«Экстра» под музыку. ОАО «Ильюшинский» ввело в строй реконструированную ферму с доильным залом в Сержанах

Сельское хозяйство

Да запуску рэканструяванай фермы з сучаснай даільнай залай у Сержанах ААТ “Ільюшынскі” ішло не адзін год. На рэканструкцыю гаспадарка затраціла больш за тры мільярды рублёў, прычым, амаль поўнасцю – уласных. Таму і расцягнуліся работы на значны тэрмін, але нарэшце ў Сержанах паліліся малочныя рэкі, а атрыманне першай партыі малака з даільнай залы стала для сельгаспрадпрыемства сапраўды важнай падзеяй.

“Ці яна мяне, ці я яе!” – не раз жартаваў дырэктар гаспадаркі С.А.Халімоненка, столькі сіл і сродкаў затрачвалася на названы аб’ект на працягу амаль пяці гадоў – работы распачалі ў 2012­м. Не ўсё  ішло хутка і гладка, узнікалі розныя цяжкасці, ад якіх часам нават апускаліся рукі. Аднак пастаўленая мэта ўсё ж стала рэальнасцю.

Аб’ект можна хутчэй назваць новым, чым рэканструяваным, бо рабілі ўсё практычна з нуля. Ферма ў Сержанах на працягу многіх гадоў не эксплуатавалася з­за свайго аварыйнага стану. Тым часам неабходнасць у аднаўленні была відавочная: у ААТ “Ільюшынскі” самы вялікі статак сярод усіх гаспадарак раёна – больш за 2000 галоў – і ў апошнія гады назіраўся дэфіцыт вытворчых памяшканняў для размяшчэння буйной рагатай жывёлы. Пачалі  справу з замены бетонных пліт, якія ўяўлялі сабой пагрозу, устанавілі стойлавае абсталяванне. Яго мантажом, як і сістэмы водапаення, у мінулым годзе займалася спецыялізаваная арганізацыя з Пінска. Нямала было зроблена і працаўнікамі ўшацкага прадпрыемства “НікСілБуд”, да рэканструкцыі прыцягваліся і некаторыя іншыя арганізацыі. Якасцю выкананых работ у гаспадарцы задаволены, а тое, што трэба нешта давесці да толку, нават і на новым абсталяванні – гэта рабочыя моманты.

На каньку даху кароўніка ўстаноўлены пластыкавыя панелі. Яны не толькі прапускаюць святло, дазваляючы эканоміць электраэнергію, але і адчыняюцца для вентыляцыі паветра. Механізаваны і працэс кармлення. Зусім побач з фермай закладзены сянажная і сіласныя траншэі, сумесь рыхтуецца і падвозіцца ў памяшканне кормараздатчыкам, работнікам застаецца толькі падсунуць яе на край кармавога стала.

Вядома ж, адбыліся змены і ў астатніх памяшканнях фермы – устаноўлена халадзільнае абсталяванне на 5 тон у малочным блоку, даводзіцца да гатоўнасці пакой для жывёлаводаў і спецыялістаў.

Пакуль даільная зала чакала “мазгоў”: не было камп’ютара кіравання працэсамі і некаторых электронных дэталей для запуску аўтаматызаванага даення, у “Ільюшынскім” вырашылі не чакаць адкрыцця аб’екта і сталі атрымліваць аддачу ад укладзеных сродкаў – паралельна з завяршэннем работ трымалі тут статак цялушак.

Зусім нядаўна было даведзена да толку і праверана абсталяванне ў даільнай зале, пасля чаго тут нарэшце пасяліўся дойны статак на 150 галоў, які пастаянна абслугоўваюць усяго дзве даяркі.

– Працаваць тут – адно задавальненне! Ні ў якое параўнанне не ідзе з тым, як калісьці былі без малакаправодаў, такога халадзільнага абсталявання, – наперабой расказваюць аператары машыннага даення Ніна Міхайлаўна Пранік і Галіна Іосіфаўна Казачонак. – Спачатку было неяк боязна і непрывычна, але хутка адаптаваліся і ацанілі ўсе перавагі работы тут. Стараемся рабіць усё як след і не падводзіць кіраўніцтва,  – зазначылі жанчыны, якія, дарэчы, у жывёлагадоўлі працуюць па 20 і больш год і ім сапраўды ёсць з чым параўноўваць.

Экскурсія па новым жывёлагадоўчым аб’екце праходзіла якраз падчас дойкі. Буронкі па чарзе партыямі па 12 галоў з агульнага памяшкання заходзілі ў даільную залу да апаратаў, а праз пэўны час, не ствараючы мітусні, спакойна вярталіся ў свае “апартаменты”. Утульнасці чыстаму і прасторнаму хляву дабаўлялі там­сям яловыя лапкі: “Гэта для прыгажосці!” – па­гаспадарску паспяшалася растлумачыць Н.Пранік.

Бываць прыходзілася на розных фермах, а вось чуць на жывёлагадоўчым аб’екце музыку давялося ўпершыню. Хоць і сцвярджалі работнікі фермы, што слухаюць яе выключна для добрага настрою, аднак некаторыя навукоўцы пераконваюць, што музыка ўплывае на колькасць і смак малака. Не бяруся казаць, ці паўплываў гэты фактар на надоі ільюшынскіх кароў, але нельга не адзначыць, што ў цяперашні час ён па ферме Сержаны самы высокі сярод астатніх у гаспадарцы. Ад адной каровы ў дзень зараз атрымліваюць больш 12 літраў малака, а за месяц надаілі каля 45 тон. А гэта практычна чвэрць ад агульнага месячнага надою гаспадаркі. Абсалютная большасць прадукцыі адсюль паступае сортам “экстра”.

Спецыялісты гаспадаркі лічаць гэтыя паказчыкі  невялікімі і ставяць перад сабой больш высокую планку, якую трэба пераадолець, каб укладзеныя сродкі пачалі даваць аддачу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *