Во время «прямой линии» с директором УП ЖКХ ушачане активно задавали волнующие вопросы

Зваротная сувязь

Напярэдадні прафесійнага свята камунальнікаў мы вырашылі не рабіць традыцыйнага інтэрв’ю з дырэктарам унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна С.Б.Завадскім, бо пытанні, паступіўшыя на “прамую лінію”, якую Станіслаў Браніслававіч праводзіў на гэтым тыдні з жыхарамі раёна, адлюстроўваюць усю шматгранную дзейнасць вялікага калектыву.

Жыльцы шматкватэрных дамоў пад’езды зараз будуць рамантаваць за ўласныя сродкі. А вось жыхары інтэрната Градзянца цікавіліся ў С.Б.Завадскага магчымасцю выканання гэтых работ за кошт бюджэту, бо будынак перададзены ў раённую камунальную ўласнасць. У бліжэйшай перспектыве гэта не праглядваецца, але трэба адзначыць, што на аб’екце і так зроблена шмат: устаноўлены новыя аконныя блокі, дзверы, праведзены рамонт калідораў – змены да лепшага відавочныя.

Пытанне капрамонту жылля закранула ў сваім звароце і Ірына Уладзіміраўна Гарбачова. Жыхары дома №1 па вуліцы Школьнай аграгарадка Вяркуды даўно мараць аб двухскатным даху і ўцяпленні фасада будынка. Станіслаў Браніслававіч патлумачыў, што тэрмашубу зрабіць не атрымаецца адназначна – на ўзроўні рэспублікі прынята рашэнне гэты від работ за сродкі бюджэту не выконваць. Што датычыцца даху, то пытанне даўно на кантролі, але для яго вырашэння няма фінансавых сродкаў. У бягучым годзе іх запланавана накіраваць на заканчэнне капрамонту з мадэрнізацыяй дома па адрасе Ленінская, 8 гарпасёлка, капітальны рамонт дома нумар 3 па гэтай жа вуліцы, дома №38 па вуліцы Савецкай і пачаць работы на Дзяржынскага, 12. На астатніх аб’ектах жыллёвага фонду раёна пры неабходнасці будзе праведзены бягучы рамонт.

“У студзені ў нас пацякла калонка. Прыехалі вашы рабочыя і дэманціравалі яе. Ці можна вярнуць калонку назад, бо з другога паверху не вельмі зручна насіць ваду на агароды, паіць жывёлу? У нас нават корпус ёсць для ўстаноўкі новай…”, – ад імя жыхароў дамоў №26 і 28 па вуліцы Е.Лось аграгарадка Вялікія Дольцы тэлефанаваў Уладзімір Іванавіч Вусько. Высветлілася, што калонку камунальнікі знялі не проста так – адрамантаваць яе было немагчыма. Станіслаў Браніслававіч патлумачыў, што вырашыць пытанне станоўча можна, але пры ўмове, калі жыхары прыгаданых дамоў будуць плаціць за ваду і не будуць улетку кідаць ад калонкі шлангі да сваіх градак.

Жыхар вуліцы Данукалава гарпасёлка Васіль Васільевіч Смірноў выказаў нараканні на якасць вады. С.Б.Завадскі пагадзіўся, што такія выпадкі на вуліцах за рэчкай вядомыя, але былі выкліканы аварыяй на водаправодзе. Часова не працуе і станцыя абезжалезвання на Е.Лось, дзе вядзецца рамонт, патрабуючы вялікіх сродкаў. Таму вада ў мікрараёны прыгаданых вуліц падаецца з іншых свідравін гарпасёлка і на бягучы момант адпавядае ўсім санітарным патрабаванням.

На “прамую лінію” не паступіла ніводнай скаргі на нізкія тэмпературы ў кватэрах. Тэлефанаванне Галіны Паўлаўны Косых з вуліцы Садовай было адзіным прыватным, але адказ на яго можна прывесці, бо пытанне датычыцца многіх. Пенсіянерка цікавілася магчымасцю ўстаноўкі ў сваёй кватэры прыбора індывідуальнага ўліку цяпла. Гэта не забараняецца, але набываць і падключаць лічыльнік грамадзяне будуць за свой кошт, ды і не аказвае такіх паслуг наш камунгас. Таксама трэба прыняць да ўвагі і тое, што прыбор перыядычна патрабуе паверкі, якая таксама зусім не танная.

Валянціна Лявонцьеўна Спірыдзёнак жыве ў самым канцы вуліцы Каранеўскага гарпасёлка. Інвалід першай групы некалькі разоў на тыдзень вымушана наведвацца ў Полацк на гемадыяліз. Машына хуткай дапамогі збірае людзей па ўсім раёне і, па словах пенсіянеркі, некаторыя хворыя з кубліцкага боку не едуць на Каранеўскага, а выходзяць на скрыжаванні і чакаюць аўтамабіль. Прычына таму – разбітая дарога па вуліцы. “А ёсць і слабыя людзі, паралізаваныя, якія не могуць выйсці і вымушаны з хворымі ныркамі трэсціся па калдобінах!” – узрушана расказвала жанчына.

Праблема рамонту прыгаданай вуліцы стаіць даўно, а абвастрылася пасля таго, як на Каранеўскага зманціравалі водаправод. Пасля заканчэння работ падрадчык не прывёў дарогу ў належны стан, чым ускладніў працу камунальнікаў. Станіслаў Браніслававіч паабяцаў, што дарога абавязкова будзе падсыпана і выраўнена, трэба толькі пачакаць, пакуль адтане зямля і ўсталюецца плюсавая тэмпература.

Бярозы на вуліцы Савецкай ужо даўно не прыносяць уладальнікам кватэр двухпавярхоўкі з нумарам 21 эстэтычнага задавальнення. Наадварот, ствараюць нязручнасці, зацяняюць вокны і прымушаюць дадаткова расходаваць электраэнергію. Вільгаць, пылок і апаўшае лісце з дрэў трапляе на аконныя блокі, што спрыяе іх разбурэнню, сцвяр­джала падчас свайго звароту Таццяна Уладзіміраўна Коршун і ад імя жыхароў дома прасіла выдаліць бярозы. Дырэктар камунгаса патлумачыў, што прымаць такія рашэнні не ў яго кампетэнцыі. Жыхарам трэба звярнуцца ў райвыканкам, дзе спецыяльная камісія вызначыць мэтазгоднасць выдалення дрэў – калі будзе атрыманы дазвол, то камунальнікі выканаюць работы ў сціслыя тэрміны.

Падчас правядзення “прамой лініі” не было тэлефанаванняў аб няспраўнасці вулічнага асвятлення, несвоечасовасці вывазу смецця, не выказана нараканняў на якасць паслуг, хаця і “ўсплыў” адзін факт валакіты – з ім С.Б.Завадскі абяцаў тэрмінова разабрацца, як і з вінаватымі ў яго ўзнікненні. “Дзейнасць камунальнай службы сацыяльна арыентаваная, накіраваная на забеспячэнне камфорту людзей, – упэўнены Станіслаў Браніслававіч. – Мы імкнёмся дапамагчы ўсім, але часта для вырашэння пытанняў не маем на тое магчымасці – фінансавай, тэхнічнай, юрыдычнай. Удзячны людзям, якія гэта разумеюць, бо, паверце, наша самая вялікая мара – каб жаданні супадалі з магчымасцямі!”.

Падрыхтаваў Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *