Не спешите выходить на первый тонкий лёд! Берегите себя и своих близких!

Профилактика и безопасность

З наступленнем першых асенніх замаразкаў вада ў вадаёмах пакрываецца лёдам. Аматары рыбнай лоўлі спяшаюцца на рэкі і азёры з вудамі і пешнямі. Іншыя спрабуюць скараціць маршрут, накіроўваючыся з аднаго берага на другі.  А малым хочацца пракаціцца па гладкай паверхні на каньках… На жаль, дарослыя і дзеці забываюцца пра небяспеку, якую ўяўляе першы лёд: ён толькі здаецца трывалым, а на справе яшчэ вельмі тонкі.

Бяспечней за ўсё  пераходзіць вадаём па празрыстым з зеленаватым або сіняватым адценнем лёдзе пры яго таўшчыні не менш 7 см. Перш чым стаць на такую паверхню, варта ўпэўніцца ў яе трываласці, выкарыстоўваючы палку. Калі з першага ўдару лёд прабіваецца або на ім з’яўляецца вада, трэба тэрмінова павярнуць назад, ідучы не спяшаючыся і не адрываючы ног. Катэгарычна забараняецца выпрабоўваць трываласць лёду ўдарам нагі або скачкамі: у гэтым выпадку можна адразу праваліцца.

Варта асцерагацца месцаў, дзе лёд зацярушаны снегам, бо пад такім “кажухом” яго таўшчыня можа быць мізэрнай. У месцах, дзе хуткая плынь, паблізу кустоў, асакі ці травы нярэдка ўтвараюцца палонкі. Такая ж небяспека падсцерагае і там, дзе б’юць крыніцы ці ў вадаём упадае ручай. Неабходна захоўваць асцярожнасць у перыяд адліг, бо ў такое надвор’е нават зімой лёд хутка губляе сваю трываласць.

Нярэдка сваімі неабдуманымі дзеяннямі мы ствараем небяспеку для іншых. Гэта датычыць тых грамадзян, якія робяць высечкі на вадаёмах для забору вады ці купання. Нагадаю, што ім трэба ўстанаўліваць у такіх месцах агараджэнне са штыкетніку ці рэек і замацоўваць яго не бліжэй за 1 метр ад краю палонкі. Такая прафілактычная мера папярэдзіць утапленне людзей, якія могуць у перыяд снегападу ці ў цёмны час сутак не прыкмеціць “адкрытай” вады. А каб самому “гаспадару” палонкі не даць нырца ў ледзяную купель падчас водазабору, неабходна па краях высечкі пакласці драўляны насціл з дошак і сачыць, каб ён не намярзаў.

Настойліва раю бацькам, настаўнікам, выхавацелям перад пачаткам ледаставу нагадаць дзецям аб правілах бяспекі на вадаёмах. Стварэнне пляцовак для катання на каньках, гульняў у хакей дазваляецца на мелкаводдзі пры таўшчыні лёду не менш 10­12 см (пры масавых мерапрыемствах лёд павінен быць у два разы таўсцейшым). Нават на лыжах пераходзіць вадаёмы рэкамендуецца па пракладзенай лыжні з адшпіленым мацаваннем, пры знятых з кісцей рук петлях лыжных палак. Пры наяўнасці рукзака адну яго шлейку трэба зняць з пляча, каб у выпадку неспадзяванай сітуацыі лёгка вызваліцца ад яго.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Э.ВЕРТАШОНАК, старшыня раённага таварыства выратавання на водах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *