В ответе за тех, кого…подключили. Родителям следуют быть внимательными к тому, чем их дети занимаются в интернете

Наши дети

Дзеці зрабілі ўрокі, павячэралі, і ціха сядзяць за камп’ютарам ці з планшэтам, “вандруючы” па сетцы інтэрнэту – для многіх бацькоў такая карціна здаецца ідэлічнай. Маўляў, ніякай небяспекі нашчадкам не пагражае, тыя заўсёды пад наглядам. Так думалі і бацькі 14-гадовага Вячаслава з Гомельскай вобласці, якога ад сучасных гаджэтаў да нядаўняга часу было практычна не адарваць. Не на жарт давялося пахвалявацца грамадзянам у кастрычніку мінулага года, калі ў іх дом завіталі праваахоўнікі, зацікавіўшыся асобай сына. Як аказалася, Слава захапіўся матэрыяламі парнаграфічнага зместу і некалькі відэаролікаў размясціў сабе на старонку ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Гэтае відэа зацікавіла і многіх сяброў хлопца – за два месяцы назбіралася больш за 50 праглядаў. Ад крымінальнай адказнасці школьніка выратаваў толькі яго юны ўзрост. А вось бацькам Вячаслава за такія яго “свавольствы” давялося заплаціць немалы штраф.

Крымінальныя зводкі ў апошні час усё часцей фіксуюць падобныя правапарушэнні. Размяшчаючы ў свабодным доступе на старонках у сацсетках любыя матэрыялы з “перчыкам” – фільмы, відэаролікі, фатаграфіі – грамадзяне нават не задумваюцца, што тым самым пераступаюць мяжу закону. Як нам паведаміў старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі Аляксандр Бандарэнка, ва ўзгаданых дзеяннях утрымліваецца састаў злачынства, прадугледжаны арт.343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яго магчымыя санкцыі – грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў і нават арышт. У выпадку ж, калі парнаграфічны матэрыял адлюстроўвае непаўналетняга, адказнасць наступае па арт.343-1, які прадугледжвае пакаранне аж да пазбаўлення волі на 4 гады. У выпадку паўторнасці падобнага правапарушэння гэты тэрмін павялічваецца ўдвая.

– Варта падкрэсліць, што крымінальная адказнасць па ўзгаданых артыкулах наступае ўжо з 16 гадоў, – кажа старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Канстанцін Аўсіевіч. – Калі ж парушальнік не дасягнуў гэтага ўзросту, адказнасць па арт.9.4 КоАП Рэспублікі Беларусь панясуць яго бацькі. На першы раз яны могуць атрымаць папярэджанне або штраф да 10 базавых велічынь. У выпадку ж паўторнага на працягу года аналагічнага правапарушэння – штраф, прычым удвая большы.

Зрэшты, факты ўзбуджэння крымінальных спраў за распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў ёсць і на Ушаччыне (у 2016 годзе – 2). Праўда, аматарамі “клубнічкі” ў абодвух выпадках былі дарослыя жыхары гарпасёлка ва ўзросце каля 30. Аднак гэта не выключае таго, што “рыльца ў пушку” можа быць і ў некаторых юных ушачан.

* * *

Спайс дабраўся і да дзяцей. У рэанімацыю дзіцячай бальніцы Маладзечна з падазрэннем на атручванне наркотыкам трапіў 13-гадовы хлопчык. Пасля ўрокаў ён з таварышам накіроўваўся дадому. Па дарозе яны спыніліся, школьнік спажыў сумесь і… імгненна страціў прытомнасць. Напалоханы сябар тэрмінова выклікаў “хуткую”, паклікаў на дапамогу настаўнікаў. Гэта і выратавала хлопчыку жыццё…

У такім юным узросце наркатычнага атручвання дагэтуль не здаралася. І хоць дакладна вызначыць рэчыва не атрымалася, эксперты мяркуюць, што гэта быў спайс. Кожны месяц ад спажывання гэтага наркатычнага рэчыва ў рэанімацыю трапляе па некалькі чалавек. Бываюць, на жаль, і смяротныя выпадкі.

Спажыўцамі атруты становяцца звычайна маладыя людзі ва ўзросце 16-25 гадоў. Аднак, як паказвае ўзгаданы вышэй прыклад, імкненне да эксперыментаў, жаданне выглядаць больш дарослымі “кладуць у рукі” гэты дурман і зусім яшчэ малым хлопчыкам і дзяўчынкам.

Адкуль яны ведаюць пра спайсы? І галоўнае – дзе іх бяруць? Адказ на гэтыя пытанні дапамагло знайсці апытанне, праведзенае нядаўна сярод моладзі нашай краіны. Як высветлілася, кожны другі рэспандэнт хоць раз задумваўся пра набыццё такога зелля праз сетку інтэрнэт – маўляў, прапаноў дастаткова, а схаваць канцы ў ваду ў віртуальным свеце дастаткова проста (з апошнім немагчыма пагадзіцца!). А 11 працэнтаў апытаных хоць раз у жыцці спрабавалі гэта зрабіць, начытаўшыся ў тым жа інтэрнэце “казак” пра “нявіннасць” спайсаў.

Зрэшты, такія дзеянні расцэньваюцца як злачынства і ў адпаведнасці з арт.328 КК Рэспублікі Беларусь цягнуць пакаранне ў выглядзе абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў. Варта адзначыць таксама, што крымінальная адказнасць па гэтым артыкуле наступае ўжо з 14 (!) гадоў.

* * *

Варта нагадаць бацькам аб неабходнасці быць максімальна ўважлівымі да таго, чым займаюцца іх дзеці ў сусветнай павуціне. Пагутарыце з імі пра негатыўны кантэнт, дамоўцеся пра яго ігнараванне. Зрэшты, устанавіць бацькоўскі кантроль у інтэрнэце можна і праз спецыяльнае праграмнае забеспячэнне на камп’ютары ці іншай мабільнай прыладзе.

І яшчэ. Набываючы для дзяцей новыя гаджэты, бацькі павінны памятаць: мы адказваем за тых, каго…падключылі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *