По итогах работы за год Ушачское предприятие мелиоративных систем заняло 2 место среди предприятий КУП «Витебскмелиоводхоз»

К профессиональному празднику

У першыя дні чэрвеня сваё прафесійнае свята традыцыйна адзначаюць меліяратары – людзі, якія працуюць на зямлі і робяць яе прыгажэйшай. Па выніках работы за год калектыў УП “Ушацкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” заняў другое месца сярод 23 прадпрыемстваў КУП “Віцебскмеліяводгас”. Наогул ушачане ўжо не першы год стабільна знаходзяцца сярод самых мацнейшых. Чым сёння жыве арганізацыя, аб працоўных буднях і здабытках – у нашым матэрыяле.

Заўсёды запатрабаваны

Цяжка пераацаніць уклад меліяратараў у павышэнне ўрадлівасці зямель, атрыманне ўраджаяў сельскагаспадарчых культур, яны таксама ўносяць свой, хоць і нябачны, але важкі ўклад у агульны каравай. Яны ніколі не сядзяць без работы – меліяраваныя палі трэба падтрымліваць у належным стане: ачышчаць ад заілення і абкошваць каналы, рамантаваць гідратэхнічныя збудаванні. Але ў сучасных рэаліях калектыў выконвае работы і па мностве іншых напрамкаў, мае дзяржаўныя сертыфікаты і атэстацыю на стварэнне дарожных пакрыццяў, на мантаж вонкавых сетак сістэм каналізацыі, водаправодаў і шмат чаго іншага. Сёлета, як і ў папярэднія гады, працуюць  на ААТ “Нафтан”. Па-ранейшаму цесна ўзаемадзейнічаюць з сельгаспрадпрыемствамі, дзе ў мінулым годзе выканана работ на суму звыш мільярда рублёў: тэхніка задзейнічана на вывазцы арганікі, бульдозеры і экскаватары – на навядзенні парадку ля жывёлагадоўчых і вытворчых аб’ектаў. Значныя аб’ёмы выканалі меліяратары па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Жыхары і госці раёна ацанілі новы выгляд цэнтральнай плошчы, ёсць у гэтым заслуга і работнікаў прадпрыемства, якія займаліся ўкладкай тратуарнай пліткі.

Наогул за мінулы год па ўсіх відах падрадных работ выкананы аб’ём амаль на 100 працэнтаў. Выручка ад рэалізацыі работ, паслуг склала 32 тысячы рублёў, а чысты прыбытак – 17 тысяч.

Днямі меліяратары завяршылі рамонт меліярацыйнай сістэмы “Гамылёва” КУСГП “Кублічы”. Штодня працуе тэхніка і людзі на добраўпарадкаванні тэрыторыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Галоўны аб’ект года

Рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Воцькавічы” стала галоўным аб’ектам ушацкіх меліяратараў у бягучым годзе. У выніку работ у ААТ “Агра-Селішча” з’явіцца 211 гектараў палепшаных зямель. Гэты аб’ект, які дазваляе прадпрыемству зарабіць, фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту, а яго ўключэнню ў спіс першачарговых садзейнічаў наш дэпутат, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Асвойваць сродкі меліяратары пачалі тут у канцы мінулага года.

– Гэтая меліярацыйная сістэма была пабудавана ў самым пачатку 90-х і, канечне, патрабавала рэканструкцыі. Ідзе карчоўка кустоўя, засыпаюцца дробныя каналы, замест якіх укладваецца сучасная дрэнажная сістэма, – расказвае галоўны інжынер прадпрыемства М.Л.Фядосенка. – Уявіце аб’ёмы – толькі дрэнажу трэба пракласці 72 кіламетры, з якіх нам засталося зрабіць 20. Цяжкасцей падкідваюць шматлікія крыніцы.

Поўнасцю завяршыць работы на аб’екце працаўнікі Ушацкага ПМС мяркуюць у верасні.

Трывалы калектыў

Тут сапраўды працавітыя і адказныя работнікі, здольныя выканаць любое заданне. Сёння на прадпрыемстве працуе 80 чалавек. Да прафесійнага свята па традыцыі адзначаюць самых лепшых, а праца ўшацкіх меліяратараў заўважана не толькі на раённым узроўні. Па выніках работы за мінулы год звяно шматкаўшовага экскаватара ў складзе экскаватаршчыка Васіля Васільевіча Пугача, мантажнікаў вонкавых трубаправодаў Андрэя Уладзіміравіча Анкудовіча, Уладзіміра Аляксеевіча Лявонцьева, замершчыка Сяргея Васільевіча Сарокіна, прызнана другім па ўсёй сістэме КУП “Віцебскмеліяводгас”.

Ганаровай граматай галоўнага прадпрыемства ўзнагароджаны вытворца работ Уладзімір Віктаравіч Напрыенка, Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама – вадзіцель аўтамабіля Анатоль Фёдаравіч Лёля. Ганаровая грамата Ушацкага райвыканкама ўручана сапраўднаму прафесіяналу сваёй справы галоўнаму інжынеру Мікалаю Леанідавічу Фядосенку. Работа загадчыка рамонтнай майстэрні Міхаіла Васільевіча Бугая і машыніста аўтамабільнага крана Алега Васільевіча Гіраўкі адзначана Ганаровымі граматамі райкама прафсаюза работнікаў АПК. Ганаровыя граматы прадпрыемства атрымалі майстар Яўген Алегавіч Бурылаў і машыніст бульдозера Аляксандр Васільевіч Чэвідаеў, Дыплом – вадзіцель Валерый Віктаравіч Коўшаль. Да Дня меліяратара абнавілася і Дошка гонару прадпрыемства, на якую сёлета занесены Уладзімір Аляксеевіч Лявонцьеў, Вольга Віктараўна Анкудовіч, Міхаіл Фёдаравіч Лаюшка, Леанід Уладзіміравіч Полазаў і Віктар Сямёнавіч Аўтух, які да таго ж атрымаў званне і пасведчанне “Ганаровы ветэран прадпрыемства”. Зрэшты, удзячнасці і добрых слоў заслужылі большасць работнікаў, ветэраны, пра якіх не забыліся і таксама ўшанавалі ўчора на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды свята. Моцны і згуртаваны калектыў – галоўная каштоўнасць прадпрыемства, лічыць яго дырэктар Васіль Станіслававіч Спірчонак. А значыць, новыя вытворчыя вышыні ва Ушацкага ПМС яшчэ наперадзе. Поспехаў вам, паважаныя меліяратары!

Вольга КАМАРКОВА.

На здымках: И.Шамшура, М.Фядосенка, С.Гарбаценка, М.Какора.

С.Пліско, У.Лявонцьеў, С.Сарокін, А.Юркевіч, А.Анкудовіч, В.Пугач.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *