Коллектив Ушачского лесхоза славится своими династиями

Общество

Калектыў нашага лясгаса славіцца сваімі дынастыямі, якія ўтвараюць прадстаўнікі нават некалькіх пакаленняў. Тут нікога не здзівіш працуючымі побач мужам і жонкай або бацькам і сынам. Ва Ушацкім вопытна­-вытворчым лясніцтве, дзе на трактары шчыраваў Пётр Архіпавіч Качан, вось ужо на працягу 37 гадоў добрасумленна выконвае свае прафесійныя абавязкі яго сын – ляснік Пётр Пятровіч Качан. Практычна кожны год мужчына аказваецца ў ліку лепшых працаўнікоў галіны, мае безліч узнагарод, у тым ліку і дзяржаўныя – некалькі год таму быў удастоены медаля “За працоўныя заслугі”. Прадаўжальнікам дынастыі з’яўляецца Аляксандр Качан. Яго прафесійны стаж, зразумела, намнога меншы, але хлопец ужо з’яўляецца кваліфікаваным вальшчыкам лесу і можа вучыць моладзь азам прафесійнага майстэрства. І такіх прыкладаў у лясгасе прыгадаюць дзясяткі.

Ёсць на ўскрайку лесу за Касарамі мясцовасць, якую карэнныя жыхары называюць “Стася сенакос”. Зараз урочышча, на якім падрастае сасоннік, зусім не адпавядае назве. Але старажылы вёскі дакладна назавуць канкрэтнага чалавека – Станіслава Пятровіча Баратынскага, які ўсё паспяваў: і ў мясцовым лясніцтве працаваць, і сена для ўласнай падсобнай гаспадаркі нарыхтоўваць амаль на рабочым месцы. А яшчэ выгадаваў траіх сыноў­лесаводаў, заклаўшы адну з самых вядомых дынастый нашага лясгаса. Таксама лесніком працаваў старэйшы Віктар, які зараз на заслужаным адпачынку. Сярэдні, Канстанцін, “дарос” да дырэктара суседняга Полацкага лясгаса. Вядомы чалавек у раёне і малодшы з братоў – Аляксандр Баратынскі ўзначальвае Плінскае лясніцтва. З лясной гаспадаркай звязалі працоўную дзейнасць і жонкі двух меншых братоў Алены Баратынскія, якія да таго ж маюць аднолькавае імя па­бацьку (абедзве – Сямёнаўны) і нават пасаду, працуюць бухгалтарамі Кубліцкага і Плінскага лясніцтваў.

У слесара па рамонце аўтамабіляў Сяргея Васільевіча Смаргуна ва Ушацкім лясгасе працавалі і маці, і бацька: Тамара Мікалаеўна – загадчыкам гаспадаркі, а Васіль Пятровіч – вадзіцелем аўтамабіля на вывазцы лесу. Таксама справу бацькоў працягвае майстар на лесасеках лесапункта Вольга Пятроўна Ступко, вадзіцель Вялікадолецкага лясніцтва Анатоль Антонавіч Пепелка, інжынер па паляўнічай гаспадарцы Андрэй Мікалаевіч Скарабагаты, трактарыст Касарскога лясніцтва Анатоль Адольфавіч Станкевіч.

Апошняе лясніцтва зараз узначальвае Мікалай Рахманенка. Калектыў ён прыняў з рук бацькі Алега Сцяпанавіча, які на адным месцы адпрацаваў 45 гадоў! Памочнікам у Мікалая Алегавіча – жонка Вольга Паўлаўна, прафесіі, звязаныя з лесам, абралі і іх дзеці.

У Кубліцкім лясніцтве ў свой час працавалі вадзіцелем і лесніком Васіль Сафронавіч і Пётр Сафронавіч Кальчэўскія, а на сённяшні дзень гэтым калектывам кіруе іх сын і пляменнік Вадзім Васільевіч. Родным у поўным сэнсе гэтага слова з’яўляецца лясгас і для галоўнага ляснічага Аляксея Мікалаевіча Апёнка. Адсюль, адпрацаваўшы 35 гадоў, адправілася на заслужаны адпачынак яго маці. Разам у адміністрацыі арганізацыі займаецца бюджэтнай дзейнасцю жонка – эканаміст Таццяна Барысаўна Лясовіч (у абаіх хоць і розныя, але “лясныя” прозвішчы!). Брат Андрэй – ляснік Ушацкага вопытна­вытворчага лясніцтва.

Звесткі аб усіх дынастыях беражліва захоўваюцца ў адміністрацыі лясгаса, імі па­сапраўднаму ганарацца. Таму традыцыі пераймання дзецьмі бацькоўскай справы, якая становіцца справай іх жыцця, у вялікім калектыве ніколі не перарвуцца.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.

на здымку: П.Качан, А.Качан



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *