В Ильюшинской школе подготовились к встрече учеников в новом учебном году

Благоустройство

Пакуль вучні дагульваюць апошнія дзянькі летніх канікул, установы адукацыі наводзяць фінішныя штрыхі па рамонце і добраўпарадкаванні, каб 1 верасня сустрэць хлопчыкаў і дзяўчынак, як кажуць, у поўнай баявой гатоўнасці. Кіруючыся выслоўем “Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”, на бягучым тыдні на своеасаблівую праверку такой гатоўнасці мы накіраваліся ў Ільюшынскую сярэднюю школу.

Сёлета тут праведзена афарбоўка многіх памяшканняў. Дарэчы, на гэтых работах ад цэнтра занятасці былі задзейнічаны старшакласнікі ўстановы, што дало ім магчымасць падзарабіць. У трох аўдыторыях паклеены шпалеры, для ўсіх набыта новая сімволіка Рэспублікі Беларусь. Значна ператварыўся другі паверх будынка: тут з’явіліся новыя шторы, аформлены тэматычны стэнд “Старонкі школьнага жыцця”. Яркія “інформеры” з’явіліся таксама на сценах сталовай і рэкрэацыі ўстановы.

На прышкольнай тэрыторыі створана пляцоўка па вывучэнні Правілаў дарожнага руху. Зараз актыўна вядзецца ўстаноўка новай металічнай агароджы.

Дзякуючы намаганням настаўніцы біялогіі Галіны Мікалаеўны Аўсіевіч рознымі фарбамі буяюць кветнікі. А нядаўна перад уваходам у школу з’явіліся “габіёны” – вырабленыя з кручанай драцяной сеткі формы, запоўненыя камянямі. Трэба сказаць, кветкі, высаджаныя ў іх, выглядаюць надзвычай арыгінальна. Ідэю стварэння габіёнаў падгледзеў у “глабальнай сетцы” дырэктар Ільюшынскай школы Аляксандр Мікалаевіч Азевіч. Ледзь не ўсім калектывам збіралі на вуліцах аграгарадка “каменны напаўняльнік”, засыпалі яго ў формы такім чынам, каб атрымаўся адмысловы малюнак: рознакаляровыя лініі і геаметрычныя фігуры.

– Каб рэалізаваць усе планы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, спатрэбілася нямала сіл і часу, – расказвае А.М.Азевіч. – На ўсіх работах быў задзейнічаны тэхперсанал. Сярод актывістаў назаву загадчыка гаспадаркі Леаніда Пятровіча Пасаха і рабочага па рамонце і абслугоўванні будынка Сяргея Альбінавіча Ланцунцэвіча. Далучыліся да карыснай справы і многія педагогі, напрыклад, наш малады праграміст Аляксандр Юр’евіч Жодзік.

Вядома, спатрэбіліся ўстанове і пэўныя грашовыя ўкладанні. Большую іх частку склалі пазабюджэтныя сродкі, атрыманыя школай ад аказання насельніцтву платных паслуг, здачы макулатуры, металалому. Штосьці выдзеліў цэнтр занятасці. Істотную падтрымку аказалі спонсары, сярод якіх самы актыўны – індывідуальны прадпрымальнік Васіль Фёдаравіч Віннік.

Няма сумненняў, што школа парадуе дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў сваім абноўленым выглядам.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *