События 2016 года (по версии БелТА)

Общество

Парламенцкія выбары

11 верасня ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 26 склікання. У новы склад парламенту абраны 110 дэпутатаў. Сярод іх 38 жанчын і 72 мужчыны. Яўка выбаршчыкаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў склала 74,8%. Дэпутаты па ўсіх акругах былі абраны ў першым туры.

Павышэнне пенсійнага ўзросту

З 1 студзеня 2017 года  пенсійны ўзрост будзе павялічвацца штогод на 6 месяцаў: мужчынам – да 63, жанчынам – да 58 гадоў. Павышэнне скончыцца, калі ў другой палове 2022 года на пенсію выйдуць мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1959 года, і жанчыны, якія нарадзіліся ў другой палове 1964 года.

Пяты Усебеларускі народны сход

22-23 чэрвеня прайшоў пяты Усебеларускі народны сход. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 2,5 тысячы чалавек, якія прадстаўляюць усе пласты беларускага грамадства – ад рабочых і працаўнікоў вёскі да студэнтаў, пенсіянераў і вайскоўцаў, на ім былі выпрацаваны асноўныя напрамкі развіцця краіны на 2016-2020 гады.

Рэкордная нараджальнасць

Мінулы год можа стаць рэкордным па колькасці народжаных дзяцей. За дзевяць месяцаў 2016 года ў рэспубліцы нарадзілася 89434 дзіцяці, што на 455 дзяцей больш, чым за 9 месяцаў 2015-га. Нарэшце адзначаны натуральны прырост насельніцтва, які склаў 518 чалавек – з канца 1980-х гадоў колькасць народжаных у краіне дзяцей зніжалася. Цікава, што ў 2016 годзе сталі мамамі адразу дзве знакамітыя беларускія спартсменкі – Дар’я Домрачава і Вікторыя Азаранка.

Дэнамінацыя

Беларусь з 1 ліпеня 2016 года перайшла на новыя грошы – на змену банкнотам узору 2000 года прыйшлі банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 да 1 беларускага рубля. Згодна канцэпцыі дызайну “Мая краіна – Беларусь” на новых банкнотах адлюстраваны помнікі гісторыі і архітэктуры краіны.

Перасадка комплексу “сэрца-лёгкія”

Беларускія медыкі ўпершыню правялі вельмі складаную аперацыю па перасадцы комплексу “сэрца-лёгкія”, якая дае надзею падоўжыць жыццё не менш чым на 10 гадоў. Аперацыяй, якая доўжылася 9 гадзін, кіраваў акадэмік Юрый Астроўскі. Зараз у чарзе на трансплантацыю комплексу “сэрца-лёгкія” ўжо знаходзяцца 15 чалавек.

Народны настаўнік Беларусі

Упершыню ў гісторыі краіны прысвоена ганаровае званне “Народны настаўнік Беларусі”. Яго атрымаў настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №1 Валерый Барашкаў. За гады працы ў ліцэі ён падрыхтаваў больш за 200 пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Яго вучні заваявалі 9 медалёў і 1 пахвальны водгук на міжнародных алімпіядах па фізіцы.

Рэактыўная сістэма залпавага агню “Паланэз”

Узброеныя Сілы краіны прынялі на ўзбраенне новую распрацоўку беларускага ваенна-прамысловага комплексу – рэактыўную сістэму залпавага агню (РСЗА) вялікай дальнасці “Паланэз”. Гэта суперсучасная зброя найноўшага пакалення. Многія тэхнічныя рашэнні, рэалізаваныя ў РСЗА, не маюць аналагаў у свеце.

Ліпеньскі тарнада

У ліпені 2016 года на Беларусь абрынулася стыхія такой сілы, што відавочцы празвалі яе тарнада. Парывы ветру вырывалі з каранямі стогадовыя дрэвы, перамяшчалі самалёты ў аэрапорце, руйнавалі цэлыя вёскі, патокі вады затапілі падвалы дамоў, машыны. Па ўсёй краіне былі пашкоджаны дрэвы на плошчы амаль 12,8 тыс. га. Гэта стала самым маштабным бедствам за ўсю гісторыю лесаводства ў Беларусі. Мацней за ўсё пацярпелі Мінская і Гомельская вобласці.

Запуск спадарожніка “Белінтэрсат-1”

Першы беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік “Белінтэрсат-1” 15 студзеня ў 19.57 па мінскім часе запушчаны з касмадрома Січан ў Кітаі. З яго запускам Беларусь увайшла ў прэстыжны спіс крыху больш за трох дзясяткаў краін, якія маюць спадарожнік уласнай сістэмы сувязі.

* * *

Акрамя таго, у пералік 15 галоўных падзей увайшлі: права Беларусі на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў, стварэнне Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прыняцце Кодэксу аб культуры, 6 залатых медалёў Ігара Бокія на Паралімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *