На выборах в Палату представителей Национального собрания Республики Беларусь ушачане голосовали за того, кому доверяют

Общество

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання адбыліся. 74,8 працэнта выбаршчыкаў – 5,2 мільёна чалавек – прагаласавалі за новы дэпутацкі састаў. Упершыню выбары адбыліся на небезальтэрнатыўнай аснове ва ўсіх 110 акругах.

Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў вынікі кампаніі з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Косінцам. “Колькасць абумоўлена якасцю. Першы складнік – гэта высокая свядомасць нашага народа, які неабыякавы да будаўніцтва маладой дзяржавы. Другі – высокі конкурс удзелу ў гэтых выбарах – 484 кандыдаты ў 110 акругах. І трэці – праведзена вялікая работа ўсімі без выключэння галінамі ўлады, каб забяспечыць высокую дысцыпліну, арганізацыю правядзення выбараў”, – адзначыў А.Косінец.

Па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, у парламенце будзе прадстаўлена Ліберальнадэмакратычная партыя Беларусі (1 дэпутат), Беларуская патрыятычная партыя (3 дэпутаты), Аб’яднаная грамадзянская партыя (1 дэпутат), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (3 дэпутаты) і Камуністычная партыя Беларусі (8 дэпутатаў).

Цяперашні парламент будзе самым маладым. Калі сярэдні ўзрост дзеючага парламента быў 52,3 года, то ўзрост нававыбранага – 49,7 года. Са 110 дэпутатаў будзе 38 жанчын (у папярэднім скліканні было 30). Усе маюць вышэйшую адукацыю. Паўторна выбраны ў Палату прадстаўнікоў 28 дэпутатаў.

“Мы выканалі практычна ўсе ўстаноўкі і заўвагі БДІПЧ АБСЕ, – заўважыў А.Косінец. – Першае – патрабавалася празрыстасць выбараў, і яна забяспечана. Было 75 працэнтаў празрыстых урнаў, а таксама доступ да падліку галасоў – літаральна каля сталоў стаялі наглядальнікі, якім было дазволена бачыць, як ідзе падлік галасоў на кожным выбарчым участку. Прысутнічала 827 наглядальнікаў з замежных дзяржаў і 37,8 тысячы ўнутраных наглядальнікаў. Выканана і другое патрабаванне – максімальная акрэдытацыя і прыцягненне замежных сродкаў масавай інфармацыі: з 25 дзяржаў акрэдытаваны 333 журналісты”.

БелТА.

Па Докшыцкай выбарчай акрузе №22, у які ўваходзяць Глыбоцкі, Докшыцкі і Ушацкі раёны, прагаласавала 51050 чалавек са 57654 выбаршчыкаў ці 88,5 працэнта. Гэта самая лепшая яўка па акругах Віцебскай вобласці. Па Ушацкім раёне яна яшчэ больш высокая: па звестках акруговай камісіі, у выбарах прыняло ўдзел 90,3 працэнта ўшачан. Па папярэдніх даных Цэнтрвыбаркама, пераважная большасць выбаршчыкаў акругі – 86,8 працэнта – аддалі галасы за дзеючага старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку.

Як і заўсёды, людзі прыйшлі на ўчасткі яшчэ да 8 гадзін. Любоў Кароткая памылкова завітала на гадзіну раней, аднак не паімкнулася хутчэй на дачу, а дачакалася афіцыйнага адкрыцця ўчастка нумар 58 і была на ім першай выбаршчыцай. Як і кожны прадстаўнік старэйшага пакалення, яна не прамінае ніводныя выбары. Ну а пік актыўнасці на ўчастках гарпасёлка прыпаў на поўдзень, а таксама на вечар, калі людзі вярталіся з дач.

А вось пераважная большасць работнікаў ААТ “Дземенец” была далёка ад Глыбачкі, а значыць участка галасавання – у супрацьлеглым дубраўскім баку. Там працавалі камбайны, якія за некалькі дзён убяруць увесь зерневы клін.

– Сёння ніхто не адпрошваўся, усе галасавалі датэрмінова, калі ішлі дажджы – гаворыць кіраўнік таварыства і старшыня выбарчага ўчастка №70 Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка. – Сёння такой магчымасці проста не было б. – У дзень сваё жнём, а раніцай, пакуль раса – стажкі насельніцтва. Надвор’е стаіць.

А яно сапраўды спрыяла як сельгасработам, так і адпачынку. Радаваліся цёпламу вераснёўскаму дню маладыя сем’і Судак і Ярмош. Прагаласаваўшы ў першай палове дня, яны няспешна гулялі па абноўленай плошчы, дазволіўшы сваім немаўлятам паспаць на свежым паветры (на здымку). “Нам па 27 год, таму ў выбарах мы прымаем удзел не першы раз. Прыходзім заўсёды, таму што лічым, што ад нашага выбару ў тым ліку залежыць будучыня нашых дзяцей,” – казаў Ігар Судак.

А вось работнік камунгаса Мікіта Сямчонак галасаваў упершыню. А паколькі прыйшоў выканаць свой грамадзянскі абавязак адным з першых – атрымаў падарунак ад прадстаўнікоў раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” (на здымку). Літаральна ўсе маладыя людзі, для каго парламенцкія выбары сталі першымі ў жыцці, прымалі віншаванні ад членаў выбарчых камісій.

За каго галасаваць, на ўчастках, зразумела, ніхто не пытаўся. Пераважная большасць выбаршчыкаў праводзіла ў кабінках лічаныя секунды, што гаварыла пра загадзя асэнсаваны выбар.

– Мы галасавалі за таго, каму давяраем, – кажа ветэран працы Любоў Ігнатаўна Клопава. – За чалавека, які многа зрабіў для ўсяго Віцебскага рэгіёна – былога старшыню аблвыканкама. І я, і муж, ветэран вайны, працавалі ў розных галінах, аднак памятаем Уладзіміра Паўлавіча і па кіраўніцтве вобласцю, і зараз па дэпутацкай дзейнасці.

– Наша вуліца Е.Лось сёння – гэта пацвярджэнне таго, што Уладзімір Паўлавіч – чалавек слова. Для мяне вельмі важныя перш за ўсё чалавечыя якасці, якія ў дэпутацкай дзейнасці, пры рабоце з людзьмі, лічу, і з’яўляюцца вызначальнымі, – кажа Галіна Сяргееўна Шчадрова.

Сям’я Васіля Маркіянавіча Клопава, ветэрана вайны, галасавала на доме. Як і Вера Кузьмінічна Дзямешка, якая загадзя тэлефануе, каб пра яе “не забыліся”. А вось Кацярына Мікалаеўна Васілеўская прыйшла на ўчастак. “Для мяне выбары – гэта свята, і пакуль магу хадзіць – галасую абавязкова на ўчастку”, – тлумачыць ветэран вайны сваю пазіцыю.

Выклікаў на дом па ўчастку №58 гарпасёлка было вельмі нямнога – гэта самы малады па ўзросце ўчастак. Гэтым правам карысталіся ляжачыя хворыя ці зусім пажылыя людзі, якія абмежаваны ў рухах, але з вельмі актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Больш стапяцідзесяці выклікаў на дом паступіла на ўчастак нумар 59, што тлумачыцца пераважна пажылым саставам жыхароў вуліц Броўкі, НіжнеНабярэжнай, Чапаева і аддаленасцю ўчастка па Калінінскай. Зразумела, што гэтымі прычынамі – адлегласцю і ўзростам выбаршчыкаў – тлумачыцца тое, што на доме галасуе большасць вясковых выбаршчыкаў.

Парламенцкія выбары праходзілі вельмі спакойна, памяркоўна. На ўшацкіх участках было акрэдытавана і працавалі 93 унутраныя наглядальнікі. Па ўсім гарпасёлку панаваў святочны настрой і ніхто, прагаласаваўшы, не спяшаўся дадому. Людзі адпачывалі на цэнтральнай плошчы, у скверы насупраць школы мастацтваў, ля адміністрацыйнага будынка УП ЖКГ, слухалі падрыхтаваныя для іх канцэрты, наведвалі буфеты, размаўлялі адзін з адным. Трэба зазначыць, што пастаралася для выбаршчыкаў грамадскагае харчаванне. Чаго толькі не было на выбарчых участках – вочы разбягаліся, ну а работнікі дапамагалі вызначыцца ў выбары. “Біточкі сёння па акцыі – дзешавей на 10 працэнтаў, рулеты нашы заўсёды вельмі смачныя, вы паспытайце”. Для гэтага загадзя была падрыхтавана дэгустацыя тавару. Святочны настрой на ўчастках стваралі многія калектывы. У гарпасёлку гэта хор “Ветэран”, квартэт “Натхненне” і іншыя работнікі школы мастацтваў. Работнікі культуры раз’ехаліся па ўсіх выбарчых участках раёна – літаральна на кожным адбыўся святочны канцэрт, а то і не адзін.

А вынікі выбараў члены выбарчых камісій бачылі нават з першых хвілін пасля сарціроўкі бюлетэняў. “Вельмі хутка рос стос бюлетэняў за Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку, калі за яго канкурэнтаў галасавалі лічаныя адзінкі”, – кажа старшыня выбарчага ўчастка №60 Сяргей Васільевіч Парашкін. Так, ушачане галасавалі за таго, каму давяраюць, хто даказаў сваю пазіцыю на справах.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *