Продукция ООО «Твестуба» завоёвывает рынки Евросоюза

Импортозамещение

Тое, што многія сталічныя фірмы і буйныя прадпрыемствы абласных цэнтраў адкрываюць свае філіялы ў невялікіх гарадах і райцэнтрах, ведаюць усе. Але бывае і наадварот. У многіх, напрыклад, выклікае здзіўленне той факт, што галоўны офіс таварыства з абмежаванай адказнасцю “Твестуба” знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Ушачы, а прадстаўніцтва фірмы адкрыта… у Мінску.Здаецца, мы зусім нядаўна пісалі аб заснаванні ў райцэнтры гэтага новага імпартазамяшчальнага прадпрыемства, створанага дзякуючы фінансавым укладанням і прадпрымальніцкай ініцыятыве мінскіх бізнесменаў Васіля Васільевіча Трушко і Яўгена Вячаслававіча Свірчова, а вясной яно адзначыла свой першы юбілей – 5 гадоў з пачатку дзейнасці.

З моманту запуску першай лініі вытворчасці і па сённяшні дзень прадпрыемства стабільна развіваецца, пашырае рынкі збыту і асартымент выпускаемай прадукцыі. У 2011-2012 гадах выкананы работы па будаўніцтве дадатковых вытворчых памяшканняў, другая лінія па вытворчасці гільзаў кардонных навіўных запушчана ў жніўні 2011 года. Дзякуючы ўвядзенню ў эксплуатацыю ў студзені 2012 года новых станкоў на дадзены момант на прадпрыемстве могуць прапанаваць падарачную, сувенірную ўпакоўку, тубусы для алкаголю, упакоўку для чаю, кавы або спецый. У снежні 2012 года наладжаны выпуск кардонна-навіўных барабанаў. Гэта прадукцыя запатрабавана для ўпакоўкі, перавозкі, транспарціроўкі і захоўвання парашковай, сыпучай, цвёрдай і пастападобнай прадукцыі. Выдатна падыходзіць для павідла, згушчанага малака, тлушчаў, сухафруктаў, медыцынскіх парашкоў, розных змазачных матэрыялаў, бітуму, фарбы і многага іншага, а каштуе пры гэтым танней металічнай тары. Аб’ёмы – ад 8 да 57 літраў. Выраблялі барабаны для Ушацкага агароднінасушыльнага завода, для завода горнага воску ў Свіслачы, Мірскага філіяла Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода, там у іх разліваюць квас і прадаюць у такой тары за мяжу. Па жаданні заказчыка на прадпрыемстве могуць вырабіць і барабаны іншых памераў, укамплектаваць іх поліэтыленавымі пакетамі, нанесці на знешні бок лагатып заказчыка.

Сакавіком 2013 года датуецца запуск высокахуткаснай лініі па вытворчасці шпуль і патронаў, якія выкарыстоўваюцца ў хімічнай прамысловасці. Звышдакладнае абсталяванне дазваляе выпускаць вялікія аб’ёмы прадукцыі ў максімальна кароткія тэрміны. Вытворчасць кардонных гільзаў – даволі складаны тэхналагічны працэс, які патрабуе пастаяннага ўдасканалення тэхналогіі і якасных матэрыялаў, а пастаянны кантроль якасці мінімізуе магчымасць вытворчасці браку і дазваляе пастаўляць заказчыкам толькі вырабы стандарту сусветнага ўзроўню, які адпавядае запытам самых патрабавальных кліентаў. Для патрэб хімічнай галіны ў нашай краіне такую прадукцыю выпускаюць толькі на “Твестубе”: патроны, гільзы, шпулі кардонныя для прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці. Па жаданні заказчыка патроны могуць быць з верхнім покрыўным слоем з пергаменту любой з 15 расфарбовак, на прадпрыемстве могуць вырабіць любыя іх віды па чарцяжах кліента.

Работа на тэхналагічных лініях арганізавана ў дзве змены – з 8.00 да 17.30, другая – з 17.30 да 2 ночы. Зараз калектыў з 35 чалавек сфарміраваўся, хаця з пачатку дзейнасці праз таварыства прайшло каля 300 чалавек, многія не вытрымліваюць патрабаванняў. Мінулым летам на прадпрыемстве ўстанавілі сістэму відэаназірання, кошт яе – камерцыйная тайна, але намеснік генеральнага дырэктара таварыства Мікалай Данілавіч Апёнак кажа, што яна сябе ўжо акупіла. Спыніліся крадзяжы, вытворчасць працы рабочых на змене ўзрасла прыблізна на чвэрць. Дзякуючы спадарожнікавым сродкам сувязі генеральны дырэктар прадпрыемства можа ў любы момант прасачыць за работай калектыву з любой кропкі краіны.

Спецыяльных памяшканняў для захоўвання прадукцыі тут няма, выраз “працуюць на склад” ім не падыходзіць, бо таварыства выконвае толькі папярэднія заказы. Калі наведваў вытворчыя цэхі, якраз застаў загрузку фуры ААТ “Віцебскія дываны” непасрэдна з памяшкання цэху доўгімі пяціметровымі гільзамі. Трэба сказаць, што гэта адзіны від прадукцыі, якая грузіцца ўручную.

Толькі па сёлетніх заяўках кліентаў, якія акуратна падшыты ў папку намесніка генеральнага дырэктара, можна вывучаць геаграфію краіны. Сярод заказчыкаў не толькі буйныя прадпрыемствы нафта-хімічнага комплексу краіны, але і прыватныя прадпрыемствы самага рознага профілю, спецыялізацыю некаторых М.Д.Апёнак нават не ведае. Акрамя прыгаданага дывановага камбіната вырабляецца прадукцыя для ААТ “Нафтан”, Полацкай папяровай кампаніі, ААТ “Магілёўхімвалакно”, нядаўна выйгралі тэндар на пастаўку прадукцыі для завода газетнай паперы ў Шклове, куды адпраўляюць звыш 20 відаў вырабаў, выпусцілі пробную партыю для ААТ “ГроднаАзот”. Дарэчы, усе кантракты на пастаўку прадукцыі заключаюцца на канкурэнтнай аснове, бо гэта некалькі год таму прадпрыемства не мела аналагаў у Беларусі. Зараз падобныя вытворчасці створаны ў Слоніме, Светлагорску, Дзяржынску, Жлобіне, Шклове, але па суадносінах “кошт-якасць” і аб’ёмах заказаў яны саступаюць нашай “Твестубе”.На тубы з ушацкай прапіскай у розных гарадах Беларусі намотваюць ніткі і валокны, кардон, фольгу, скотч, лейкапластыр, штучныя футру і скуру, лінолеум і іншыя падлогавыя пакрыцці, розныя віды плёнкі, тэхнічных стужак, тканіны, рулонныя матэрыялы. Таму і не дзіўна, што сярод пастаянных кліентаў “Твестубы” і такія буйныя вытворцы, як Гомельская швейная трыкатажная фабрыка “8 Марта”, холдынг “Беларускія шпалеры” і нават Свята-Елісееўскі манастыр г.Мінска, куды пастаўляюцца прыгожыя эксклюзіўныя ўпакоўкі для гарбаты.

У пачатку мая прадпрыемства выйшла і на рынкі Еўрасаюза – заключыла перспектыўны кантракт з літоўскай фірмай, хаця ў Прыбалтыцы ёсць свае падобныя вытворчасці. У таварыстве спадзяюцца, што гэта толькі пачатак і іх прадукцыя, якой давяраюць прафесіяналы з беларускіх хімічных гігантаў прамысловасці, заваюе рынак яшчэ не адной еўрапейскай краіны.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *