Каждый вызов для «скорой помощи» Ушачской ЦРб очень ответственный

К профессиональному празднику

І днём, і ноччу, у любое надвор’е і свята машына са зразумелай пазнакай “103” па першым жа выкліку спяшаецца на дапамогу. Для фельчараў “хуткай” кожны выезд – надзвычай адказны, бо гаворка ідзе пра здароўе, а нярэдка і жыццё чалавека.

– У нас працуюць дзве кругласутачныя брыгады, аснашчаныя сучаснай медыцынскай апаратурай і сродкамі сувязі. Дэфіцыту лекаў няма, — уводзіць нас у курс справы старшы фельчар Марына Генадзьеўна Харэвіч. — Кожная брыгада ў суткі выязджае ў сярэднім па 57 разоў. Бывае, канечне, і значна больш, напрыклад, падчас эпідэміі грыпу.

Брыгада “хуткай дапамогі” складаецца з фельчара і вадзіцеля. Ад здольнасці першага аператыўна ацаніць стан хворага, прыняць неабходнае рашэнне, а другога – хутка прыбыць на месца выкліку ў многім залежыць зыход справы. Высокі ціск, боль у жываце — бадай, самыя частыя прычыны набору “103”. Не раз даводзілася фельчарам збіваць пацыентам тэмпературу, прыводзіць у тонус сэрца і нават прама ў аўтамабілі прымаць роды. Трэба сказаць, што ў абавязкі работнікаў “хуткай” уваходзяць не толькі выезды па выкліках, але і дастаўка пацыентаў у Полацкі раддом, псіхіятрычную бальніцу ў Лепелі. Усяго ж на 12гадзінныя змены ў райбальніцы па чарзе заступаюць 8 фельчараў, 8 вадзіцеляў і дыспетчар.

– Недахопу кадраў у аддзяленні не адчуваецца. Калектыў зладжаны, адказны, вопытны. Сярод лепшых назаву фельчараў Алену Юльянаўну Ярмош, Веру Уладзіміраўну Касцюковіч, Таццяну Аляксееўну Андрэеву, Віталя Ягоравіча Булаўку. Хаця, канечне, усе нашы работнікі – спецыялістыуніверсалы, гатовыя дзеля выратавання жыцця на многае. Так, напрыклад, калі трэба тэрмінова перанесці пацыента, нават самага грузнага, за ручкі насілак без ваганняў бяруцца і прадстаўніцы слабай паловы, — працягвае размову Марына Генадзьеўна.

Сама ж яна нясе адказнасць за дзейнасць усяго аддзялення. Трэба прасачыць, каб брыгады былі ўкамплектаваны медыкаментамі, своечасова зрабіць справаздачы, разабрацца са скаргамі пацыентаў, калі такія ўзнікаюць. Не перашкаджае спраўляцца жанчыне з гэтымі задачамі і грамадская “нагрузка” – М.Г.Харэвіч не першы год узначальвае прафсаюзную групу бальніцы.

Знаёмімся ў аддзяленні з фельчарам І катэгорыі А.Ю.Ярмош. Яе працоўны стаж – больш за 26 гадоў, непасрэдна ж у “хуткай дапамозе” яна з 1992га.

– Некаторым людзям, сапраўды, патрэбна неадкладная дапамога, аднак часам аказваецца, што брыгада прыбыла без патрэбы, — зазначае Алена Юльянаўна. — Памятаю, як прыехалі на выклік, а “пацыент”, які ляжаў на вуліцы ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, ужо змяніў месца сваёй дыслакацыі. Бывалі выпадкі, калі па адрасе не адчынялі дзверы ці казалі, што “хуткую” не выклікалі. На жаль, людзі часта не разумеюць сур’ёзнасці нашай работы, не задумваюцца, што падчас безвыніковых ці нязначных выклікаў некаму ў аддаленай вёсцы можа не хапіць тых некалькі хвілін…

Часам ушачане, сапраўды, скардзяцца на тое, што падоўгу даводзіцца чакаць медыкаў. У адказ на гэта М.Г.Харэвіч запэўнівае: ніякіх прастояў і адхіленняў ад вызначанага маршруту ў карэты “хуткай” быць не можа: пытанне строга кантралюецца праз устаноўленыя GPSнавігатары. У той жа час віноўнікамі затрымкі нярэдка становяцца самі грамадзяне: нядобрасумленныя вадзіцелі, якія не спяшаюцца ўступаць дарогу медыцынскай машыне, і пешаходы, што вальяжна перад ёй прагульваюцца. Выклікае нязручнасці і адсутнасць на некаторых дамах таблічак з указаннем яго нумара і вуліцы. Варта памятаць: калі справа дайшла да выкліку “хуткай дапамогі”, неабходна і самому паклапаціцца пра тое, каб брыгада дабралася па адрасе як мага хутчэй.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *