Ушачское предприятие «Твестуба» расширяет круг своих клиентов

Импортозамещение

Каля 220­-260 тон кардону ў месяц патрабуецца для бесперабойнай працы ТАА “Твестуба”. Аб’ём спажывання залежыць ад віду выпускаемай прадукцыі, а прадпрыемства працягвае пашыраць яе асартыментны пералік – на мінулым тыдні ў беларускую сталіцу адпраўлена пробная партыя камбінаваных банак.

Менавіта такую назву мае тавар па накладной, а ўяўляе сабой звычайныя тубусы даўжынёй 1,1 метра і дыяметрам 9,2 сантыметра. Яны стануць тарай для паліграфічных вырабаў і шпалераў – такую спецыялізацыю маюць дзве прыватныя фірмы­заказчыкі. І не бяда, што вытворчасць першых партый для прадпрыемства практычна заўсёды з’яўляецца стратнай – на гэта ў “Твестубе” ідуць асэнсавана, каб у далейшым атрымаць заказ і заняць чарговую нішу рынку.

Новыя тубусы да таварнага стану праходзяць аж праз 4 станкі. Работніцы прадпрыемства, якія прадэманстравалі мне ўзоры прадукцыі, задзейнічаны на розных канцах тэхналагічнага ланцуга. Машыніст Алена Крук навівае нарыхтоўкі, а пасля тарцавання, завальцоўкі, высечкі на спецыяльным прэсе донцаў, ўпакоўшчыца Вольга Антановіч рыхтуе ўжо гатовы тавар да адгрузкі.

– Запуск станкоў, іх наладка на выпуск новых вырабаў акупляецца толькі пры аб’ёмах заказу не менш тысячы пагонных метраў, – расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Мікалай Данілавіч Апёнак. – Зараз жа дэманструем мінчанам на што здольныя. Прапаноўвалі розную каляровую гаму: блакітную заказчык выбраў з 4 варыянтаў. Астатнія, як і матэрыялы, выкарыстаныя пры пусканаладачных работах, ідуць ва ўтыль. Мы заўсёды пільна падыходзім да якасці і выбракоўваем прадукцыю нават з мінімальным дэфектам, які, бывае, на вока і не заўважыш.

Дзякуючы такому падыходу ўсе 300 пробных тубусаў задаволілі густ заказчыкаў, бо літаральна праз некалькі дзён на “Твестубу” паступіў новы заказ, на выкананні якога прадпрыемства ўжо будзе зарабляць.

Паступова “абрастаючы” новымі кліентамі, не страчваюць дзелавыя сувязі і з пастаяннымі партнёрамі, стараюцца задаволіць усе іх патрабаванні. Асноўным пастаўшчыком кардону для “Твестубы” з’яўляецца спецыялізаванае слонімскае прадпрыемства, але, напрыклад, у вытворчасці тубаў для аднаго з буйнейшых заказчыкаў ААТ “Гродна­Азот” спецыяльна закупляюць кардон у Расіі, аснову для намоткі шпагату для кампаніі “БелЕўраПак” таксама робяць з выкарыстаннем спецыяльнай тэхналогіі – прадукцыя пастаўляецца ў Германію. Улік пажаданняў кліентаў, якасць прадукцыі, хуткасць выканання заказаў – аснова паспяховай канкурэнцыі, трываласці рыначных пазіцый, якія на “Твестубе” мяркуюць яшчэ больш пашырыць.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *