Более 40 лет посвятила медицине Лариса Моисеева

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

За саракадвухгадовы стаж у медыцыне Ларыса Паўлаўна Маісеева можа прыгадаць самыя розныя гісторыі. І як знаходзіла агульную мову з латышамі, трапіўшы пасля заканчэння Даўгаўпілскага медвучылішча ў раённую бальніцу і не ведаўшы ніводнага слова на іх мове. Як прыводзілі ў прытомнасць кліентаў на Наваполацкай станцыі пералівання крыві: прыйшоўшы здаць сваіх першых 200 грамаў, яны падалі ад аднаго толькі яе выгляду. І як кожны дзень вярталася з галаўным болем з фізіятэрапеўтычнага адзялення санаторыя “Лясныя азёры”, адзінамомантна абслугоўваючы падчас змены па дзесяць пацыентаў. З многага засталіся толькі агульныя ўспаміны. А вось свой першы выклік у якасці загадчыка Жарскага ФАПа прыгадвае пакрокава.

– У жанчыны быў вельмі хуткі рытм сэрца, нават злічыць не магла. “Што рабіць, як дапамагчы”, – круцілася ў думках, і я хутчэй патэлефанавала ўрачу Але Мікалаеўне Крыштопенке, бо ведала, што ў асаблівых выпадках і “хуткая дапамога” нічога не прадпрымае, а сэрцабіццё можна аднавіць толькі ў стацыянары пад кропельніцай. Менавіта гэта мне і параіла ўрач, што абслугоўвае нашу зону. Падчас нашых сумесных выездаў да хворых, пераважна гіпертонікаў, лавіла кожнае яе слова. І калі ў чарговы раз прыйшоў чалавек з павышаным ціскам, ужо як запраўскі кардыёлаг давала рэкамендацыі. Прывучыць вясковае насельніцтва выконваць парады медыкаў, штодзённа прымаць лекі, калі паўсталі праблемы з сэрцам, – самая складаная мая задача. Перавязкі ж, уколы раблю “на аўтамаце” – вельмі спатрэбіўся вопыт хірургіі. І часта прыгадваю ўрача Віктара Міхайлавіча Хаціловіча, з якім працавалі разам у аддзяленні і які параіў дзеля жылля перайсці ў санаторый.

За столькі гадоў у медыцыне, ды пры пачатку ў хірургічным аддзяленні раённай бальніцы, куды паступаюць і траўміраваныя, і з іншым рэзкім болем, даўно пара ўспрымаць чужыя праблемы “з анестэзіяй” – не дапускаць іх да сэрца. А яна па ранейшаму хвалюецца за кожнага пацыента. Немясцовая, спачатку ведала толькі жыхароў Вашкова, у якім жыве, а зараз ўсіх у яе дванаццаці вёсках. “У Бараўцах, куды першы раз “падкінуў” КамАЗ, праўда, ужо не жыве семейная пара Жарнасекаў, апусцела вёска”, – успамінае свой пачатак пяць гадоў таму Л.Маісеева. Тады яшчэ хадзіла па дамах са сшыткам, зараз жа на памяць ведае не толькі пра хваробы, а імя па бацьку, ды і характар. Розны ён – адзін з нясцерпным болем баіцца патрывожыць, чаго рабіць нельга, а другі і ў пяць гадзін раніцы патэлефануе, каб пацікавіцца, ці завітае сёння фельчар. Але прыкмеціла, што літаральна пра ўсіх – злоўжываючых спіртным ці бабулек-перастрахоўшчыц медработнік гаворыць з мацярынскай дабрынёй. Перажывае, што хоць нарэшце “прымусіла” набыць танометр і прывучыла сачыць за ціскам жанчыну з цукровым дыябетам, тая заўчасна пайшла з жыцця. Радуецца, што абышлася без сур’ёзных наступстваў зімовая “аварыя”: падчас рамонту машыны, яна, дрэнна замацаваная, звалілася на чалавека. Абязбольваючыя тады калола нават праз штаны, папярэдне выклікаўшы “хуткую”. У такіх вось экстранных выпадках Ларыса Паўлаўна не губляецца. Дзякуючы гэтаму мае нават “хрэсніка”, якому выратавала жыццё. Аднойчы, зусім маладая, прывяла сваіх дзяцей ва Ушачы ў садок. А насустрач спалоханы выхавацель бяжыць з ужо сінеючым хлопчыкам, які падавіўся мазаікай. Машынальна схапіла яго за ногі і вытрасла элемент, што застраў у горле. Таму правілы аказання першай дапамогі ведаюць усе яе родныя, уключаючы пяцярых унукаў – шосты яшчэ зусім малы, каб успрымаць навукі.

Сама ж часта вучыцца вытрымцы ў цяжка хворых людзей, якім аказвае паліятыўную дапамогу. І сцвярджае, што палюбіла гэту работу, хоць спачатку пабойвалася.

– Яна творчая, ты як спецыяліст агульнай практыкі ўвесь час удасканальваешся, што вельмі важна. Пасядзеўшы месяц на пенсіі, зразумела, што не магу. І пагадзілася на нязвыклыя для сябе абавязкі загадчыка ФАПа, да якіх адносілася насцярожана. Маўляў, пастаянныя абходы па вёсках, розныя людзі, а ты адзін – не тое, што ў бальніцы, дзе побач заўсёды ўрач, які і прымае рашэнні. Менавіта тое, што адзін, глядзіш як малых дзяцей, так і хранічна хворых людзей, і прымушае развівацца.

Ларыса Паўлаўна ўважліва вывучае “Медыцынскі веснік”, пастаянна ездзіць на курсы павышэння кваліфікацыі, глядзіць перадачы “Здароўе”. І канечне, пастаянна кансультуецца з А.М.Крыштопенкай, якая сярод лепшых прафесійных якасцяў медыцынскай сястры І катэгорыі адзначае ўважлівасць. Не так даўно ў нясталага яшчэ мужчыны выявілі сардэчнае захворванне, а ўсё дзякуючы таму, што фельчару не спадабаўся рытм сэрца пацыента, які зайшоў на ФАП за нейкай дробязнай таблеткай. А яшчэ яна вельмі многа аказвае паслуг у рамках “стыцыянар на доме” – не праблема штодня рабіць нават унутрывенныя ўколы жыхару з Рагуцкіх ці Качаноў.

Аб тым, што ў яе лёгкая рука і лёгкая на пад’ём, ведае ўся жарская акруга. Апошняе ў тым ліку дзякуючы новаму транспарту. Адлегласць у дзесяць кіламетраў Ларыса Паўлаўна пераадольвае за дваццаць хвілін на электравеласіпедзе. Не, гэты колавы гібрыд медыкам пакуль не выдзяляюць – зручны транспарт нядаўна набыў муж. А яна рэкламуе навінку для сваіх кліентаў, якія не маюць правоў ды і дастаткова сіл. Сама ж загадчык ФАПа актыўна спальвае калорыі: абавязкова робіць ранішнюю зарадку, без якой не змагла б пазбавіцца скаванасці. Рэгулярна плавае і засмучаецца, што жыве не ва Ушачах, каб наведваць фізкультурны комплекс. “Не люблю хварэць”, – прызнаецца медык, які як ніхто ведае, што здароўе чалавека знаходзіцца перш за ўсё ў яго руках.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *