На счету Ушачской районной организации РОО «Белая Русь» много добрых дел

В общественных организациях

На рахунку Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” шмат добрых спраў. І ўсе яны грунтуюцца на важнейшым прынцыпе: рэальная дапамога – канкрэтным людзям. У чарговы раз упэўніцца ў гэтым давялося на мінулым тыдні, калі разам з актывістамі грамадскага аб’яднання накіравалася ў вёску Весніцк да Людмілы Афанасьеўны Вінаградскай і яе дачкі Алены, інваліда І групы.

Нагодай да такога візіту стаў нядаўні зварот жанчыны ў грамадскую прыёмную раённай арганізацыі “Белай Русі” да старшыні раённага Савета дэпутатаў — намесніка старшыні дадзенага грамадскага аб’яднання Вольгі Мікалаеўны Захарэнка. Л.А.Вінаградская расказала аб праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца ёй і яе дачцэ ў быце, папрасіла падтрымкі, у тым ліку матэрыяльнай.

Вольга Мікалаеўна, удакладніўшы ў старшыні Вялікадолецкага сельскага Савета дэпутатаў Алега Леанідавіча Сыса ўмовы пражывання сям’і, аператыўна знайшла варыянты вырашэння пытання. Актыў “Белай Русі” аднагалосна падтрымаў прапанову аб аказанні дапамогі Алене Вінаградскай: за сродкі раённай арганізацыі былі закуплены патрэбныя прадукты харчавання. У чацвер дабрачынны дэсант з ліку актывістаў грамадскага аб’яднання на чале з яго старшынёй Інай Фёдараўнай Сыроўчанка накіраваўся ў Весніцк.

– Вельмі рады вас бачыць, – казала Людміла Афанасьеўна. – І справа нават не ў падарунках (між іншым, яны будуць вельмі дарэчы), а ў той увазе, якую адчуваем. У такія моманты жыць, без перабольшвання, становіцца лягчэй, паколькі разумееш, што побач ёсць нераўнадушныя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: В.Кухарэнка, А.Сыс, І.Сыроўчанка, А.Вінаградская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *