Автономный пожарный извещатель предупредит вас о пожаре

Cлужба-101

Паклаўшы дваіх малых дзетак спаць, спяшаліся хутчэй прылегчы пасля цяжкога працоўнага дня і Наталля з Мікалаем. Каля чатырох гадзін раніцы іх разбудзіў моцны гук пажарнага апавяшчальніка, які разрываўся ў суседнім пакоі. Памяшканне было моцна задымлена, хоць агонь і не рваўся адкрытым полымем. Узгаранне ўдалося своечасова ліквідаваць без вялікага ўрону. Маленькі прыбор выратаваў ушацкую сям’ю, людзі маглі проста задыхнуцца ў сне, як гэта адбылося з сям’ёй з Асіповіцкага раёна.

Выратаваў больш тысячы чалавек

Як бы скептычна не адносіліся некаторыя да аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, гэта ўсё роўна надзейны спосаб абараніць сябе ад бяды. Гэта незаменны памочнік у выяўленні пажараў на ранняй стадыі, выратаванні чалавечага жыцця і маёмасці. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік рэагуе на любое задымленне і падае моцны гукавы сігнал, пачуць які можа нават чалавек, які спіць. За мінулы год у краіне дзякуючы гэтаму прыбору выратавана больш тысячы чалавек. А ў 96 працэнтах гібелі людзей у агні жылыя дамы і кватэры не былі абсталяваны апавяшчальнікамі.

Як і дзе ўстанавіць

Важна выбраць правільнае месца для ўстаноўкі прыбора. Аптымальная кропка – у цэнтральнай частцы столі з невялікім змяшчэннем у бок вакна ці дзвярэй, дзе адбываецца рух паветраных патокаў. Мацуецца апавяшчальнік да паверхні вельмі проста, з дапамогай шрубаў. Яшчэ больш надзейны варыянт – устаноўка прыбора з вывадам святлогукавога прыстасавання на фасад дома ці лесвічную пляцоўку. Калі сігнал не пачуе яго гаспадар, то пачуюць прахожыя, суседзі. Наглядны прыклад: у Быхаўскім раёне, вытапіўшы печ, гаспадыня адлучылася з дому. У гэты час  там адбылося ўзгаранне. Выратаваць жыллё ўдалося дзякуючы апавяшчальніку са святлогукавым прыстасаваннем, які пачулі суседзі.

Для каго прыбор абавязковы

Устаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў абавязковая ўмова для  ўсіх узводзімых прыватных дамоў і кватэр новабудоўляў. Для астатніх гэта пакуль рэкамендацыя. Але ёсць і выключэнні. Напрыклад, калі сям’я трапіла ў спіс тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Зняць з уліку такую сям’ю ў выпадку выпраўлення можна будзе толькі пры наяўнасці ў домаўладанні пажарнага апавяшчальніка.

Сачыце за спраўнасцю

Ці ёсць у цябе дома пажарны апавяшчальнік? – спытала я нядаўна ў аднаго свайго знаёмага.

Ёсць. У тумбачцы ляжыць, батарэйка ў ім села.

У мяне ёсць прыбор, толькі мы яго знялі са столі, ён не ўпісваецца ў прыгожы інтэр’ер! – зазначыла другая мая знаёмая.

У Правілах жа пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь адзначана, што ўласнік павінен падтрымліваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік у спраўным стане. Асабліва гэта датычыцца тых катэгорый, каму прыбор устаноўлены за дзяржаўныя сродкі. Аб спраўнасці прыбора гаворыць яго міганне.

Дзе купіць?

Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі можна купіць ва ўсіх магазінах райспажыўтаварыства, якія рэалізуюць нехарчовыя тавары. Напрыклад, у магазіне “Гаспадар” кошт на прыбор складае 121 тысячу 400 рублёў. У магазіне “Тэхнамір” райспажыўтаварыства прапануецца некалькі відаў прыбораў, кошт на якія вагаецца ад 123 да 150 тысяч рублёў. У некаторых магазінах маюцца прыборы яшчэ па старой цане, напрыклад, у магазіне ў Старым Сяле на мінулым тыдні ў продажы быў апавяшчальнік  за 97 тысяч рублёў. Таксама набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік прапануюць і ва ўсіх паштовых аддзяленнях. А вось прыбор са святлогукавым устройствам можна знайсці толькі ў “Тэхнаміры” і каштуе ён 318 тысяч рублёў.

Супастаўляць кошт аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка з цаной чалавечага жыцця не мае сэнсу. І адказ на пытанне аб неабходнасці яго набыцця адназначны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *