День за днём с голубым огнём. Ушачские газовики отмечают профессиональный праздник

К профессиональному празднику

Прыродны газ, названы ў народзе блакітным палівам, – залог камфорту і ўтульнасці ў кожным доме. Нездарма ж стала крылатай фраза з бессмяротнай камедыі: “…Не будуць браць – адключым газ!” Заўважце, не святло, не ваду, а менавіта газ. Работнікі ж Ушацкага раёна газазабеспячэння ВУ “Полацкгаз” наадварот – не адключаюць, а падключаюць газ, і з кожным годам колькасць спажыўцоў расце.

Сёлета здадзены ў эксплуатацыю кааператыў па вуліцы Полацкай, зараз вядзецца будаўніцтва 500 метраў газаправода ў аграгарадку Арэхаўна – блакітнае паліва з’явіцца ў дамах жыхароў вуліцы Лясной. Пры наяўнасці фінансавання на наступны год газавікі гатовы газіфікаваць новыя аб’екты.

Асноўнай задачай службы па-ранейшаму з’яўляецца безаварыйнае, надзейнае газазабеспячэнне насельніцтва раёна. У зоне адказнасці немалая гаспадарка: 3 газаразмеркавальныя і 10 шафавых рэгулятарных пунктаў, больш за 90 кіламетраў газавых сетак. На абслугоўванні службы таксама больш за 2,5 тысячы карыстальнікаў прыроднага газу і каля 5 тысяч – звадкаванага.

Акрамя таго ўшацкія газавікі абслугоўваюць ацяпляльныя апараты самых распаўсюджаных марак, устаноўленыя ў індывідуальных жылых дамах, вядуць работу па замене састарэлага газавага абсталявання: згодна з Правіламі карыстання газам у быце, тэрмін эксплуатацыі якога складае больш за 20 гадоў, падлягае замене. Так, у бягучым годзе ў дамах і кватэрах ушачан заменена 157 старых газавых пліт і да канца года плануецца замяніць яшчэ каля 300. Даволі ахвотна жыхары раёна выкарыстоўваюць магчымасць набыць пліты айчыннай маркі “Гефест” непасрэдна ў райгазе, бо гэта пазбаўляе ад лішніх клопатаў: работнікі службы ў максімальна хуткі тэрмін дастаўляюць і ўстанаўліваюць новае абсталяванне.

У бягучым годзе газавікі 29 разоў выязджалі на аварыйныя выклікі, звязаныя з уцечкай газу. Многа гэта ці мала? Лічба ўсё ж невялікая і сведчыць аб тым, што газавае абсталяванне працуе спраўна, а грамадзяне прытрымліваюцца правіл.

За працоўнымі буднямі не забываюць ушацкія газавікі і пра добраўпарадкаванне сваіх аб’ектаў, а таксама ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па навядзенні парадку ў населеных пунктах раёна. На тэрыторыю ж райгаза можна вадзіць экскурсіі. Прадуманае азеляненне, безліч кветак, утульныя куточкі адпачынку. Здавалася б, ужо і нельга зрабіць нешта прыгажэйшае, аднак штогод мясцовасць ля адміністрацыйнага будынка прырастае новымі знаходкамі і яркімі элементамі. Сёлета зноў старанні працаўнікоў калектыву не засталіся непрыкмечанымі і ў аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторый яны занялі 3 месца сярод 23 арганізацый “Віцебскаблгаза”.

Значная ўвага на прадпрыемстве ўдзяляецца творчаму развіццю асобы – дастойна выступаюць газавікі на раённых святах, абласных конкурсах. І, канечне, не застаюцца ўбаку ад спартыўных мерапрыемстваў. Сёлета ў іх скарбонцы перамога на раённым свяце “Дзень снегу”, а зусім нядаўна “срэбра” ў гіравым спорце на абласной галіновай спартакіядзе заваяваў слесар Ігар Пятніца.

За новенькім, акуратна пафарбаваным абсталяваннем, чыстай і дагледжанай тэрыторыяй, блакітным агнём газавых пліт у нашых кватэрах – штодзённая праца людзей… Усе гэтыя здабыткі – плён намаганняў моцнага калектыву прафесіяналаў. Вылучыць самых дастойных, як гэта патрабуецца напярэдадні свята, кіраўніцтву бывае складана, бо літаральна кожны з 39 работнікаў калектыву заслугоўвае быць адзначаным. Напрыклад, у чарговы раз свой прафесіяналізм на абласным конкурсе прафмайстэрства нядаўна пацвердзіла аварыйна-дыспетчарская служба: старшы майстар Дзмітрый Васільевіч Карэйша, слесар Аляксандр Мікалаевіч Дрозд і вадзіцель Андрэй Васільевіч Мялешка занялі 4 месца, толькі крыху саступіўшы брыгадам буйнейшых гарадоў Віцебшчыны. Сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы з’яўляюцца майстар Ігар Уладзіміравіч Швейкус, вадзіцель Яўген Аляксандравіч Ляхоўскі, слесар Уладзімір Васільевіч Маковіч. Трэба заўважыць, што нядаўна назначаныя на свае пасады начальнік Ушацкага раёна газазабеспячэння Яўген Сяргеевіч Шчасны і галоўны інжынер Аляксандр Віктаравіч Салаўёў хоць і маладога ўзросту, але веды і прафесійныя якасці дазваляюць ім дасканала спраўляцца з кіраваннем.

Добрасумленная праца слесара Сяргея Анатольевіча Шчэкачыхіна да прафесійнага свята адзначана Ганаровай граматай УП “Віцебск­аблгаз”, вадзіцеля Андрэя Віктаравіча Шыхеля – Падзякай. Ганаровай граматы філіяла ВУ “Полацкгаз” удастоены электрагазазваршчык Юрый Уладзіміравіч Саўчанка, Падзяка філіяла аб’яўлена вядучаму бухгалтару Алене Мікалаеўне Целепень, а прозвішча прыёмшчыка заказаў Ірыны Пятроўны Лапёнак занесена на Дошку гонару ВУ “Полацкгаз”.

– Калектыў працуе зладжана. На варце спакою карыстальнікаў газу стаіць аварыйна­-дыспетчарская служба, вялікая нагрузка, асабліва ў летні час, кладзецца на экіпажы развозкі балонаў, сістэмна арганізуюць работу майстры, аператыўна працуюць слесары, вадзіцелі і ўсе астатнія работнікі. У нас няма дрэнных працаўнікоў, – адзначае Я.С.Шчасны. – Віншую ўвесь калектыў з прафесійным святам. Няхай у вашым жыцці заўсёды гарыць агонь кахання і дабрыні! Будзьце шчаслівымі, багатымі і, канечне, здаровымі!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *