Воспитанники и учителя эстрадного отделения Ушачской детской школы искусств подвели итоги учебного года концертным шоу «Творческое настроение»

Наши дети

Падыходзіць да завяршэння чарговы навучальны год ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў і, вядома ж, дзецям вельмі хочацца паказаць той багаж творчых навыкаў, які яны набылі за гэты перыяд. Зрабіць гэта найлепш у форме канцэрта. “Творчы настрой” – так назвалі сваё шоу выхаванцы і настаўнікі эстраднага аддзялення, падтрымаць якіх на сцэну выйшлі і ўдзельніцы народнага квартэта “Натхненне”.

Зараз проста добрым голасам нікога не здзівіш: трэба захапіць гледача прадуманым яркім відовішчам. Гэта цалкам атрымалася ў юных выхаванцаў, бо стала плёнам штодзённых рэпетыцый, якія пачаліся яшчэ за два месяцы да канцэрта. Кіраваў жа выступленнем дуэт вядучых у складзе Эвеліны Мядзведзевай і Марата Клачка: іх зладжанаму эмацыянальнаму канферансу маглі б пазайздросціць і дарослыя прафесіяналы! Праграма глядзелася літаральна на адным дыханні – разнапланавыя нумары змяняліся нібы ў калейдаскопе, кожны быў аздоблены танцамі, пераходамі, іншымі “фішкамі”. Для дынамізму праграмы яе стваральнікі вырашылі адмовіцца ад сольных нумароў – усе кампазіцыі выконваліся вакальнымі групамі. Бацькі, дзядулі з бабулямі, родныя, сябры і проста аматары якаснай музыкі, якія запоўнілі залу школы мастацтваў, кожны нумар сустракалі авацыямі.

– Калі слухала песню “Мама”, у якой саліравалі кіраўнік аддзялення Алена Сазонава і яе дачка Паліна, не ўтрымалася ад слёз – добра, што не фарбавала перад канцэртам вочы, – выказала свае ўражанні Вольга Хамянок.

Надзвычай упэўнена выглядалі на сцэне навічкі аддзялення Саша Казлова і Насця Лунева – па словах настаўнікаў, за адзін год навучання дзяўчынкі зрабілі вялікі скачок у плане эстраднага майстэрства. Пакарыў слухачоў сваім задорам Ягор Обух, які сёлета заканчвае другі клас ДШМ. На канцэрце было прэзентавана новае трыо “Віола”, у якое аб’ядналіся Аня Ларчанка, Галя Бурак і Насця Станько. Усе дзяўчаты вельмі таленавітыя і адданыя музыцы, а таму ім па плячы нумары самых розных стыляў – ад складаных песень Крысціны Агілеры, да рэп­версіі народных “Валёнак”. “Нам ёсць на каго арыентавацца ў сваім развіцці”, – адзначаюць вакалісткі, маючы на ўвазе сваіх настаўнікаў і куміраў з квартэта “Натхненне”.

“Безумоўна, выступаць на сцэне побач з прызнанымі майстрамі для юных артыстаў аддзялення было сапраўдным экзаменам, але яны яго дастойна вытрымалі”, – адзначыў дырэктар школы мастацтваў Сяргей Васільевіч Парашкін. Вось якія меркаванні гледачоў давялося пачуць пасля канцэрта: “Проста цудоўныя ў нас дзеці!.. Выступленне юных талентаў выклікае ў людзей вялікую цікавасць: паглядзіце, наколькі папулярны зараз тэлепраект “Голас. Дзеці”. Хочацца часцей бачыць нумары гэтых дзяўчат і хлопчыкаў у канцэртах на вялікай раённай сцэне!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *