У мяне ёсць Любоў


 

Кожны шлюб мае сваю гісторыю, часам, неверагодную. Як у Любові і Сяргея, напрыклад. А было ўсё так. Няпоўных чатыры гады таму бабуля Яўгенія Афанасьеўна Карэйша, а менавіта яна пасля таго, як не стала нявесткі, гадавала дваіх унукаў, ладзілася ўжо адпраўляць аднаго з іх у армію. І раптам у хлопца пачаліся прыступы апендыцыту. Ён аказаўся на аперацыйным стале.P1010003

 

– А ў мяне тады заканчвалася ўжо дзяжурства, – расказвае Люба. – Думаю, вось табе і на, невядома, на колькі часу яшчэ ўсё зацягнецца.

– Я ж ляжу на стале такі расстроены, пакуль рыхтавалі да аперацыі, і слухаю, як медсёстры, нібы нічога не здарылася, размаўляюць. Люба гаворыць: маўляў, купіла сабе боты дарагія, радуецца пакупцы. Думаю, ім, відаць, усё роўна, што са мной.

Аперацыя прайшла паспяхова. Маладыя пацыенты, як заўсёды, па-асобаму адносяцца да маладзенькіх медсясцёр. Так было і ў Сяргея. Але з Любай атрымалася нешта большае – прыйшло пачуццё. За парогам бальніцы ён зразумеў: трэба раздабыць нумар яе мабільнага тэлефона. Так і зрабіў. А потым была сустрэча. Канечне, не на рабочым месцы. Прычым, у дзень закаханых. Ездзілі ў Селішча да бацькоў Любы. Вельмі хутка зразумелі, што падыходзяць адзін аднаму. Пажаніліся.

З радасцю маладая сям’я чакала нараджэння свайго першынца. Сёння Жэню год і сем месяцаў. А калі не было і годзіка, да яго бацькоў прыйшла нечаканасць: Любоў аказалася цяжарнай. Пра гэта яна не сказала нават маці. Зразумела, што перажывала, у планы такое пакуль што не ўваходзіла. А вось Сяргей аказаўся смялейшы, тым больш, роднай маці не мае, таму і прызнаўся цешчы. Соф’я Іванаўна доўга не думала, сказала, як адрэзала, што нараджаць другое дзіця трэба. Канечне ж гэтыя катэгарычныя словы мелі для Сяргея і Любы важнае значэнне, бо без дапамогі яе бацькоў было не абысціся. Да таго ж, яны вырашылі, што ўсё роўна другое дзіця патрэбна, і якая розніца, калі яго заводзіць.

А пасля таго, як Люба пазней зрабіла “узі”, і яны даведаліся, што будзе двойня, тут ужо, як цяпер прыгадваюць, для абаіх быў шок. Хаця, канечне, нічога асаблівага не здарылася. Паразважалі-паразважалі, і вырашылі, што няхай нараджаюцца дзяўчынкі (а менавіта так паказала абследаванне), тым больш, у Сяргеевай радні адны хлопчыкі (і таксама была двойня).

Сёння, знаёмячыся з гэтай цудоўнай маладой сям’ёй, з незвычайным захапленнем назіраеш, з якой любоўю, прыхінуўшы да сябе, трымаюць на руках дваіх маленькіх дзіцятак у ружовенькіх паўзунках іх маці і бацька. Маладыя, энергічныя, яны поўныя жадання выхоўваць сваіх сыночка і дочачак. А як жа пяшчотна малы Жэня адносіцца да сястрычак.

— Старэйшыя дзеці звычайна праяўляюць рэўнасць да малодшых, – гаворыць Любоў, – а ў нас аказалася не так. Ён жа іх настолькі любіць. І дапамагае, калі Сяргей на рабоце, падносіць усё і адносіць.

Пакуль мы размаўлялі, хлопчык сапраўды то пяшчотна гладзіў дзяўчынак, то цалаваў іх маленькія ручкі, а потым пабег у іншы пакой, залез у іх ложак і пачаў гуляць з іх цацкамі.

Прыемна было бачыць, што ў цесным градзянецкім інтэрнаце, дзе жыве маладая сям’я, усё абстаўлена (бралі мэблю ў растэрміноўку), прадугледжана для дзяцей. Так, у зручным месцы знаходзіцца ванначка, у якой штовечар дзетак купаюць.

– Яны тады вельмі добра спяць і падрастаюць, – дзеліцца сваімі назіраннямі бацька сямейства. Не выпадкова надзелены ён добрымі пачуццямі, выхоўвала ж бабуля, пра якую гаворыць вельмі цёпла, з любоўю:

– Такую бабулю трэба пашукаць. Каб не яна, мы з братам невядома дзе апынуліся б.

Цяпер, канечне, бабулі не выходзіць дапамагаць унуку. Затое бацькі Любы – Соф’я Іванаўна і Валерый Мікалаевіч Кулакі – трымаюць гаспадарку. Калі-небудзь маці прыязджае дапамагчы дачцэ, пабыць з дзецьмі, пакуль тая сходзіць у райцэнтр ці яшчэ куды па сямейных справах. Вось і нядаўна падала заяву на кааператыўную кватэру. Такім мнагадзетным сем’ям пры гэтым прадугледжваецца скідка.

У матэрыяльным плане Карэйшы жывуць нядрэнна. Люба атрымлівае дэкрэтныя, Сяргей працуе ў камунгасе.

Кожны дзень у маладых бацькоў праходзіць цікава і напоўнена.

– Люба добрая гаспадыня, – расказвае Сяргей, – з усім спраўляецца, а што паспяваю, дапамагаю ёй я.

– За здароўе Ані і Насці хвалюемся, – гаворыць маладая мама і прыгадвае, як нядаўна маленькія дочкі “загрыпавалі”, дык штодня наведвалася педыятр Ніна Васільеўна Літвінава. Патрэбны былі антывірусныя лекі, а тут сястра Наталля, якая працуе сакратаром Кубліцкага сельвыканкама, якраз была на курсах у Віцебску, купіла.

Усё ў сям’і Карэйшаў ідзе добра.

– Таму што ў мяне ёсць любоў, – гаворыць, падагульняючы нашу размову, Сяргей. – Любоў Валер’еўна.

 

Г.ВАРАТЫНСКАЯ. На здымку:

сям’я Карэйшаў.

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *