Секрет молодости и бодрости Аллы Кузусёнок

Наш современник

Дамовіўшыся пра сустрэчу з Алай Васільеўнай Кузусёнак на 16 сакавіка, калі жанчына адзначала свой 65­-гадовы юбілей, спачатку пашкадавала: завалодаць яе ўвагай надоўга ў гэты дзень было немагчыма – тэлефон амаль не змаўкаў, а ў дзвярах кабінета то і справа з’яўляліся новыя дэлегацыі віншавальнікаў. Але ж хутка ацаніла і плюсы сітуацыі, бо неадмыслова пачула шмат водгукаў, цікавых успамінаў пра гераіню свайго будучага артыкула. А яшчэ ўпэўнілася, як многа людзей яе любяць і цэняць.

“Лічу сябе карэннай ушачанкай”, – зазначае Ала Васільеўна, хоць насамрэч яна немясцовая. Яе бацька­расіянін служыў у Быхаве, там пазнаёміўся з мамай – жыць жа маладыя паехалі ў Кіргізію, дзе і з’явілася на свет Ала. Зрэшты, мясцовы клімат не падышоў дзяўчынцы, таму бабуля забрала яе да сябе ў Жлобін. Пасля заканчэння васьмі класаў Ала разам з сяброўкай падала дакументы ў Рагачоўскае медвучылішча. Нельга сказаць, што выбар прафесіі быў цалкам асэнсаваны, але вучоба на фельчара­акушэра спадабалася і захапіла. Добрыя тэарэтычныя веды вельмі дапамаглі падчас практыкі ў Светлагорску, калі з яе дапамогай з’явіліся на свет 25 малышоў. Самымі ж запамінальнымі сталі першыя роды. Было гэта ў калядную ноч і так сталася, што студэнтка­практыкантка аказалася адзінай акушэркай у аддзяленні. Немаўляці­хлопчык мусіў ісці на свет не галоўкай, а ягадзіцамі, усяго кіло васемсот вагой, таму пры чарговай схватцы маладая акушэрка здолела яго перавярнуць і фактычна выратавала малыша. А праз некалькі хвілін высветлілася, што роды не скончаны і на свет просіцца сястрычка хлопчыка…

Нядзіўна, што пасля гэтых першых прафесійных поспехаў Ала марыла выключна пра працу ў роддоме. Але калі, уступіўшы ў шлюб, пераехала на радзіму мужа ва Ушачы, адпаведных вакансій тут не было. А таму згадзілася папрацаваць з крыху старэйшымі дзеткамі: у ­1973­м годзе ў Градзянцы адкрыўся дзіцячы сад­яслі. Гэта быў невялікі фінскі домік, разлічаны на 25 выхаванцаў, умясцілі ж туды аж 55 малышоў, бо патрэба ў месцах была вострая – ва Ушачах функцыянаваў на той момант толькі стары сад ля касцёла ды яслі побач.

Ала Васільеўна працавала з самымі маленькімі. Паколькі дэкрэт для матуль тады быў непрацяглы, у яслі бралі дзяцей ад 9 месяцаў. Хоць жанчына не мела педагагічнай адукацыі, аднак асвоіла справу настолькі дасканала, што атрымала першую прафесійную катэгорыю, давала адкрытыя заняткі для калег з раёна. Адметна, што яна была адзіным работнікам установы, які адпрацаваў тут увесь час яе існавання аж да закрыцця ў 2006 годзе. “Ніколькі не шкадую, што лёс змяніў мае планы, бо займалася таксама вельмі высакароднай справай. А як прыемна зараз сустракаць сваіх былых выхаванцаў – дарослых, прыгожых, разумных!” – расказвае жанчына. І прыгадвае, што асаблівыя здольнасці многія дзеткі праяўлялі яшчэ ў раннім маленстве. Так, Саша Стуканаў, які зараз працуе ў “Беларусбанку”, адрозніваўся неардынарным мысленнем. Неяк падчас гульні “лятае – не лятае” хлопчык аднёс яблык да “лятаючых” прадметаў і пацвердзіў сваё меркаванне: “А калі ён падае з яблыні – хіба не ляціць?” Добрае лагічнае мысленне было і ў маленькага Віталя Клімашэўскага – яшчэ ў садку ён асвоіў шашкі ды шахматы. З цеплынёй і добрай усмешкай Ала Васільеўна прыгадвае Косцю Кляпца, з якім пазнаёмілася, калі пасля закрыцця сада ў Градзянцы працавала падменным выхавацелем у Кублічах. “Першы наш занятак быў прысвечаны Беларусі, калі ж малышы праслухалі наш гімн, бойкі і аўтарытэтны Косця з захапленнем зазначыў: “А давайце вывучым гэтую песню – яна мне вельмі спадабалася!” Ну як жа адмовіш у такой прапанове – вывучылі і спявалі ўсёй групай штодня…”

Хоць кажуць, што нельга двойчы ўвайсці ў адну раку, аднак з многімі сваімі выхаванцамі Ала Васільеўна сутыкнулася і пазней, калі нечакана для сябе стала працаваць у сферы культуры. На той момант яна паспела выйсці на заслужаны адпачынак і перанесці аперацыю на сэрцы, аднак сядзець без справы было зусім неўласціва яе няўрымслівай натуры. Узначаліць Градзянецкі клуб на час дэкрэтнага водпуску работніцы ёй прапанавала загадчык аддзела культуры Таццяна Міхайлаўна Малак. “Нават дзіву даюся, як яна змагла разгледзець у мяне здольнасці, пра якія я нават сама не здагадвалася!” – з уласцівым ёй пачуццём гумару заўважае А.В.Кузусёнак. Культурнае жыццё ў вёсцы было актыўным: абавязковыя віншаванні ветэранаў вайны і працы, канцэрты і віктарыны, разнастайныя гурткі і нават паходы – у клубе бавілі вольны час школьнікі, студэнты, дарослыя. “Памятаю, як на Каляды апранулі касцюмы і накіраваліся на возера – спявалі, танцавалі, гулялі, ніякіх маразоў не пужаліся!” – расказвае Ала Васільеўна.

Дарэчы, менавіта той перыяд адкрыў у ёй яшчэ адну здольнасць – да дэкаратыўна­прыкладной творчасці. Што толькі ні выраблялі яе гурткоўцы – і карціны са стрыжаных нітак, і фігуркі з цеста, і цэлыя вёскі з запалак… Калі ў 2009 годзе Але Васільеўне прапанавалі ўзначаліць клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”, яна ўзялася за справу з нязменнай адказнасцю і энтузіязмам. Аб’ехала літаральна ўсе вёскі раёна, удакладніла спісы народных майстроў, у якіх зараз каля 250 чалавек, зрабіла здымкі і апісанні іх вырабаў. За час яе кіраўніцтва клуб тройчы паспяхова пацвярджаў званне “народны”. “Ва ўшацкіх майстроў такі выключны патэнцыял, што іх павінны ведаць далёка за межамі раёна!” – гэты свой тэзіс кіраўнік клуба пераўтварае ў жыццё. Нават цяжка падлічыць колькасць выстаў работ майстроў “Адраджэння”, арганізаваных пры яе ўдзеле. Сярод іх як зборныя, так і персанальныя экспазіцыі нашых вядучых творцаў Д.Крупені, Г.Бабянок, У.Бязрукава, сям’і Мурашовых, якія прыводзілі ў захапленне жыхароў розных гарадоў Беларусі.

Ала Васільеўна лічыць сябе шчаслівай, бо акружана выдатнымі творчымі людзьмі. Побач і родныя – дзве дачкі, 3 унукі, а нядаўна нарадзіўся і першы праўнучак, які таксама прыбыў у гэты дзень да Алы Васільеўны, каб абняць яе з нагоды юбілею. Але пачэснае званне “прабабкі” зусім не суадносіцца з выглядам гэтай маладжавай і бадзёрай жанчыны.

Сакрэт жа маладосці яе душы раскрываюць людзі, што знаходзяцца побач. Святлана Муша: “Гэта добры і светлы чалавек, які і іншых зараджае аптымізмам. Калі з раніцы яна зойдзе ў наш кабінет – добры настрой трымаецца ўвесь дзень!” Галіна Рудзёнак: “Ала Васільеўна – вялікі працаголік, маладым варта ў яе павучыцца”. Маргарыта Сазонава (дачка): “А я хачу прывесці словы свайго таты: “Наша мама ўсё робіць на “выдатна”!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *