Выпускники Кочановской восьмилетней школы встретились спустя 50 лет

Общество

Пасівеўшыя скроні. Завіўка замест косак. Цяжкі багаж дарослага жыцця. А ў душы – дзеці. Усё тыя ж пятнаццацігадовыя  юнакі і дзяўчаты, як і 50 гадоў таму. І сустрэўшыся гэтым ліпеньскім днём праз паўстагоддзе, кожны з іх паасобку прыйдзе да адной простай высновы, якую паўтораць ва ўнісон: яны нічуць не змяніліся.  Яны па­-ранейшаму прагныя жыцця.

І прагутараць выпускнікі Качаноўскай васьмігодкі сем гадзін запар – напэўна, больш, чым іх самы загружаны школьны дзень. І нікому не надакучыць, не захочацца збегчы дадому.

Дзіўна, што яны, такія дружныя, ні разу не збіраліся да гэтага. І тут Анатоль  Дук (абыдземся сёння без імён па бацьку) пачаў шукаць адрасы раскіданых лёсам аднакласнікаў. Праз родных, ці тых, хто застаўся на малой радзіме. Многа пра каго ведала Галіна Дук. Не радня, а з аднолькавым прозвішчам, як і іх дырэктар школы, гісторык Іван Пятровіч Дук. Менавіта ён быў трыцейскім суддзёй, калі канфлікт паміж класам і настаўнікам матэматыкі заходзіў у тупік. Гэта было, калі яны, напэўна, як і школьнікі ва ўсе часы, збіраліся сарваць урок. А потым матэматыка стала любімым прадметам класа… Аднак гэта ўжо ўспаміны, а спачатку была пераклічка і кароткая, усяго на некалькі хвілінак справаздача пра сябе.

Перад вядучай – класны журнал восьмага класа Качаноўскай школы 1964­-65 навучальнага года.

Грак Толя. Ён тут,  іх музыка, які паралельна з агульнаадукацыйнай, паспеў скончыў і музычную школу, якую наведваў ажно ў Лепелі, а потым больш двух дзясяткаў год працаваў акампаніятарам у Доме адпачынку “Лясныя азёры”.

Калітуха Тамара абрала прафесію будаўніка, аднак мулярам працавала нядоўга, ушачане добра ведаюць яе па ўдала выкананых у камбінаце бытавога абслугоўвання заказах.

Валодзя Галінскі таксама скончыў будаўнічае вучылішча, працаваў на будаўніцтве Новалукомльскай гідраэлектрастанцыі, аб’ездзіў паўсвета вадзіцелем дальніх рэйсаў, а заканчваў працоўнай шлях на “хуткай дапамозе”.

Калітуха Толя стаў электрамеханікам па прамысловым абсталяванні, працаваў на нафтаправодзе “Дружба”, а потым 20 год на “Нафтане”.

Пугачова Таіса самы вялікі адрэзак працоўнага часу прысвяціла медыцыне – хоць і не лячыла людзей, а працавала ў аддзеле кадраў адной з Наваполацкіх бальніц.

Ясюк Зіна. Гэта па ёй тайна ўздыхалі амаль усе хлопчыкі. Паступіла яна адразу ў вучылішча, дзе давалі мужчынскія прафесіі механізатара, вадзіцеля, хоць марыла аб культпрасвет. Вучылішча ж было на поўным забеспячэнні, а для дзяўчыны з беднай сям’і гэта было прынцыповым. Усе з іх, хоць  і добра вучыліся, думалі, як хутчэй стаць на ногі і аблегчыць задачу бацькам.

Люда Серпучонак скончыла Мінскі гандлёвы тэхнікум. Непрацяглы час яна будзе на радзіме мужа ў Луганску, а асноўны адпрацавала ў сталіцы Беларусі ў гандлі.

Дук Галя не дазваляла сабе ніякай іншай адзнакі за пяцёрку. І адзіная з дзяўчат атрымала вышэйшую адукацыю ў Гомельскім гандлёвым інстытуце. Сёння яна таксама вылучаецца сярод іх – адзіная сярод пенсіянераў­-аднакласнікаў, якая і зараз працуе бухгалтарам у райспажыўтаварыстве.

Дук Толя проста не мог не быць на сустрэчы. Без яго не абыходзілася ніводнае мерапрыемства тады, а сёлета стаў арганізатарам. Як прафесійны масавік, які ўсё жыццё працаваў з піянерамі, камсамольцамі ў райкаме, абкаме і цэнтральным камітэце камсамола. Магілёўскі педагагічны, дзе на год меней вучыліся, чым у БДУ (таксама прынцыпова ў той час) ён  скончыў завочна. А потым была аспірантура ў Вышэйшай школе камсамола ў Маскве, абарона кандыдацкай і нават падрыхтоўка да доктарскай дысертацыі.

Бурак Іван… Як і яшчэ тры іх аднакласнікі, ён ужо ніколі не далучыцца да гэтай дружнай кампаніі… І яшчэ адна аднакласніца не прыехала па ўважлівай прычыне… А ўсе астатнія – дзевяць з 14 былі тут: маладыя і бадзёрыя, як і пяцьдзясят год таму.

Пераклічка закончылася, а вядучая працягвае апытанне. І цяпер ужо вучні прыгадваюць сваіх любімых настаўнікаў.

Класным кіраўніком і выкладчыкам роднай мовы быў Адольф Вікенцьевіч Шынкоўскі. Рускую вяла Галіна Сцяпанаўна Басак, а хімію, біялогію і нямецкую мову – Яўгенія Сяргееўна Міцкевіч. Гэта яна дасць старт таму ж Анатолю Дуку, які ў першы час працаваў піянерважатым у сваёй Качаноўскай школе. Іван Сямёнавіч Цвяцінскі вучыў азам у пачатковых класах – і іх жа, толькі ўжо падлеткаў – на ўроках працы. Стул, выраблены пад яго кіраўніцтвам Толям Калітухам, на “раёне” заняў першае месца. А Галінскаму Валодзю ён замяняў і бацьку: спецыяльна пакідаў пасля ўрокаў і вучыў усёй мужчынскай рабоце ў сям’і. Дзякуючы яму хлапчукі станавіліся гаспадарамі.

Другой класнай для іх па сутнасці стала Ефрасіння Іванаўна Аўтух (Селявёнак). Толькі што пасля педвучылішча, яна праводзіла са старшакласнікамі ўвесь вольны час. Ніколі ў жыцці ні на каго не павысіўшы голасу, яна была бясспрэчным аўтарытэтам. Ці чулі вы калі, каб любімым прадметам усяго  класа была матэматыка. А ў іх – была! Калі хварэў які настаўнік, яны прасілі замяніць урок, так, менавіта матэматыкай, і маглі слухаць Ефрасінню Іванаўну пяць гадзін запар. За адзін толькі год выпускнікі­васьмікласнікі гэтага класа здалі сур’ёзны прадмет выключна на 4 і 5. Вось і летась, хоць іх 50­годдзе фактычна было ў мінулым годзе, адмянілі свой збор з­за жалобы па любімай настаўніцы.

З канцэртамі яны аб’ездзілі ўсе навакольныя вёскі. “Яблычка”  ці малдаўскую нацыянальную пляску падавалі так, што нават выкладчык спеваў і ён жа акампаніятар падчас канцэртаў Мікалай Цімафеевіч Глушко казаў – так, сапраўдны малдаўскі. Яны ж развучвалі іх па кніжках, скрупулёзна, як і ўсе песні, вершы. Музыкант быў у іх і свой – Толя Грак, саліраваў Толя Дук, выдатнай танцоркай была Зіна Ясюк…

Яны да цэглы выскрабалі попел у печках, каб не адстаць па яго здачы, як і ў макулатуры, металаломе. Яны ішлі, сорамна прызнацца, на крадзеж, прыхапіўшы акрамя лугавой травы яшчэ і калгасную канюшыну, каб лепей падсілкаваліся іх падшэфныя трусы. Яны нарыхтоўвалі па 150 бярозавых венікаў, але не ў лазню, не – на корм жывёле. За актыўную работу іх узнагароджвалі прызамі і падарожжамі. Наваполацк, у якім жыве зараз Анатоль Калітуха, яны бачылі падчас будаўніцтва.

І вось сустрэча. Яны спявалі тыя песні, якія пелі ў шасцідзясятых, ногі слухаліся і танцавалі тыя ж танцы, што развучвалі ў школе.

Качаноўская васьмігодка. Сёння ад яе некалькіх хат­-карпусоў застаўся толькі падмурак. На гэтым падмурку закладваліся іх характары. Гэта ён трымаў іх на нагах падчас складаных жыццёвых выпрабаваннях. Бо дзе б не былі, у душы жыло нябачнае: я падвяду сваю школу, што падумаюць пра мяне настаўнікі.  Якія так многа ім далі, так многаму навучылі. Тэма настаўніцтва будзе праходзіць чырвонай ніткай іх сустрэчы. Бо шчасціла ім не проста на добрых выкладчыкаў, а людзей, якія станавіліся сябрамі, дарадчыкамі, бацькамі. Вучылі іх дзяліцца апошнім і спачуваць. Вучылі самай галоўнай навуцы – быць людзьмі. І сёння ім не было б сорамна, бо літаральна ўсе з іх самага дружнага выпуску пражылі годнае жыццё.

Трэба абавязкова сустрэцца яшчэ, загадвалі яны на развітанне і шчыра дзякавалі Анатолю Сцяпанавічу Дуку за сустрэчу, якая, дарэчы, была праведзена як і належыць былым работнікам “Артэка” – прадумана, са сцэнарыем, якую вяла жонка любімца класа Ніна Іванаўна Дук. І хоць мінула вось ужо некалькі дзён, бура эмоцый не сціхае, яны тэлефануюць адзін аднаму, зноў гавораць і яшчэ не адзін дзень і не адзін месяц будуць жыць эмоцыямі, якія вярнулі іх у маладосць. Не – зрабілі маладымі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *