Класс будущих защитников Отечества. В первом классе Ореховской школы мальчиков в шесть раз больше девочек

Наши дети

На пытанне, хто з іх, калі вырасце, хоча стаць ваенным, амаль усе хлопчыкі з 1 класа Арэхаўскай школы ўзнялі рукі. І пачалі наперабой тлумачыць свой інта­рэс да армейскай справы. Саша Ганчароў з дарослай мудрасцю заўважыў, што абараняць Радзіму – гэта вельмі важна. Патрымаць у руках сапраўдны аўтамат і снайперскую вінтоўку мараць Паша Пацэйка і Саша Асепёнак, Рому Магерку вабіць магчымасць навучыцца кіраваць ваеннай тэхнікай, а яго браціку Валянціну да спадобы вайсковая форма.

Слаўныя ратныя подзвігі ў гэтых будучых абаронцаў Радзімы яшчэ наперадзе, ну а пакуль што трэба ўзброіц­ца ведамі ў пачатковай “вучэбцы” пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка Святланы Фёдараўны Папко.

– Калі перад першым верасня ўбачыла спіс сваіх будучых вучняў, нават крыху разгубілася: яшчэ ніколі не даводзілася працаваць з класам, дзе хлопчыкаў у шэсць разоў больш, чым дзяўчынак! Зараз жа ўпэўнена, што мне пашанцавала – абсалютна ўсе мае першакласнікі вельмі здольныя, кожны мае пэўныя таленты!

За пацвярджэннем слоў любімага настаўніка справа не стала. Альбом з прыгожымі малюнкамі прадэманстраваў Паша Пшанічкін. Таксама хлопчык разам з Сашам Ганчаровым вучыцца іграць на скрыпцы, а іх сябры Саша Асепёнак, Лёша Кірпічонак і Максім Мілы асвойваюць балалайку. А як бойка Максім правёў зарадку з класам! Любяць чытаць, прыгожа пішуць і малююць Дзяніс Бародзіч, Косця Кавалевіч, Паша Пацэйка. Браты Магеркі маюць усе шансы вырасці ў зорак спорту. А Мацвей Люцько настолькі любіць школу, што нават крыху захварэўшы, угаварыў маму адпусціць яго на аўтобус, які прывозіць дзяцей з Глыбачкі ў Арэхаўна. Не было ў гэты дзень у класе Максіма Турчыновіча: хлопчыку, які жыве ў доме сямейнага тыпу, з-за хваробы даводзіцца нярэдка прапускаць заняткі, але яго стараннасць і здольнасці, а таксама намаганні прыёмных бацькоў дапамагаюць не адставаць ад праграмы.

“А ці не крыўдзяць вас хлопчыкі?” – пытаюся ў дзвюх прадстаўніц прыгожай паловы 1 класа. “Нее! Наадварот, абараняюць!” – адказвае Іра Глінская, а Васіліса Арцюх дадае, што ў такой кампаніі ёй вельмі падабаецца вучыцца і яна плануе быць выдатніцай. А як шануюць хлопчыкі сваю настаўніцу! “Святлана Фёдараўна, калі Вас хто-небудзь калі-небудзь выкрадзе, не хвалюйцеся – я Вас абавязкова выратую!” – паабяцаў днямі любімаму педагогу Максім Мілы.

Што ж, менавіта такімі і павінны быць сапраўдныя мужчыны: моцнымі і разумнымі, добрымі і дружнымі. Хочацца спадзявацца, што гэтыя дзеці здолеюць захаваць і развіць свае якасці, вырастуць дастойнымі грамадзянамі і надзейнымі абаронцамі нашай краіны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *