Работники «Райагросервиса» на заготовке комов

Общество

Быў адзін з мінулых спякотных дзён. Непадалёк ад дарогі, а галоўнае ад Завячэльскай фермы, кіпела работа. Наш “УАЗ” пад’ехаў да людзей. Працаўнікі “Райаграсевіса” расказалі, што ўчора побач закрылі сянажную яму, а зараз складваюць цюкі ў сцірту.

– Якраз добра будзе браць, бо побач, – разважаў Васіль Стрыжонак, выйшаўшы з “Амкадора”, на якім займаўся пагрузкай. Ля яго знаходзіўся і Аляксей Бруцкі (студэнт аграмеханічнага факультэта БАТУ, які не першы год заняты на трактары на час водпуску асноўнага работніка), а таксама Аляксандр Кірышчанка і Васіль Конах, у абавязкі якіх уваходзіць транспарціроўка рулонаў.

Гэтыя працаўнікі пакінулі кабіны сваёй тэхнікі, убачыўшы машыну, на якой звычайна прывозяць абеды. Аляксандр Коршун быў за рулём, а Наталля Коршун даставіла на поле ўсё смачнае: халаднік (найбольш запатрабаваны ў такую спёку), катлеты з гарнірам, кампот з сухафруктаў. Мужчыны сталі спешна абедаць, адначасова расказваючы, што ў такую гарачую пару з часам не лічацца. Так, Васіль Стрыжонак дагэтуль быў заняты на зернетаку: загружаў сушылку, падбуртоўваў збожжа. Гаворыць, з сямі гадзін раніцы да дзесяці вечара не пакідаў свой участак работы. І тут ён і іншыя занятыя на сціртаванні цюкоў працаўнікі імкнуцца як можна раней пачаць работу і пазней скончыць.

– Неяк сёння крыху пацямнела, раптам дождж, трэба пабольш паспець, – гаварылі мужчыны. – У сем гадзін прыехалі, дапазна будзем працаваць.

– А колькі часу выдзяляеце сабе на абед, раз такі працяглы ў вас рабочы дзень? – спытала ў мужчын. – Гадзіны дзве можа?

– Якіх дзве, – адказалі яны. – Вось зараз паабедаем, і зноў за работу.

Так і адбылося. А Наталля Коршун, збіраючы міскі, пазнаёміла мяне з размераным рытмам дня свайго і сваіх сябровак па сталовай “Райаграсервіса”. Аказваецца, жанчыны рыхтуюць штодня па 50 абедаў і 45 падвячоркаў. Першы выезд пачынаецца ў адзінаццаць гадзін, другі – у шаснаццаць. На развозе стравы на Матырынскую і Завячэльскую зоны заняты дзве машыны. Акрамя Наталлі Коршун харчуе ўдзельнікаў жніва і нарыхтоўкі кармоў Наталля Грыцава. Работніцы кухні, калі рыхтуюць страву, улічваюць інтарэсы ўдзельнікаў палявых работ. Робяць нават клёцкі і дранікі.

Усё ў гэтыя даволі спрыяльныя дні падначалена ўборцы.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымках:

А.Кірышчанка, В.Стрыжонак, А.Бруцкі; Н.Коршун 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *