На счету пожарного Андрея Малахова немало спасённых жизней и материальных ценностей

Cлужба-101 Ими гордятся

Сапраўдны мужчына павінен не толькі пабудаваць дом, вырасціць сына і паса­дзіць дрэва, а і быць мужным, смелым і рашучым. Усімі гэтымі якасцямі валодае выратавальнік са стажам, камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Андрэй Мікалаевіч Малахаў. За яго плячыма 23 гады службы ў МНС, нямала выратаваных жыццяў і матэрыяльных каштоўнасцей.

Працоўны шлях ураджэнца Двор Усвеі пачынаўся ў племсаўгасе “Глыбачаны”, але праз год А.Малахаў вырашыў уладкавацца ў пажарную службу ва Ушачах. А з утварэннем Глыбачанскага пажарнага паста, перавёўся бліжэй да родных мясцін.

– Раней гэта памяшканне было прахадной да майстэрань саўгаса, усё перараблялі сваімі рукамі ад падлогі да столі і стараліся, бо тут мы праводзім трэць свайго жыцця. Побач садзілі розныя пладовыя дрэўцы, вінаград, якія цяпер кожны сезон радуюць ураджаем, – расказвае А.Малахаў.

Як зараз памятае сваё першае баявое хрышчэнне і той выклік называе нават крыху містычным. Пажар дома ў Апанаскавічах адбыўся з-за свечкі ў той момант, калі там развітваліся з памерлым…

Ці хваляваўся тады? Бе­зумоўна! І зараз кожны выезд хвалюючы. На шляху да месца здарэння ўсё пераварочваецца ўнутры, адчуваю, як дрыжыць на педалі газу нага вадзіцеля. Але калі бачу агонь – хваляванне знікае, дзейнічаю на аўтамаце хутка і без замінак, – гаворыць Андрэй Мікалаевіч.

За два дзясяткі гадоў, канечне, было нямала надзвычайных сітуацый. Назаўсёды ўрэзалася ў памяць дзяжурства ў навагоднюю ноч, калі вогненная стыхія разгулялася ў Глыбачцы. Не ўдалося выратаваць тады Андрэю Мікалаевічу сваіх былых настаўнікаў Глыбачанскай школы.

Наогул, як расказвае мужчына, кожная ноч на дзяжурстве праходзіць у напружанні, бо абсалютная большасць пажараў адбываецца менавіта ў гэты час, калі людзі засынаюць і не заўважаюць узгарання. Аб пажары часта паведамляюць суседзі ці іншыя аднавяскоўцы, але да гэтага моманту агонь вырываецца наверх і шанцы выратаваць людзей зніжаюцца. Так было і ў пачатку гэтага месяца ў Бутаве, дзе загінуў пажылы чалавек.

– Вельмі цяжка з маральнага боку, калі гінуць людзі, бачыш іх астанкі. Кожны такі пажар застаецца ў памяці. Дзякуй Богу, што ні разу не прыйшлося бачыць гібель дзяцей, няхай такіх выпадкаў ніколі не будзе! – гаворыць А.Малахаў.

Складанай для выратавальнікаў з’яўляецца і кожная вясна, калі пачынаюцца палы травы. Неяк у Баброве палалі адразу пяць закінутых дамоў і была пагроза для яшчэ некалькіх пабудоў. Рызыкаваў сваім жыццём А.Малахаў і яго калегі, калі гарэ­ла кацельня саўгаса.

– Як аказалася, куды складаней дапамагаць пацярпелым у дарожна-транспартных здарэннях. Мне давялося выязджаць на аварыю з удзелам паштовай машыны, што адбылася мінулай зімой каля Павулля. Наша аддзяленне першым прыбыло да месца ДТЗ. Не перадаць словамі, што адчуваў, калі бачыў маладога хлопца, па ўзросце як мой сын: яго ногі аказаліся прыціснутымі, ён быў у прытомнасці і пакутаваў ад моцнага болю. Вызваліць чалавека было няпроста. Але ўсё ж удалося, перадалі яго медыкам. Зараз на ўзбраенні аддзела сучаснае гідраўлічнае аварыйна-выратавальнае абсталяванне, якое дапамагае нам у такіх сітуацыях, – зазначае А.Малахаў.

Ёсць у практыцы Андрэя Мікалаевіча і нестандартныя здарэнні. Напрыклад, некалькі разоў даводзілася выратоўваць… коней, якія правальваліся ў калодзеж.

Калі няма трывожных выклікаў, на месцы сядзець (ці спаць, як многія лічаць) – не прыходзіцца. Пажарным трэба падтрымліваюць парадак на пасце, займацца добраўпарадкаваннем, рыхтавацца да залікаў па фізічнай і пажарнай падрыхтоўках. Акрамя гэтага, работнікі перыядычна задзейнічаны на работах па аказанні платных паслуг. Такіх за мінулы год асабіста А.Малахавым зроблена на суму больш за 1,9 тысячы рублёў. Гэта выдаленне аварыйных дрэў, уборка старых дамоў.

– Пра нашу службу існуе нямала жартаў, адзін з якіх пра тое, што сапраўдны пажарны можа праспаць 25 гадзін у суткі. На самой жа справе ў адведзеныя кароткія гадзіны для адпачынку ты павінен спаць і ўсё чуць. Нават у свой выхадны па звычцы імгненна рэагую на званкі. А неяк быў у гасцях і пачуўшы гук тэлефона, рэзка падхапіўся і аўтаматычна вымавіў: “Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?” – з усмешкай прыгадвае выратавальнік.

Як самы вопытны работнік А.Малахаў з’яўляецца настаўнікам для маладзейшага пакалення Глыбачанскага паста.

А яшчэ ён дэпутат Глы­бачанскага сельвыканкама, выдатны гаспадар і сем’янін. Яго бацькі, жонка і двое дзяцей ганарацца ім і радуюцца тым ці іншым дасягненням. А пра­цоўныя заслугі і добрасумленная шматгадовая дзейнасць гэтага чалавека, трэба сказаць, не заставаліся незаўважанымі. Неаднаразова Андрэй Мікалаевіч адзначаўся граматамі як раённага ўзроўню, так і Міністэрства, у “скарбонцы” і медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені. А сёлета яго прозвішча ў ліку лепшых працаўнікоў Ушаччыны занесена на раённую Дошку гонару. Ён жа сціпла зазначае, што яго поспех – зладжаная работа ўсяго калектыву, бо ў адзіночку ў гэтай няпростай прафесіі не справіцца ні з адной надзвычайнай сітуацыяй.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *