым і бандыты. Бывала такое, што і на паўдарозе да кропкі прызначэння пачыналіся абстрэлы. Ад базы адыходзілі і на 150 кіламетраў у Джэлалабадскую цясніну, часцей у бок Баграма, сустракалі караваны баевікоў з боку Пакістана. Ніводнага рэйду не абыходзілася без страт. За два гады службы з 40 чалавек прызыву Уладзіміра Якаўлевіча на дэмабілізацыю з роты адыходзіла толькі трынаццаць чалавек – астатнія або загінулі, або былі камісаваны пасля раненняў. Воінінтэрнацыяналіст з болем успамінае загінуўшых таварышаў:
– Да гор даязджаеш – унізе застаюцца наводчыкі, карэкціроўшчыкі агню, артылерысты, ды і многія афіцэры не асабліва імкнуліся падымацца насустрач маджахедам, чаго ўтойваць, было і такое. Вельмі паважалі маладога лейтэнанта Эйдзіна, які заўсёды быў побач з байцамі роты, пераадольваў з намі і горныя кручы, і глыбокія цясніны. Старэй за байцоў лейтэнант быў толькі на трычатыры гады, бо ў Афганістан трапіў амаль адразу пасля заканчэння ваеннага вучылішча. Таму і неслі яго салдаты пасля ранення 15 кіламетраў на руках, рызыкуючы жыццём і адстрэльваючыся ад бандытаў.
Тады, 8 верасня 1981 года, падчас другога баявога выхаду быў паранены і сам Уладзімір Якаўлевіч, і яго сябар, якога, па словах воінаафганца, “можна сустрэць толькі на вайне”. Міхаіл Уласаў зараз жыве ў Маскве, але пасля раненняў іх шляхі разышліся:
– У Мішы былі прабітыя лёгкае, печань і яго камісавалі. Я атрымаў кантузію і ў жывот асколак міны, які засеў у страўніку: пасля аперацыі, трох месяцаў лячэння ў цэнтральным шпіталі Кабула і месяца водпуску ў роднай Дубраўцы вярнуўся ў сваю часць.
Калі на ліквідацыю караванаў выходзілі ротай ці нават групамі па 3040 чалавек, то на зачысткі раёнаў, дзе гаспадарылі банды маджахедаў, адпраўлялася ўся брыгада дэсантнікаў, узмоцненая пяхотай, артылерыяй, незаменныя былі і верталёты, штурмавая авіяцыя. Запомніўся Уладзіміру Якаўлевічу адзін выпадак, калі іх калону абстралялі са здавалася б пустога кішлака. Тады ў бой уступіла сістэма залпавага агню “Град” – за лічаныя імгненні сем тон смертаноснага металу з сарака ствалоў ператварылі кішлак у пустынныя каменныя разваліны.
– Першы год службы нас абстрэльваюць, а мы не маем права адкрыць агонь у адказ, – расказвае У.Андрыковіч. – Пакуль камандзір дасць запыт у ваенную акругу, там атрымаюць дазвол з Масквы, маджахеды “раствараліся” сярод скал, а мы заставаліся з забітымі і параненымі таварышамі на руках. Сітуацыя змянілася у 1983 годзе, калі быў атрыманы дазвол на выстрал адказваць выстралам.
Не ўтойвае мужчына, што бывала траплялі пад уласныя абстрэлы, ды і небаявыя страты таксама складалі значную частку ад агульных. Няшчасныя выпадкі здараліся і на базе – у палатцы батарэі гукавой разведкі ноччу згарэла некалькі чалавек: ля буржуек ставілі на ноч “качагарам” маладога, каб потым з сабой не браць у рэйд, а ён заснуў. “Дзедаўшчына” была наадварот звыкламу паняццю: ва ўмовах баявых дзеянняў вопытныя байцы дапамагалі маладым.
Многія хварэлі цяжкай формай гепатыту – вады практычна не было. Можна, канечне, было ўзяць у арыку, але гэта суправаджалася вялікай рызыкай. Таму кіпяцілі ваду ў палявых кухнях, дабаўлялі вярблюджую калючку і пілі як чай.
Не так страшная была спёка, нават і за 50 градусаў, як афганская зіма. Падчас яе дзённыя тэмпературы даходзілі да плюс 25-30 градусаў, затое ноччу апускаліся ніжэй мінус дзесяці.
Небяспекі можна было чакаць і ад мясцовых жыхароў. Напрыклад, “бача”, хлопчык 10 гадоў, прадае апельсіны, якія могуць аказацца і атручанымі, і разам з тым з вінтоўкі з трыццаці метраў трапляе ў пяцікапеечную манету.
– Нам наогул забаранялася браць штонебудзь у мясцовага насельніцтва, – кажа Уладзімір Якаўлевіч. – Але таджыкі з імі размаўлялі – блізкія мовы, культура. Быў выпадак: з узлятаючага самалёта ракета звалілася ў жылы квартал Кабула і мы пайшлі яе шукаць – якім жа было здзіўленне, калі знайшлі нашага “прапаўшага без вестак” таварыша. Ён адпусціў бараду, ажаніўся з мясцовай жанчынай. Аб тым, што потым з ім было, расказваць не хачу…
Ён многае не хоча ўспамінаць, нават і пасля службы. З 10 рэйда радавога Уладзіміра Андрыковіча перад ад’ездам знялі можна сказаць з брані 23 красавіка 1983 года, але ў Афганістане яму давялося затрымацца – было нялётнае надвор’е і ў Ашхабад Уладзімір прыляцеў толькі праз чатыры дні. Адтуль зноў самалётам на Маскву і цягніком на радзіму. У Бароўку Уладзімір вярнуўся на Першамай, але сястра з братам паехалі да бацькоў і, узяўшы таксі, ён памчаў у родную вёску. “Вось так атрымалася, што мяне не чакалі, а сталы былі накрыты”, – з усмешкай прыгадвае воін-інтэрнацыяналіст.
Пасля дэмабілізацыі ён шукаў па начах аўтамат, “хадзіў у атаку”, таму, каб не траўміраваць бацькоў, паехаў на некалькі год у Сібір, але з цягам часу вярнуўся на радзіму. Зараз Уладзімір Якаўлевіч працуе вадзіцелем аўтабазы райспажыўтаварыства, а за гады жыцця быў і будаўніком, і прыватным прадпрымальнікам. Але дзе б ні ўладкоўваўся і як бы ні складвалася жыццё, заўсёды быў адным з актывістаў раённай арганізацыі воінаўафганцаў, а той факт, што да гэтага часу пра яго ні разу не пісалі ў прэсе, сціпла патлумачыў: “Асабліва не настойвалі, а сам я не хачу лішні раз успамінаць, бо хоць і не так, як раней, але і праз 33 гады я ноччу бывае “іду ў атаку” і прачынаюся з пачуццём кіслага смаку вады з вярблюджай калючкай”.
Дзмітрый Раманоўскі.