Путешествие в лучшие годы. В Ушачской школе прошёл вечер встречи с выпускниками

Наши земляки

“Сённяшні вечар накрыў мяне такой хваляй узнёслых эмоцый, прымусіў вярнуцца ў лепшыя гады жыцця! Я проста шчаслівая, што знаходжуся тут!” – гэтымі словамі выпускніца 1965 года Ірына Сяргееўна Мацвеева, напэўна, выказала агульныя ўражанні ўсіх тых, хто прыйшоў у мінулую суботу ва Ушацкую школу, каб сустрэцца са сваім дзяцінствам і юнацтвам.

Дарэчы, да слоў Ірыны Сяргееўны ўжо шмат дзесяцігоддзяў прыслухоўваюцца тысячы людзей, бо яна – урач-псіхатэрапеўт, і хоць ужо даўно перасягнула пенсійны ўзрост, па-ранейшаму практыкуе ў адной з медыцынскіх устаноў Наваполацка. Ну а выбраць правільную прафесію ёй у свой час дапамагла любімая настаўніца Ларыса Аляксандраўна Гарадзецкая.

Са сферай аховы здароўя звязалі сваё жыццё і многія выпускнікі 1970 года – Людміла Карабань, Віктар Літвінаў, Вольга Пугачова, Сяргей Жаваранак – яны, у сваю чаргу, удзячныя Фаіне Пятроўне Зубцовай, якая накіравала на шлях медыцыны не толькі многіх вучняў, але і ўласнага сына, які стаў адным з лепшых хірургаў вобласці. Даў названы выпуск свету і спецыялістаў многіх іншых важных сфер – журналістаў, настаўнікаў, ваенных… Што датычыцца апошняй прыгаданай прафесіі, то, як адзначыў у сваім прывітальным слове да выпускнікоў былы выкладчык пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Сяргей Трафімавіч Белавусаў, кадравых абаронцаў Айчыны Ушацкая школа выхавала каля сотні. Сярод іх адзін з самых заслужаных – падпалкоўнік пагранічных войскаў Аляксандр Іванавіч Белавусаў, які 30 гадоў нёс доблесную службу па ахове рубяжоў краіны, аб чым сведчаць каля 30 атрыманых ім узнагарод. Былі ў зале і іншыя афіцэры – так, выпускнік 1985-га года падпалкоўнік Андрэй Лісічонак спецыяльна прыехаў на юбілейную сустрэчу аднакласнікаў з далёкай Волагды. Як ён сам прызнаўся, менавіта ўрокі НВП падштурхнулі яго да выбару кар’еры ваен­нага.

Кожны юбілейны выпуск у гэты вечар узнімаўся на сцэну, каб зрабіць своеасаблівую справаздачу аб сваіх здабытках, прыгадаць цёплымі словамі любімых настаўнікаў. Людміла Цяцерка і Пётр Гарадзецкі, якія скончылі школу ў 1970-м, выказалі свае эмоцыі вершаванымі радкамі. Выпуск 1975-га года прадставіла Людміла Губанкова – усё такая ж актыўная і абаяльная, як у юнацтве. Не страцілі малады задор і пранеслі праз гады ўзнікшае яшчэ ў школьных сценах узаемнае каханне Алег і Вольга Лёлі. Склалася ў гэтай паралелі і сямейная пара Галіны і Уладзіміра Віннікаў.

Дружна сабраліся на вечар сустрэчы выпускнікі 1980-га. Адной з самых шматлікіх і вясёлых была каманда 1990-га года выпуску. Мабыць таму, што ў яе знайшоўся годны “капітан” – Таццяна Аніскевіч, якая прывітала гасцей свята не толькі сло­­вамі, але і задорнымі песнямі. Сваёй таленавітай спявачкай Аленай Сазонавай змаглі пахваліцца і выпускнікі з 20-гадовым стажам, якія таксама не без цяжкасці ўмясціліся на сцэне актавай залы. Дарэчы, Алена Сазонава і Жанна Савіцкая ў гэты вечар узнімаліся на яе двойчы: як выпускнікі-юбіляры і як удзельніцы славутага квартэта “Натхненне”. Цікава, што калектыў гэты падчас выступлення нечакана ператварыўся ў актэт – з роляй бэк-вакалістаў, музыкантаў і танцораў выдатна справіліся выпускнікі Ігар Полазаў, Віктар Стэльмах, Андрэй Лісічонак і Віталь Клімашэўскі. Віталь Іосіфавіч, да слова, у гэты вечар са сцэны амаль не сыходзіў, бо яму даводзілася выконваць прыемную місію – прымаць падарункі для навучальнай установы ад яе былых выпускнікоў. “Цяпер мы абавязкова дасягнём яшчэ больш высокіх спартыўных вынікаў!” – паабяцаў дырэктар, прымаючы ад выпускнікоў 2005 года інвентар для ўрокаў фізкультуры. А ведаючы, з якім энтузіязмам Віталь Іосіфавіч падтрымлівае ўсе спартыўныя пачынанні, можна ў гэтым не сумнявацца.Кранальным момантам імпрэзы стала дэманстрацыя мультымедыйнай прэзентацыі з фотаздымкамі былых гадоў, на якіх прысутныя з захапленнем пазнавалі сябе, аднакласнікаў і настаўнікаў. Цікава было ўбачыць і кадры, якія расказваюць пра сённяшні дзень школы, паглядзець нумары ў выкананні таленавітых цяперашніх вучняў.

А яшчэ на свяце было шмат кветак – іх разам са словамі прызнання і пашаны атрымалі настаўнікі-ветэраны, для якіх традыцыйна былі адведзены самыя пачэсныя месцы ў зале, першыя настаўнікі, класныя кіраўнікі, педагогі-прадметнікі, якім былыя школьнікі дзякавалі за навуку, любоў, цярплівасць. Са сцэны неаднойчы гучалі прозвішчы былых кіраўнікоў установы Івана Кірылавіча Падворнага, Міхаіла Паўлавіча Сісковіча, Святланы Канстанцінаўны Турло. З цеплынёй прыгадалі сваіх настаўніц Веру Васільеўну Спірчонак, Алену Васільеўну Ціханаву, Людмілу Васільеўну Трафімаву выпускніцы 2010 года Алёна Жалейка і Эльвіра Цвірбут, бо менавіта пад іх уплывам вырашылі таксама стаць педагогамі, а вось выпускніца 1990-га Вольга Кухта прызналася, што стала настаўнікам, бо хацела быць падобнай на свайго класнага кіраўніка Кацярыну Фёдараўну Касцюковіч. У сваю чаргу педагогі таксама не шкадавалі кампліментаў былым вучням. “Вельмі прыемна бачыць вас такімі прыгожымі, шчаслівымі. Гэта сведчыць аб тым, што вы зрабілі ў жыцці правільны выбар, а мы недарэмна аддавалі вам свае веды і сілы!” – агучыў думкі калег С.Т.Белавусаў.

…Дзве з лішкам гадзіны праляцелі вельмі хутка. Па меркаванні ўсіх, з кім давялося пагутарыць, арганізатары вечара заслужылі самую высокую адзнаку. Ну а ўсе яго ўдзельнікі зрабілі немагчымае – павярнуўшы час назад, здзейснілі падарожжа ў цудоўнае школьнае мінулае.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *