26 апреля — 30 лет со дня Чернобыльской трагедии

Общество

КРЫЖЫКІ Ў ЯГО КАЛЕНДАРЫ

Васіля Аляксеевіча Алексяёнка на Ушаччыне ведаюць многія: за 40 год вадзіцельскага стажу ён скалясіў раён уздоўж і ўпоперак, папрацаваў і на аўталаўцы, і ў меліярацыі, і ў іншых арганізацыях. Да таго ж чалавек гэты надзвычай пазітыўны, камунікабельны, і такая лёгкасць характару не толькі прыцягвае да яго людзей, але і дапамагае на няпростых этапах жыцця. Адзін з такіх прыпаў на 1988 год, калі ўшачаніну прыйшла павестка з ваенкамата з патрабаваннем прыбыць на ваенныя зборы.

“Пра тое, што едзем у Чарнобыльскую зону, даведаліся толькі на месцы, хоць падазрэнні на гэты конт меліся – занадта сур’ёзнай была медыцынская камісія: правяралі нас і ў раёне, і ў вобласці, і ў ваеннай часці пад Мінскам. Пакідалі толькі тых, хто выключна здаровы: да прыкладу, калі ў чалавека не было васьмі ці больш зубоў, яго прызнавалі нягодным”, – расказвае В.Алексяёнак.

Сам жа ён на здароўе не скардзіўся і хутка апынуўся ў Хойніках, дзе быў сфарміраваны асобны батальён, які займаўся дэзактывацыяй мясцовасці. Пра тое, што “не ў казку трапілі”, даведаліся з інструктажу. “Па іроніі лёсу спецыяліст­радыёлаг, які расказваў аб правілах паводзін у зоне, быў знешне нібыта наглядным дапаможнікам па гэтай тэме – худы, бледны, лысы – а таму мы “як ойча наш” засвоілі, што катэгарычна забараняецца ляжаць і нават сядзець на зямлі, есці мясцовыя прадукты, асабліва ягады і рыбу. Не рэкамендаваў ён і заводзіць дзяцей пасля вяртання з зоны…” – успамінае ліквідатар.

Васілю, як уладальніку правоў катэгорыі “Д”, было даручана перавозіць людзей да месца работы. З дапамогай спецыяльных машын яны апрацоўвалі дахі, сцены, двары будынкаў дэзактывуючым растворам, здымалі верхні 20­сантыметровы пласт грунту, мянялі дахі і агароджы, разбіралі кінутыя трухлявыя дамы. Каб утылізаваць заражаныя матэрыялы, выкопваліся спецыяльныя траншэі – радыяцыйныя могільнікі.

Працы хапала, але яшчэ складаней было пераносіць пастаяннае адчуванне небяспекі, якое прымушала штодня закрэсліваць крыжыкамі лічбы ў каляндарыках, чакаючы чарнобыльскага “дэмбелю”. Рэдка, але здараліся выпадкі самавольнага пакідання часці – адзін мінчанін, моцна засумаваўшы па доме, уцёк у сталіцу, але ўжо праз два дні быў прывезены назад. Адметна, што за такі ўчынак атрымаў ён толькі 5 сутак арышту: нават ваеннае начальства ра­зумела, пад якім псіхалагічным прэсам знаходзяцца ліквідатары. Іх “баявы дух” падмацоўвалі добрым харчаваннем і нават канцэртамі. Братэрства, узаемная падтрымка, гумар – усё гэта таксама засталося ў памяці нашага земляка, які падчас знаходжання ў радыяцыйнай зоне завёў шмат сяброў. Адзін з іх, дарэчы, клікаў потым у сталіцу, прапаноўваў месца на трактарным заводзе, аднак Васілю больш даспадобы былі ўшацкія мясціны, дзе яны разам з жонкай пабудавалі дом, вырасцілі двух дзяцей. На пытанне ж, ці часта ён прыгадвае пра чарнобыльскі этап жыцця, адказвае са звыклым гумарам: “Раз у год – калі праходжу абавязковае для ліквідатараў медабследаванне”. А яшчэ дадае, што лепш за любыя лекі падтрымлівае арганізм аптымізм і здаровы лад жыцця, актыўным прыхільнікам якога ён з’яўляецца.

Карма Кармы і ўшацкія ветразі

Ад райцэнтра Карма да Чарнобыльскай зоны каля 300 кіламетраў – значная адлегласць, якая, здавалася б, павінна была гарантаваць тутэйшым жыхарам пасля аварыі на ЧАЭС адносны спакой. Так, зрэшты, і было ў першыя гады пасля катастрофы: у раёне нават пабудавалі два пасёлкі для перасяленцаў з забруджаных рэгіёнаў, а потым высветлілася, што жыць у іх яшчэ больш небяспечна, чым у некаторых месцах 30­кіламетровай зоны… Гэткую нешчаслівую карму прынесла Карме радыяцыйнае воблака, завіслае над ёй у злавесным красавіку 86­га.

Хімвойскі са спецтэхнікай з’явіліся тут бліжэй да 1988­га, а праз год пачалося адсяленне: асабліва настойліва рэкамендавалі пераехаць мясцовым жыхарам, у якіх былі маленькія дзеці. Да такіх адносілася сям’я Эдуарда і Валянціны Жлобаў, у якіх нядаўна нарадзіўся сын, а “на падыходзе” было і яшчэ адно дзіця. Родныя мясціны, утульны дом, любімая работа ўсё адступіла на задні план, калі на чашу вагаў было пакладзена жыццё і здароўе. Ад свайго калегі, які ўладкаваўся ў “Полацксельбуд”, Эдуард Пятровіч даведаўся, што ва Ушачах ёсць вакансія прараба. Дробны “кружочак” на карце ў глыбінцы Віцебшчыны крыху насцярожваў, але мужчына паехаў на “агледзіны”.

– Як зараз памятаю: а шостай гадзіне вечара выйшаў з аўтобуса і запытаўся ў першага сустрэчнага – дзе, маўляў, тут ваша ПМК? “Вам якую?” – той у адказ. “А хіба тут іх некалькі? – здзівіўся я. – Ну, тую, што бліжэй”. А праз некалькі хвілін я ўжо размаўляў з дырэктарам ПМК­66 Аляксандрам Лукічом Фамёнкам. Той прапанаваў пасаду і новую кватэру, аднак паставіў і ўмову: трэба будзе з’ездзіць у камандзіроўку на будаўніцтва пасёлка Міхееўка, які ўшацкія спецыялісты ўзводзілі для перасяленцаў на Магілёўшчыне.

Трэба сказаць, што ні кіраўнік, ні работнік потым не пашкадавалі, што ў той вечар прыйшлі да згоды. Сям’я Жлобаў атрымала на Ушаччыне ўсё патрэбнае, каб пачаць новы этап жыцця. А праз тры гады ў наш гарпасёлак пераехалі і іншыя родныя Эдуарда Пятровіча – бацькі, сястра з мужам – усе яны атрымалі жыллё ў новым доме на Віцебскай, пабудаваным спецыяльна для перасяленцаў з забруджаных раёнаў.

У сваю чаргу вядучая на той момант будаўнічая арганізацыя раёна атрымала ў асобе Э.П.Жлобы выдатнага спецыяліста, з удзелам якога былі ўзведзены шматлікія аб’екты як на Ушаччыне, так і за яе межамі. Ён можа доўга расказваць пра кожную сваю будоўлю. З жалем прыгадвае, як за год да аварыі Кармянская ПМК пабудавала ў перспектыўных вёсках вялікую сучасную школу накшталт Арэхаўскай і ФАП на 100 дзённых наведванняў – а хутка высветлілася, што жыць у гэтых населеных пунктах нельга. А першым аб’ектам на Ушаччыне для прараба стаў дзіцячы сад у Касарах, потым – комплекс “Маяк” і кватэры для жывёлаводаў у Двор Пліне. У той час ПМК­66 было на плыву, на аб’ектах працавала аж 12 прарабаў і майстроў, больш 300 рабочых. Перажыўшы складаныя 90­я, прадпрыемства зноў злавіла спадарожны вецер у свае ветразі: домікі на сяле, мікрараён на Віцебскай – і тут не абышлося без умелых рук Э.П.Жлобы. Яго прозвішча заносілася на раённую Дошку гонару, а работа на эксперыментальным аб’екце ў Гарадоцкім раёне, дзе ў 1995 годзе было апрабавана будаўніцтва сучаснага жылля для вяскоўцаў, была адзначана Ганаровай граматай аблвыканкама. Прымаў гэты жылы комплекс, адзін з 10 дамоў якога быў пабудаваны ўшачанамі, асабіста Прэзідэнт краіны, які застаўся цалкам задаволены якасцю жылля. А ў хуткім часе кампанія па будаўніцтве камфартабельных домікаў на сяле распачалася па ўсёй краіне…

На жаль, лёс, у тым ліку і прафесійны, ніколі не складваецца толькі з белых палос. Рашэнне пакінуць прадпрыемства, якому аддадзена 25 год жыцця, далося Эдуарду Пятровічу нялёгка, нават і зараз, адпрацаваўшы год загадчыкам гаспадаркі ва Ушацкім судзе, да канца не прывык да “кабінетнай” работы.

– Першы час нават жонка, назіраючы за маімі “пакутамі”, казала – ідзі ўжо можа назад, на сваю будоўлю… Ды, шчыра кажучы, не стае ўжо ў мяне для гэтага здароўя. Гады, пражытыя на забруджанай тэрыторыі? Напэўна, і яны адбіваюцца… Ездзілі нядаўна ў Карму на магілы родных, сустрэў там свайго сябра­аднагодка, які не захацеў перасяліцца – зараз ён пастаянна хварэе і выглядае амаль старыком…

Мой субяседнік не скардзіцца на лёс, проста як заўсёды шчыра адказвае на зададзеныя пытанні. Менавіта за праўдзівасць, неабыякавасць, нежаданне прыстасоўвацца паважалі гэтага абаяльнага і цэльнага чалавека калегі ў ПМК­66, абраўшы Эдуарда Пятровіча сваім прафсаюзным лідарам. Такія ж адносіны ён заслужыў і літаральна ва ўсіх, хто яго ведае.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *