Сюда вернулась жизнь. Ушачские строители с оптимизмом встретили свой профессиональный праздник

К профессиональному празднику

Менавіта такія словы напярэдадні прафесійнага свята будаўнікоў давялося пачуць не ад аднаго работніка ДКУБП “Ушацкая ПМК-­66”. Прадпрыемства, існаванне якога яшчэ напачатку года было пад пагрозай, зараз дзейнічае, пакрыху вызваляецца ад даўгоў. І, што самае галоўнае, працуе не толькі на знакавых аб’ектах гарпасёлка, а і выношвае планы на будучыню. Пра стан спраў і перспектывы развіцця асноўнай будаўнічай арганізацыі нашага раёна інтэрв’ю з яе дырэктарам А.Л.Фамёнкам.

– Аляксандр Лукіч, якія аб’екты былі і зараз з’яўляюцца асноўнымі для прадпрыемства?

– На працягу апошніх гадоў такім можна назваць фізкультурна­аздараўленчы комплекс, дзе задзейнічаны на розных відах работ, а зараз да стратэгічных аб’ектаў можна аднесці і 40-­кватэрны жылы дом. Генпадрадчыкам з’яўляецца Шумілінская ПМК­-70, але пакуль большасць работ выконвалі мы – увесь нулявы цыкл, падвод інжынерных сетак, добраўпарадкаванне тэрыторыі, якое вядзецца паралельна. Адзін пад’езд будуюць нашы рабочыя, другі – шумілінскія калегі. У хуткім часе на першым паверсе пачнём аддзелачныя работы. У трэцяй дэкадзе жніўня плануем скончыць бягучы рамонт аддзялення хуткай дапамогі райбальніцы. Акрамя таго ў гэтым годзе працавалі на будоўлі 60­-кватэрнага жылога дома ў Глыбокім, выконвалі работы на рэканструкцыі аб’ектаў на мясцовым малочна-­кансервавым камбінаце. Нашы людзі былі заняты на ўзвядзенні 84­-кватэрнага жылога дома ў раёне аэрапорта ў Полацку, на рамонце адміністрацыйна­гаспадарчага будынка ў Наваполацку. Плануем зноў працаваць на рэканструкцыі Глыбоцкага МКК, будзем выходзіць з прапановамі нашых паслуг на рынкі суседніх раёнаў, ужо зараз шукаем новыя аб’ёмы работ.

– Не сакрэт, што ваша прадпрыемства зусім нядаўна перажывала нялепшыя часы…

– У нашай галіне наогул няпростая сітуацыя. У ПМК­66 у папярэднія гады склалася вельмі цяжкае фінансавае становішча, немагчыма было разлічыцца ні з пастаўшчыкамі, ні з падрадчыкамі. Адсюль і нязначныя аб’ёмы, людзі засталіся без работы. На ўзроўні вобласці быў гатовы праект рашэння аб банкруцтве з наступнай ліквідацыяй. У тым, што нас не спасціг лёс Полацкай, Расонскай ПМК, Воранаўскага прадпрыемства жалезабетонных вырабаў, якія былі закрыты – персанальная заслуга старшыні райвыканкама. Віктар Віктаравіч Родзіч змог адстаяць нашу арганізацыю, хаця на нас “махнулі рукой” нават у галаўным прадпрыемстве “Полацксельбуд”. Раённыя ўлады дапамаглі ў пошуку аб’ёмаў, і скажу без залішняй сціпласці, што мы старшыню не падвялі і тыя змены, што адбываюцца ў калектыве, толькі пацвярджаюць правільнасць рашэння аб яго захаванні.

– Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.

– Правялі аптымізацыю кадраў як сярод рабочых, так і ва ўпраўленчым апараце. Зараз у нас “лішніх” людзей няма, а 78 чалавек прадпрыемства пастаянна заняты. Працуе адна брыгада муляраў, дзве цесляроў­бетоншчыкаў. У брыгадзе аддзелачнікаў 7 жанчын і 4 мужчыны фактычна валодаюць трыма спецыяльнасцямі – тынкоўшчыка, абліцоўшчыка, маляра і могуць выконваць шырокі фронт работ. За вадзіцелямі замацавана па дзве машыны – у залежнасці ад неабходнасці працуюць на розных адзінках. Упершыню за некалькі гадоў па выніках паўгоддзя прадпрыемства спрацавала няхай з невялікім, але прыбыткам у 64 мільёны недэнамінаваных рублёў. За студзень­чэрвень выканана работ, паслуг на суму 7,654 мільярда рублёў супраць 1,876 мільярда за адпаведны перыяд 2015 года. За мінулы месяц гэты паказчык склаў 2,247 мільярда рублёў, у той час як за ўвесь папярэдні год аб’ёмы ацэньваліся ўсяго ў 3,341 мільярда рублёў. Як кажуць, адчуйце розніцу… Цяжка выбрацца з даўгавой ямы, але мы пакрыху папраўляем становішча. Разлічыліся з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, за электраэнергію, няма запазычанасці па зарплаце. На мой погляд, лепшым паказчыкам аздараўлення сітуацыі на прадпрыемстве з’яўляецца тое, што да нас пачалі вяртацца былыя работнікі, амаль кожны дзень прыходзіць моладзь, якая хоча ўладкавацца на працу. Пакуль няма магчымасці пашырыць штат і прыходзіцца адмаўляць. Трэба цвяроза глядзець на рэчаіснасць – зарплаты ў нас невялікія, але ў апошнія месяцы значна падраслі, плануем павышаць і надалей.

– Матэрыяльна-­тэхнічная база дазваляе вырашаць вытворчыя задачы?

– На жаль, за апошнія гады абнавіць яе не ўдавалася, але мы ў сціслыя тэрміны аднавілі ўсю тэхніку, нават тую, што не выкарыстоўвалася значны час – бетонамяшалка стаяла няспраўнай тры гады. Для забеспячэння ўласных патрэб у будаўнічых матэрыялах працуе раствора­бетонны вузел, сталярны цэх. Усім неабходным інструментам аснашчаны брыгады рабочых. Хацелася б набыць яшчэ некаторыя адзінкі тэхнікі, але, у прынцыпе, спраўляемся на аб’ектах тым, што маем.

– За кошт чаго яшчэ дасягнуты станоўчы вынік?

– Удалося змяніць адносіны да працы, без гэтага выжываць было б немагчыма. Тым жа працаўнікам Шумілінскай ПМК-­70 мы складаем здаровую канкурэнцыю – наш пад’езд на будоўлі дома расце нават хутчэй, хаця ў іх 27 муляраў. Працуем і ў выхадныя, на дапамогу па дагаворы падраду прыцягваем рабочых з Полацка. Неблагія зараз расцэнкі, і пры нармальных аб’ёмах можна нядрэнна зарабіць. Адна ўмова – якасць, бо калі даводзіцца пераробліваць, то гэта ўжо за свой кошт, дадатковыя страты. Ад парушальнікаў дысцыпліны пазбаўляемся, бо яны падводзяць увесь калектыў.

– Яго касцяк захаваўся?

– Так, і гэта вялікі плюс. Нават у самыя цяжкія часы не пакінулі прадпрыемства, якое стала родным, вопытны прараб Васіль Яфімавіч Мацюшэнка, загадчык вытворчасці Вера Пятроўна Кандакова. Удзячны за шматгадовую добрасумленную працу механіку Аляксандру Васільевічу Барздзею. Толькі добрыя словы магу сказаць у адрас брыгадзіра цесляроў­бетоншчыкаў Аляксандра Вітальевіча Касіча, вопытнага муляра Пятра Леанідавіча Мянецкага і ўсіх астатніх ветэранаў, ля якіх прафесійна расце моладзь. Ёй мы давяраем, важна, што амаль усе свае, ушацкія. Другую брыгаду цесляроў­-бетоншчыкаў узначальвае Дзмітрый Пецкалёў, які таму ж А.Касічу ў сыны гадзіцца! Але спраўляецца, што не можа не радаваць. У нас хоць і малады, але ўжо вопытны інжынер Аляксандр Уладзіміравіч Клопаў, баюся сурочыць і перахваліць майстроў Мікалая Грыневіча і Яўгена Бугая. А калі сур’ёзна, то з гэтых хлопцаў, калі і надалей будуць належным чынам адносіцца да працы, будзе толк.

– Хто адзначаны да прафесійнага свята?

– Ганаровымі граматамі КУП “Полацксельбуд” узнагароджаны начальнік планава-­вытворчага аддзела Наталля Тадэвушаўна Магрын і вадзіцель сядзельнага цягача Васіль Васільевіч Мядзведскі. Падзяка галаўнога прадпрыемства аб’яўлена брыгадзіру, тынкоўшчыку 4-­га разраду Іне Мікалаеўне Сільвановіч. Я б са свайго боку адзначыў і яшчэ некалькі чалавек.

Словы ўдзячнасці свайму калектыву Аляксандр Лукіч сказаў у пятніцу, на святочным мерапрыемстве, прысвечаным прафесійнаму святу. А нас прасіў павіншаваць архітэктараў, праекціроўшчыкаў, працаўнікоў прадпрыемстваў, што забяспечваюць работу галіны, усіх тых, хто мае дачыненне да іх мірнай і высакароднай справы. “Здаўна ў народзе казалі: “Будаваць — значыць, жыць”. Таму і прафесія будаўніка стала сінонімам самога жыцця, яго адраджэння і росквіту. Новыя кватэры і дамы — гэта шчаслівыя навасёлы, маладыя сем’і, будучыня краіны. А значыць, жыццё працягваецца”, – зазначыў вопытны кіраўнік. Лепш і не скажаш.

Гутарыў Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *