Активная и неравнодушная. Жители Славеней любят и уважают старейшину деревни Людмилу Королькову

Экономика и малый бизнес

“Са старэйшынам нам пашанцавала. Актыўная, мэтанакіраваная, неабыякавая да ўсяго, што адбываецца. Менавіта такія людзі павінны быць абраннікамі ў кожнай вёсцы!” Вось так адгукаюцца жыхары Славеняў пра Людмілу Пятроўну Каралькову.

Грамадскі абавязак жанчына выконвае 2 гады, і літаральна з першых дзён пасля назначэння апраўдала аказаны давер на справах. Яна трымае цесную сувязь з Сарочынскім сельвыканкамам і раённымі службамі. Летась арганізавала суботнік і дзякуючы агульным намаганням прыкметна пачысцелі мясцовыя могілкі. Людміла Пятроўна выступіла з ініцыятывай устаноўкі кантэйнераў для смецця, і яе падтрымалі ўсе вяскоўцы. “Самай жа вялікай праблемай лічу распаўсюджванне баршчэўніку ў наваколлі населенага пункта. Такія маляўнічыя краявіды псуе гэты зялёны агрэсар. Звярталася ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб нашы землі ўвайшлі ў зону апрацоўкі хімікатамі. Работы далі свой эфект, але пра канчатковую перамогу над баршчэўнікам гаварыць яшчэ рана”, – кажа Л.П.Каралькова. Зрэшты, жанчына ў гэтым плане паказвае прыклад: на сваім участку і непадалёк таксама займаецца знішчэннем, выкопваючы расліну.

“Да яе можна звярнуцца з любой просьбай – ніколі не адмовіць. Напрыклад, я перыядычна наведваюся ў родныя Славені да сястры-інваліда. Калі ж мяне няма, Людміла Пятроўна зазірне да яе, дапаможа, калі трэба, ці проста пацікавіцца справамі і здароўем. Не гарыць ліхтар ці неабходна настроіць тэлевізар – яна заўсёды імкнецца паспрыяць вырашэнню сур’ёзных і дробных пытанняў”, – гаворыць ураджэнка вёскі Тамара Уладзіміраўна Бірукова.

А вось радзімай Л.П.Каральковай з’яўляецца не Ушаччына, а далёкі Хабараўск. Але пра гэты горад яна практычна нічога не памятае, бо там прайшлі толькі першыя пяць год яе жыцця. Бацькі пераехалі ў Наваполацк, які актыўна будаваўся і развіваўся. З горадам нафтавікоў была звязана і прафесійная дзейнасць жанчыны. З 1973 года і да выхаду на заслужаны адпачынак на нафтаперапрацоўчым заводзе яна працавала… вадзіцелем! “Так, не зусім жаночы занятак абрала, – з усмешкай адзначае Людміла Пятроўна. – Спачатку па прыкладзе маці збіралася стаць швачкай, але хутка зразумела, што гэта зусім не маё. А вось да машын інтарэс быў. На заводзе працавала за рулём “Масквіча” і “ГАЗа”. Часцей за ўсё маёй “місіяй” была перавозка проб прадукцыі ў спецлабараторыі на тэрыторыі прадпрыемства, якая, як вядома, вялізная”, – расказвае Л.П.Каралькова.

Хоць і жыла ў горадзе, аднак і часта наведвалася ва ўшацкія Славені – адсюль родам яе муж Міхаіл Дзмітрыевіч. Пасля ж выхаду на пенсію сем гадоў таму сям’я вырашыла пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў вёску. Старэйшына прызнаецца, што зараз у горад зусім не цягне, ды і дыхаецца тут лягчэй. Калі ж трэба вырашыць якія-небудзь пытанні – садзіцца за руль уласнага аўто і едзе куды патрэбна.

Дарэчы, з пераездам у Славені ў жанчыны з’явіліся не толькі грамадскія абавязкі, а і новыя захапленні: у вольны час з задавальненнем бярэ вуду і ідзе рыбачыць. “Здаецца, што жывучы на беразе цудоўнага Чарсцвядскага возера, нельга адмовіцца ад такога занятку. Хаця мой муж пакуль не надта ўцягнуўся ў гэты працэс і за ўловам адпраўляе мяне”, – адзначае Людміла Пятроўна.

А яшчэ яна любіць збіраць грыбы і ягады, а таксама ўлетку праводзіць час на прысядзібным участку, вырошчваючы для сябе агародніну і садавіну. Нягледзячы на гарадскія карані, усёй душой хварэе за вёску, якую называе сваёй.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *