Одно из самых молодых промышленных предприятий Ушаччины «Форестгандаль» производит продукцию не только для отечественного рынка, но и отправляет её в страны Европы

Импортозамещение

У адыходзячым 2016-м годзе свой першы юбілей адзначыла адно з самых маладых прамысловых прадпрыемстваў нашага раёна – таварыства з абмежаванай адказнасцю “Форэстгандаль”. Дзесяцігоддзе дзейнасці – нагода падвесці прамежкавыя вынікі работы, засведчыць, што з задуманага атрымалася, а што – не, акрэсліць перспектывы развіцця. А яны ў прадпрыемства ёсць, пра што красамоўна сведчыць павелічэнне аб’ёму вытворчасці прадукцыі: так, за 11 месяцаў бягучага года гэты паказчык склаў 87292 дэнамінаваныя рублі, што ўжо на 23 працэнты больш леташняга гадавога аб’ёму. Ці можна гэта лічыць падставай для аптымізму? З такога пытання і пачалася наша размова з дырэктарам ТАА “Форэстгандаль” Ігарам Віктаравічам Полазавым у офісе на другім паверсе належачага “Райаграсэрвісу” будынка, дзе вытворцы драўлянай харчовай упакоўкі арандуюць памяшканні.

За натуральнай упакоўкай – будучае

– Карані нашага аптымізму больш глыбокія, – удакладняе кіраўнік прадпрыемства. – І яны ў тым, што будучае менавіта за натуральнай упакоўкай. Калі на Захадзе гэта даўно ўсвядомілі, то ў нашай краіне вытворцы, на жаль, пакуль не робяць у сваёй маркетынгавай палітыцы акцэнт на экалагічную ўпакоўку, якую можна выкарыстоўваць паўторна і лёгка ўтылізаваць. І гэта вельмі недальнабачна, бо Беларусь, якая валодае выдатнай сыравіннай базай, магла б стаць заканадаўцам сусветнай моды на “здаровую” драўляную тару для прадуктаў. Замест гэтага мы бачым зараз адваротную карціну, якую ярка ілюструюць і наступныя лічбы: калі ў мінулым годзе на ўнутраным рынку мы рэалізавалі прадукцыі прыкладна на 60 тысяч рублёў, то за 11 сёлетніх месяцаў – на 28 тысяч. Іншымі словамі, толькі 18 працэнтаў вырабленай у гэтым годзе ўпакоўкі знайшлі свайго пакупніка ў Беларусі.

Зараз сярод айчынных вытворцаў, якія працягваюць упакоўваць свае вырабы ва ўшацкія драўляныя кошыкі, у асноўным мінскія партнёры, сярод якіх два хлебазаводы, два супермаркеты з уласнымі кандытарскімі цэхамі і адно прыватнае прадпрыемства. Некаторую колькасць кошыкаў набываюць “Гроднахлебпрам”, полацкія і наваполацкія кандытары. Змяншэнне заказаў з боку айчынных вытворцаў найперш абумоўлена падзеннем пакупніцкай магчымасці і, як след, попыту на некаторыя віды кандытарскіх тавараў, якія раней упакоўваліся ў драўляныя кошыкі. А таму “Форэстгандлю” застаецца спадзявацца на хуткую стабілізацыю айчыннага рынка і шукаць “камерцыйнага шчасця” за мяжой.

Арыентацыя – Захад

Увайшоўшы ў склад прадукцыі, убачыла гатовыя да транспарціроўкі вялікія палеты, у якіх кампактна складзена па 6 тысяч кошыкаў – хутка за іх чарговай партыяй прыбудзе фура, якая даставіць ушацкія вырабы ў Іспанію. У гэтыя спецыяльна распрацаваныя сёлета кошыкі пірынейскія гандляры будуць фасаваць мандарыны. Іспанія стала трэцяй пасля Аўстрыі і Швейцарыі еўрапейскай краінай, якую зацікавілі вырабы ўшачан, упакоўваюць жа ў такую тару ў асноўным ягады і грыбы, садавіну і агародніну. Сёлета па заяўках замежных партнёраў асвоены выпуск трох новых мадэляў кошыкаў, яшчэ адзін від распрацаваны і гатовы да запуску ў вытворчасць. Перспектыўнасць “заходняга вектару” пацвярджаюць лічбы: калі летась у агульным аб’ёме рэалізаванай прадукцыі доля экспарту складала 34 працэнты, то па выніках 11 сёлетніх месяцаў – 82! У грашовым выражэнні ў мінулым годзе аб’ём экспарту прадпрыемства склаў 18,5 тысячы еўра, а за студзень-лістапад бягучага – 56,4 тысячы. Гэта дало магчымасць “Форэстгандлю” ўнесці даволі істотны ўклад у выкананне раённага прагнознага паказчыка па экспарце тавараў.

Разам з тым, прымяраць “ружовыя акуляры” ад гэтых лічбаў не варта: замежныя партнёры скрупулёзна пралічваюць сваю выгаду і фактычна дыктуюць цану на экспарт – у выніку яна ніжэйшая за тую, па якой тавар рэалізуецца на беларускім рынку.

– У гэтым плане добрым стымулам для далейшага развіцця экспартнага напрамку з’яўляецца падатковая палітыка нашай дзяржавы: так, на прыбытак, атрыманы ад экспарту, прадпрыемства не аплачвае падатак на дабаўленую вартасць, – тлумачыць эканамічны нюанс бухгалтар ТАА “Форэстгандаль” Людміла Дзмітрыеўна Закрэўская.

Такім чынам, прыходзім да адназначнай высновы, што “ісці на Захад” трэба, імкнучыся заваёўваць аўтарытэт якасцю прадукцыі і дасягаць прыбытку, нарошчваючы аб’ёмы паставак.

Маглі б вырабляць больш

А ці ёсць для гэтага рэзервы на прадпрыемстве, дзе ў асноўным выкарыстоўваецца ручная праца? Трэба сказаць, што ўбачанае тут сёння неістотна адрозніваецца ад таго, як выглядала вытворчасць дзесяцігоддзе таму. Па-ранейшаму механізаваным з’яўляецца працэс лушчэння шпона (разразанне драўніны на тонкія пласты) і нарэзкі загатовак для кошыкаў, ну а непасрэдна іх выраб ажыццяўляецца ўручную. Займаюцца гэтым два дзясяткі зборшчыц: закладваюць загатоўкі ў спецыяльны шаблон-“кандуктар” і замацоўваюць іх. Так і хочацца абыграць гаваркую назву прылады, сказаўшы, што яна дае вырабам білет у Еўропу! Гатовая прадукцыя праходзіць дапрацоўку, сартуецца і адпраўляецца ў сушыльныя камеры.

Сярэдні налічаны заробак на прадпрыемстве не назавеш высокім – ён складае 200 рублёў за месяц. Але, па словах дырэктара, зборшчыцы могуць зарабляць больш: пры ўмове выканання дзённай нормы і захавання працоўнай дысцыпліны, з парушальнікамі якой, дарэчы, тут змагаюцца рублём, пазбаўляючы прэміі і надбаўкі.

На вырабе “іспанскай” мадэлі дзённая норма складае 900 кошыкаў за змену. Ці рэальна яе выканаць? Пацікавілася ў адной з лепшых зборшчыц Алены Арлоўскай, колькі часу яна затрачвае на адзін выраб. “Каля паўмінуты”, – адказала дзяўчына, якая працуе на прадпрыемстве адзін год. Па няхітрых падліках атрымоўваецца, што норму выканаць яна можа, аднак для гэтага практычна зусім нельга адхіляцца ад справы. Тое ж можна сказаць і пра Лілію Іванаўну Леднік, якая на “Форэстгандлі” ўжо пяць гадоў: жанчына прызнаецца, што можа сабраць кошык нават з заплюшчанымі вачыма. “Работа не горшая за іншыя, але ж ўкладвацца ў графік мне пакуль цяжкавата”, – прызнаецца маладая работніца Святлана Царава, якая, атрымаўшы пасля школы прафесію цырульніка, не змагла ўладкавацца па спецыяльнасці і вырашыла пачаць працоўны шлях на “Форэстгандлі”. Увогуле ж заўважыла, што нават падчас дыялогу са мной зборшчыцы не адрываліся ад работы, каб не адстаць ад графіка, бо ведаюць, што ад выпрацоўкі напрамую залежыць аплата. “Некаторыя з работніц мяркуюць, што наша норма занадта высокая, але ж на падобных прадпрыемствах, якія, напрыклад, маюцца на Гродзеншчыне, зборшчыцы за змену вырабляюць да 1200 кошыкаў і адпаведна маюць заробак у 400-500 рублёў. Лічу, што і сярод нашых жанчын многія здольны на гэта”, – разважае І.В.Полазаў. А яшчэ дадае, што намаганні па фарміраванні стабільнага калектыву ў апошні час прыносяць бачны плён.

Рэзервы ёсць

Сабекошт прадукцыі – адзін з галоўных крытэрыяў эфектыўнасці работы любога прадпрыемства. У апошні час на “Форэстгандлі” ўдалося знізіць яго на 20 працэнтаў. Ільвіную долю ў структуры сабекошту займае зарплата, а таму прадпрыемства ніяк не можа дазво­ліць сабе плаціць незаробленыя грошы. Яшчэ адзін важкі фактар зніжэння сабекошту – павелічэнне аб’ёму вытворчасці. Шмат можна зэканоміць і ў выніку аптымізацыі тэхналагічных працэсаў. “Стараемся больш патрабавальна падыходзіць да сыравіны, каб падчас яе апрацоўкі заставалася менш адходаў, больш поўна загружаць сушыльныя камеры, пазбягаць браку”, – расказвае малады майстар Аксана Лядзінская. На прадпрыемстве яна працуе паўтара года, але за гэты час ужо праявіла сябе як патрабавальны і адказны спецыяліст.

Задумваюцца на “Форэстгандлі” і аб мадэрнізацыі вытворчасці – яна, па словах дырэктара, у бліжэйшых планах.

І хоць гэтыя дзесяць гадоў дзейнасці прадпрыемства ніяк нельга назваць роўнымі і стабільнымі, варта адзначыць, што “Форэстгандаль” застаецца на плыву, дае працоўныя месцы ўшачанам і паступленні ў бюджэт раёна. І ставіць перад сабой няхай і не грандыёзныя, але амбіцыйныя мэты.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *