Подарки для любимых мам и бабушек участницы объединения «Фитодизайн и флористика» Районного центра детей и молодёжи сделали своими руками

Наши дети

Напярэдадні свята многія з нас заклапочаны думкамі, што падарыць сваім дарагім жанчынам. А вось у дзяўчат з аб’яднання па інтарэсах “Фітадызайн і фларыстыка” раённага цэнтра дзяцей і моладзі такой праблемы няма. Падарункі для сваіх матуль і бабуль яны пачалі рыхтаваць ужо за месяц да свята – прыдумвалі ідэі вырабаў, падбіралі матэрыялы. У выніку атрымаліся арыгінальныя і эксклюзіўныя сувеніры, у якія ўкладзена майстэрства іх маленькіх, але ўжо дастаткова ўмелых рук, і пяшчота любячых сэрцаў.

“Васьмёрку” з зерня кавы змайстравала для матулі Злата Стэльмах. Віка Гулюта і Віка Чэпулёнак парадавалі мам прыгожымі тапіарыямі з сізаля: вырабы з валакна лістоў расліны агава – вельмі модная зараз тэхніка, і дзяўчаты з задавальненнем яе асвойваюць. Ніколі не завяне букет з папяровых кветак, які зрабіла для маці Лера Бурак, ну а Даша Цвяцінская змайстравала цэлую кампазіцыю – чароўны востраў, дзе ёсць і незвычайныя расліны, і нават божыя кароўкі.

А падказвае дзяўчатам ідэі і дапамагае іх увасобіць кіраўнік аб’яднання Любоў Валер’еўна Сенчанка. Пераехаць з Віцебска ў наш райцэнтр пасля заканчэння каледжа дзяўчыну прымусіла каханне: яе абраннік родам з Ушач, і маладая пара зараз жыве ў яго бацькоў. “Мне пашчасціла пачынаць сваю працоўную кар’еру менавіта тут, – расказвае Любоў. – У нас цудоўны калектыў. Я ва ўстанове толькі другі год, але ўжо многаму навучылася ў сваіх больш вопытных калег. Асабліва каштоўныя для мяне парады прызнанага майстра Ганны Аляксандраўны Бабянок”.

У тым жа, што работа з дзецьмі – сапраўднае прызванне маладога спецыяліста, можна ўпэўніцца, паназіраўшы, як хінуцца да свайго педагога дзяўчаткі. Штодня пасля школы яны з задавальненнем ідуць у цэнтр на заняткі гурткоў, бо тут можна не толькі цікава правесці час, але і атрымаць карысныя навыкі, якія спатрэбяцца ў жыцці будучым гаспадыням.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *