На вопросы читателей во время «прямой линии» ответил директор ДРСУ-105 А.И.Коцур

Зваротная сувязь

На “прамой лініі” з чытачамі газеты на гэтым тыдні знаходзіўся дырэктар ДРБУ‑105, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Анатоль Іванавіч Коцур. Зразумела, што літаральна ўсе тэлефанаванні датычыліся стану дарог. Так, жыхары аграгарадка Глыбачка прасілі часцей грэйдзіраваць дарогу на Павулле і далей на Полацк. Анатоль Іванавіч паабяцаў накіраваць грэйдар у бліжэйшыя дні.

З жыхарамі Старынкі Жарскага сельсавета А.І.Коцур сустракаўся раней на месцы, таму выдатна ведае той участак дарогі, які яны просяць адрамантаваць. “Мяркуем, што зробім гэта ўжо ў чэрвені – такой была дамоўленасць са старшынёй Жарскага сельвыканкама С.Ц.Міхейкай, паколькі такія работы аплачваюцца сельвыканкамам”. (Святлана Цімафееўна дадала, што на гэтыя мэты паабяцалі выдзеліць сродкі і жыхары вуліцы, на якой будзе весціся рамонт).

Жыхары вуліцы Данукалава прасілі пракласці асфальт хаця б па іх непрацяглым участку, дзе ён разбіты велікагрузнымі машынамі. Анатоль Іванавіч адказаў, што ўсе асфальтавыя работы вядуцца згодна з планам, на якія і выдзяляюцца сродкі. Сёлета асфальтаванне вуліц не прадугледжана нават на незавершаныя аб’екты. На жаль, на гэта сродкаў няма.

Яшчэ адно тэлефанаванне было з вёскі Заляддзе Вялікадолецкага сельсавета. Паколькі работы там ужо вяліся, Анатоль Іванавіч добра ведаў сутнасць праблемы. “Круты ўзгорак і ўчастак дарогі размываецца ліўнямі. Мы рабілі раней падсыпку гравіем – яго ўжо няма. Будзем спрабаваць спачатку ўмацаваць бакі дарогі камянямі”.

Па завяршэнні “прамой лініі” Анатоль Іванавіч прасіў нагадаць жыхарам раёна, што па бягучых пытаннях грэйдзіравання не трэба чакаць “прамых ліній”, а калі палатно не задавальняе, варта адразу тэлефанаваць у дыспетчарскую прадпрыемства па нумары 2–78–93. “Тэхніка працуе па графіку, мы не можам ахапіць адначасова ўсе дарогі раёна, а з дапамогай тэлефанаванняў падкарэкціруем маршрут так, каб выправіць палатно патрэбнай дарогі”.

Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *