Уроженец Ушаччины Геннадий Петрович Бровка — известный учёный в области геомеханики и геоэкологии

Наши земляки

Пра тое, што багата Ушаччына творцамі-лірыкамі, ведаюць усе. Але ж нараджае наша зямля і таленавітых фізікаў, якія робяць важкія ўнёскі ў айчынную і сусветную навуку. Сярод такіх – Генадзь Пятровіч Броў­ка –вучоны ў галінах геамеханікі і геаэкалогіі, доктар фізічных навук, загадчык лабараторыі Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Як і яго знакаміты цёзка па прозвішчы – паэт Пятрусь Броўка, нарадзіўся Генадзь на багатай талентамі Далеччыне: у вёсцы Башоўка Весніцкага сельсавета. Было гэта ў 1950-м, у няпросты пасляваенны час. Дзіцячыя гады прайшлі ў Мірным. Калі хлопчыку было сем год, памёр бацька і на руках у маці засталося чацвёра дзяцей, якія з самага маленства прывыкалі да вясковай працы – нарыхтоўвалі дровы і сена, збіралі ягады і грыбы, зараблялі грошы, убіраючы ад рэшткаў драўніны ўчасткі лесасекі. Пазней Генадзь прыкладна падлічыў, што за школьныя гады яны прывялі ў парадак пасля высечкі каля 200 гектараў. Іншы раз каб паспець здаць дзялянку даводзілася нават прапускаць заняткі. Але ж кемлівы хлопец вельмі хутка засвойваў веды і быў адным з лепшых вучняў Маладолецкай, а ў выпускных класах – Вялікадолецкай школы. Найлепш яму даваліся дакладныя навукі. Вось што прыгадваюць пра свайго былога аднакласніка Васіль Рыгоравіч Кісель і Мікалай Мікалаевіч Кірпіч: “Гена ніколі не зубрыў урокі, бо схватваў усё на ляту. Браў падручнік па фізіцы, чытаў любую задачу і тут жа вусна яе рашаў!”

Натуральна, што пасля школы хлопец паступіў на фізфак БДУ, паспяхова скончыў універсітэт і ў 1973 годзе па размеркаванні трапіў у Інстытут торфу Акадэміі навук БССР. Спецыялізаваўся малады навукоўца на даследаваннях працэсаў цепла- і масапераносу. Пытанні, якімі займаўся, датычыліся рэгіёнаў з вечнай мерзлатой, таму Генадзю давялося аб’ехаць з экспедыцыямі ­ледзь не ўсю Поўнач Савецкага Саюза – ад Варкуты да Магадана.

“Некаторыя, напэўна, думаюць, што навука – гэта чыстыя светлыя лабараторыі, прабіркі, вылічэнні… Але ж гэта зусім не так! – разважае Генадзь Пятровіч. – Кожнаму навуковаму здабытку (а ў фізіцы – асабліва) папярэднічае грунтоўны этап збору і аналізу матэрыялаў – і робяць гэта навукоўцы ў самых складаных, а часам і небяспечных для жыцця ўмовах. Праводзячы доўгія месяцы на паўночных станцыях, я часта ўзгадваў нашу Ушаччыну, а калі апаноўвала самота, складаў вершы пра бацькоўскі кут: напэўна, у кожным фізіку жыве лірык, тым больш калі ён паходзіць з такога літаратурнага краю!”

Адметным этапам біяграфіі стаў для Генадзя Броўкі час пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, калі яго работа была накіравана на даследаванне і прагназаванне працэсаў пераносу радыенуклідаў у глебах і грунтах. Больш дзясятка год ён быў удзельнікам экспедыцый у зону адчужэння са значным узроўнем забруджання. І, зразумела, вельмі цяжка перацаніць важнасць вынікаў гэтай работы для змяншэння наступстваў катастрофы.

Варта падкрэсліць, што ў працах Генадзя Пятровіча тэарэтычныя даследаванні заўсёды ўдала спалучаюцца з рашэннем практычных задач. Іх плён, напрыклад, выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні аб’ектаў у зонах мнагалетняй мерзлаты, некалькі навукова-даследчых работ вучонага прысвечаны будаўніцтву калійных руднікоў у Беларусі, Расіі, Туркменістане з прымяненнем штучнага замарожвання горных парод для праходкі шахтных ствалоў. Такім чынам, навуковыя працы фізіка павышаюць эфектыўнасць асваення мінеральна-сыравінных рэсурсаў, што, прынамсі, вельмі актуальна для нашай рэспублікі.

У 2008 годзе Г.Броўка стаў загадчыкам лабараторыі фізіка-хімічнай механікі прыродных дысперсных сістэм Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі – такую назву мае зараз навуковая ўстанова, дзе ён працуе ўжо амаль 45 год. Генадзь Пятровіч абараніў доктарскую дысертацыю, на яго рахунку каля 190 навуковых работ. Праца нашага земляка адзначана Ганаровымі граматамі Прэзідыума НАН Беларусі, сёлета ж вучоны ўзнагароджаны памятным знакам “У гонар заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

Навуковую дзейнасць ён спалучае з выкладчыцкай – шмат год з’яўляўся прафесарам кафедры камп’ютарных тэхналогій і сістэм факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, зараз працуе на кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі. Генадзь Пятровіч рыхтуе маладых вучоных, якія будуць далей развіваць айчынную навуку. Ён з’яўляецца членам экспертных камісій па абароне дысертацый, падрыхтаваў трох кандыдатаў навук.

Пастаянствам вылучаецца гэты чалавек і ў асабістым жыцці – у далёкай маладосці знайшоў ён сваю палавінку ў роднай вёсцы і пранёс гэтыя адносіны праз гады, разам з жонкай яны выхавалі двух дзяцей. Назаўсёды адданым застаўся Генадзь Пятровіч і зямлі сваіх продкаў: кожны год менавіта ў Мірным праводзіць водпуск, працуе па гаспадарцы, ходзіць у лес, сустракаецца са школьнымі сябрамі. Нягледзячы на высокі грамадскі статус, застаецца простым, дасціпным чалавекам, шчырым і добразычлівым у зносінах. Мне ж нават пашанцавала пачуць з яго вуснаў вершы ўласнага сачынення. Дамовіліся аб яшчэ адной сустрэчы, але ж вучонага тэрмінова выклікалі ў сталіцу – доўга адпачываць навука не дазваляе!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

ГОРОДКИ

Время нас несет неумолимо

От родных все дальше берегов.

Каждая весна невозвратима.

К сожаленью, мир всегда таков.

По приезду в край родной заметишь:

Непростая жизнь у земляков.

Жаль, что больше никогда не встретишь

Дорогих и близких стариков.

А друзья, что родом из глубинки,

В городках живут без суеты.

Школьные мы вспомним вечеринки

И свои наивные мечты.

Только мы сейчас совсем иные,

И бегут стремительно годки.

Все дороже нам края родные,

В улочках вишневых городки…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *