Медаль «70 лет освобождения Украины от фашистских захватчиков» получила Ефросинья Хадан из агрогородка Великие Дольцы

70-годдзе Перамогі

– Вы да мяне? З медалём? Ці можа такое быць?  – з хваляваннем і радасцю адначасова сустрэла гасцей на парозе свайго дома ў аграгарадку Вялікія Дольцы Ефрасіння Нікіфараўна Хадан.

Між тым, ніхто нічога не пераблытаў і начальнік адасобленай групы  Ушацкага раёна ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Л.П.Шахноўскі разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Ф.Р.Пацэйкам і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі М.А.Шаўчэнка прыехалі да жанчыны, каб уручыць юбілейны медаль “70 гадоў вызвалення Украіны ад фашысцкіх захопнікаў”.

Адразу хочацца даведацца, як у гады Вялікай Айчыннай ураджэнцы вёскі Есяновікі давялося трапіць на тэрыторыю суседняй Украіны і якія заслугі адзначаны медалём. Ефрасіння Нікіфараўна спасылаецца на ўжо дрэнную памяць… На самой жа справе, па ўсім бачна, не хоча ўспамінаць той страшны час. Як пачалася вайна, ёй было толькі 14 гадоў, а праз некаторы час Ефрасіння разам з некаторымі аднавяскоўцамі трапіла ў палон.

– Так я і апынулася ў працоўным лагеры на Украіне,  – з сумам расказвае Е.Н.Хадан, – там палонных прымушалі пракладаць дарогу. Памятаю, як не было сіл, а з’есці невялікую сырую бульбіну і крыху баланды было за шчасце. У палоне прабыла больш месяца. За палоннымі жанчынамі сачылі не так пільна, як за мужчынамі, а таму мы з сяброўкамі неяк раз выйшлі ў лес, што непадалёк, быццам у ягады. Адышліся спачатку крыху, потым далей, далей… Прайшлі так дзесьці кіламетраў каля дзесяці. Потым бачым, да нас насустрач бяжыць некалькі чалавек з аўтаматамі – мы ў плач, думалі, што зараз і расстраляюць, а гэта аказаліся партызаны. Так мы і далучыліся да народных мсціўцаў. У партызанскай брыгадзе трапіла ў санчасць, дзе дапамагала даглядаць хворых і раненых. Добра памятаю доктара, з якім мы іх лячылі – гэта быў вельмі чулы і спагадлівы чалавек, які заўсёды мяне падтрымліваў. Мяне нават не хацелі адпускаць з лагера, калі ўжо маіх сябровак размеркавалі дадому. Я плакала, бо вельмі хацелася вярнуцца на радзіму. Тады мяне ў санчасці замяніла дзяўчына-яўрэйка, якой не было куды вяртацца.

Ефрасіння Нікіфараўна Хадан удзельнічала ў партызанскім руху пад украінскім горадам Львовам больш пяці месяцаў. Гэта была легендарная брыгада Каўпака – ваеннага дзеяча, камандзіра шэрагу партызанскіх злучэнняў, генерал-маёра, двойчы Героя Савецкага Саюза. С.Каўпака лічылі геніем хуткага перамяшчэння: пасля складаных і доўгіх манеўраў партызаны нечакана атакавалі там, дзе іх зусім не чакалі, ствараючы эфект прысутнасці ў некалькіх месцах адразу. Тактыку камандзіра высока ацэньвалі ў Маскве, а яго партызанскія фарміраванні лічыліся самымі мабільнымі і баяздольнымі на акупіраванай тэрыторыі Савецкага Саюза. У злучэннях Каўпака змагаліся байцы 32 нацыянальнасцей.

Ефрасіння Нікіфараўна дастае свае медалі, сярод якіх знак “Ветэран вайны 1941-­1945гг.”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны, юбілейны медаль “60 гадоў вызвалення  Украіны ад фашысцкіх захопнікаў”.

– Пра мяне не забыліся, як прыемна! – не магла стрымаць слёз жанчына.

Перажыць гэтай жанчыне прыйшлося за жыццёвы шлях нямала, але трымаць у памяці яна стараецца толькі добрыя ўспаміны. Адпрацаваўшы  ўсё жыццё ў калгасе, яна і сёння ў свае 89 гадоў не можа сядзець на месцы: “Я і дома сама прыбяру і травіну на агародзе яшчэ вырву. Дзякуй Богу, вунь колькі пражыла, траіх дзяцей вырасціла, семярых унукаў дачакалася. Вельмі хочацца, каб іх жыццё было мірным, бясхмарным і шчаслівым.”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *