Выясняем ситуацию: почему в КУСХП «Глыбочаны» сложилась критическая обстановка в животноводстве

Выясняем ситуацию Сельское хозяйство

Комплекс КУСГП “Глыбачаны” давялося наведаць у пачатку года. Загулялі тут падчас навагодніх святаў і толькі пасля візіту старшыні райвыканкама, калі літаральна пальцам было ўказана на відавочныя недахопы, мясцовыя жывёлаводы ўзяліся за выпраўленне сітуацыі – чысцілі памяшканні, сартавалі кароў і мянялі работнікаў, шукалі крыніцы для паляпшэння кармавога стала жывёлы, бо асноўныя паказчыкі вытворчасці не вытрымлівалі ніякай крытыкі. Здавалася, усю цяжкасць становішча зразумелі і малады кіраўнік Сяргей Канстанцінавіч Міхаль, і работнікі. Прайшоў амаль месяц, і разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Алай Іванаўнай Папко мы зноў накіраваліся ў Глыбачку.

Сказаць, што становішча не палепшылася, будзе не зусім правільна, але кардынальна, як таго патрабавала сітуацыя, нічога не змянілася. За прайшоўшыя тыдні тэрыторыя паступова набліжаецца да “звыклага” стану. Астравамі адноснай чысціні на агульнай карціне выглядалі хіба што малочны блок ды цялятнік, дзе ў адсутнасці гаспадыні Раісы Пліскевіч “гаспадарыў” Борка – казёл, які ўтрымліваецца ў памяшканні з маладняком у мэтах дэзінфекцыі, перагрыз шпагат, якім мацаваліся дзверцы некаторых клетак, і цяляты рознага ўзросту гулялі па праходзе. Зрэшты, выскачыць на вуліцу яны не маглі, бо ўваходы былі зачынены шчыльна, у цялятніку было суха і цёпла.

У памяшканні ж для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, які пойдзе на ўзнаўленне дойнага статка, было ні горача, ні холадна. Такімі словамі можна характарызаваць не толькі тэмпературны рэжым, а і адносіны работнікаў да справы. Цялушкі, якія па тэхналогіі павінны ўтрымлівацца на глыбокай подсцілцы, мясілі капытамі бруд. Трэба сказаць, што ачыстка памяшканняў вялася – трактар выдаляў гной з праходу, ды толькі робіцца гэта не рэгулярна, а калі ўжо жывёла канчаткова “патанае”.

Падсобныя памяшканні, якія не выкарыстоўваюцца, ператвараюцца ў звалку розных непатрэбных рэчаў. Каркасы праёмаў дзвя­рэй “упрыгожваюць” абрыўкі плёнкі, якой, напэўна, калісьці былі забіты ўваходы. Няўжо іх так складана прыбраць?! Як і смецце ў тамбурах ля ўваходу ў некаторыя памяшканні комплексу. Напрыклад, ля аднаго з кароўнікаў яно валялася прама ля варот. Між тым, у пакоі жывёлавода знаходзілася некалькі маладых мужчын. На пытанне, чаму б іх не прыцягнуць да навядзення парадку, нядаўна прызначаная загадчыца комплексу Таццяна Тараканава адказала, што гэтыя людзі не ў яе падначаленні, працуюць на рамонце абсталявання, зайшлі пагрэцца і адпачыць…

Як гэта не дзіўна, але аб тым, што прыбіраць смецце – не яго справа, можа заявіць любы з працаўнікоў комплексу, бо са сваімі абавязкамі яны не азнаёмлены. Не было на стэндзе і працоўнага распарадку, а апошнія змяненні ў вывешанай інфармацыі датаваны 2013 годам. Дакументацыя пасля заўваг А.І.Папко знайшлася… у камп’ютары эканаміста. А вось неабходнай заатэхнічнай так і не ўдалося адшукаць.

У гаспадарцы з-за недапрацовак па асемяненні і хвароб жывёлы вельмі нізкі выхад цялят, не ўдаецца вырашыць праблему захаванасці маладняку. З пачатку года было атрымана 24 галавы цялят з запланаваных звыш 50 (у ААТ “Дземенец”, дзе статак у разы меншы, атрымалі 19 галоў). Вось і стаіць пустым плёначнік на вуліцы: не таму, што мароз – проста ставіць туды няма каго. Нягледзячы на строгія патрабаванні аб недапушчэнні выбыцця жывёлы, пяці кароў у “Глыбачанах” за студзень не далічыліся – па словах С.К.Міхаля, трэба было забіраць адрамантаваны 20-тонны МАЗ. Але калі праблемы забяспечанасці запчасткамі, набыцця паліва, медыкаментаў і іншых “расходнікаў” і надалей вырашаць такім чынам, то хутка жывёлы не застанецца зусім. Гэтым мэтам павінны служыць “малочныя” грошы, іншая справа, што іх няма.

Дзённы надой малака ў гаспадарцы меншы мінулагодняга ўзроўню прыблізна на тону – крыху больш 70 працэнтаў і 4,7 літра ад каровы, таварнасць – каля 80 працэнтаў. Якасці таксама далёка нават да ўзроўню калег з іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна. “Глыбачаны” – адзіная гаспадарка, дзе з пачатку года ніяк не могуць атрымаць ні літра “экстры”, а розніца ў грошах з вышэйшым гатункам адчувальная, таму кошт дзённага надою за студзень быў ніжэй 1000 рублёў.

Кармавы стол тут не назавеш багатым. Набыць камбікорм няма сродкаў, неўраджай мінулага года не даў магчымасць забяспечыць патрэбы жывёлагадоўлі ўласным зернем. Яго крыху ёсць, але адключана за даўгі электраэнергія і змалоць мукі няма магчымасці. Работнікі комплексу сцвярджаюць – жывёла атрымлівае лепшае з таго, што ёсць, але ці робяць яны максімум магчымага ў такіх складаных умовах? Здаецца, што не. Каб хоць крыху разнастаіць рацыён жывёлы і павысіць яго энергетычную каштоўнасць, пазычаюць шрот у “Дземенцы”. А вось эфектыўнасць яго выкарыстання выклікае пытанні. Няма журнала выдачы, а ажыццяўляецца яна без выкарыстання мерных ёмістасцей, якія, па словах даярак, нібы куплялі і выдавалі, але карыстацца імі яны не спяшаюцца. Зразумела, што сыпаць корм прама з мяшка або з вядра хутчэй – за гэтым працэсам мы з А.І.Папко мелі магчымасць паназіраць. А тое, што шрот пры такой раздачы трапляе не кожнай карове, якія знаходзяцца на прывязі і таму “пазычыць” корм у суседак ніяк не змогуць, аператараў не хвалюе. На праходзе, дзе ляжаў прадзіраўлены мяшок, пасля раздачы засталася горка шроту. Не вельмі вялікая, але па ўмовах кармлення – на некалькі галоў. Хвілін праз 40 зазірнулі ў кароўнік… шрот заставаўся там жа, на праходзе.

– Каля 28 тысяч атрымала гаспадарка за малако за месяц, – прыводзіць простую арыфметыку А.І.Папко. – 30 працэнтаў гэтых сродкаў пойдуць у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 25 працэнтаў, у адпаведнасці з патрабаваннямі – на спецрахунак. Няцяжка падлічыць, што астатніх грошай, нават без уліку аплаты крэдытаў, электраэнергіі і іншых бягучых плацяжоў, на зарплату не хопіць, хоць яе фонд і невялікі – 18,7 тысячы рублёў.

Аналізуючы лічбы, зразумела, што гаспадарка, якая ў недалёкім мінулым даплачвала ўсім да “мінімалкі”, нягледзячы на каэфіцыент працоўнага ўдзелу работнікаў у вытворчасці, зараз не мае такой магчымасці. Таму абурэнне працаўнікоў невысокімі заробкамі, выдачы часткі ў выглядзе натураплаты незразумелыя – няма прадукцыі.

Убачанае асаблівага аптымізму не надае. Выканаўчай дысцыпліне гаспадаркі магчыма і рана ставіць дыягназ “інваліднасць”, але відавочна, што кульгае яна на абедзве нагі. Можна і надалей ківаць на пралікі і ўпушчэнні ў рабоце былога кіраўніцтва, але людзі ў гаспадарцы ў асноўным засталіся тыя ж, і калі тэрмінова не навесці парадак, не выправіць сітуацыю з адносінамі да справы, то тэрмін знаходжання кіраўніка на пасадзе так і абмяжуецца выпрабавальным.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *