Галина Сергеевна Данилёнок

К профессиональному празднику Общество

У сям’і, дзе выхоўвалася Галіна Сяргееўна Данілёнак, было тры дачкі. І такія, што не ганьбяць сваю працавітую сялянскую сям’ю з непрыкметнай вёскі Забалацце Кубліцкага сельсавета.

Тон сёстрам задала старэйшая сястра. Пасведчанне з адзнакай атрымала Галіна пасля заканчэння Судзілавіцкай васьмігодкі, амаль на круглыя “пяцёркі” вучылася ў Кубліцкай сярэдняй школе, адразу паступіла і паспяхова скончыла Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Не так шмат прайшло, пятнаццаць гадоў, а амаль настальгічна прыгадвае Галіна Сяргееўна сёння свае першыя крокі ў прафесію. Адбывалася гэта ў Жарскай школе. І сёння, працуючы ў Плінскай, настаўніца задаволена, што тут вельмі творчы педагагічны калектыў і што па-ранейшаму мае справу з самым светлым, самым цудоўным – з дзецьмі.

– Яны прыносяць радасць, надзею. Яны, напэўна, будуць лепшымі, чым сам. Жывеш веданнем таго, што вырастуць і панясуць твае думкі, ідэі па жыцці. Тут як бы разлік на будучае. Дзеці не такія закрытыя, як дарослыя, іх думкі лягчэй можна прачытаць. Працуючы з імі, штодня імкнешся нібы зазірнуць у глыбіню чалавека, – разважае настаўніца.

Усе гэтыя думкі ідуць з душы сапраўднага педагога. І дзіву даешся, якія яны лірычныя пры тым, што Галіна Сяргееўна працуе з павышанай нагрузкай, бо сёлета ж на выкладанне замежнай мовы (а яна вядзе цяпер гэты прадмет) адведзена куды больш гадзін, чым раней.

– І ці можа ад гэтага павысіцца агульны ўзровень адукаванасці моладзі? – пытаюся ў настаўніцы.

Яна ўсміхаецца, а потым, спачатку ўхіліўшыся ад прамога адказу, гаворыць:

– Хацелася б. Хаця, канечне, як і колькі дзяцей ні вучы, а ўсё роўна здольнасці ў кожнага розныя. Асабліва хочацца аддаваць веды, калі іх прымаюць.

Зразумела, перш за ўсё Галіна Сяргееўна мае на ўвазе сваю былую вучаніцу Анжэліку Рыбчынскую. У дзевятым класе ўжо былі ў яе поспехі ў нямецкай мове. Тады яна заняла першае месца ў раённай алімпіядзе, зусім мала не дацягнула да трэцяга ў вобласці. А на наступны год такую планку адолела. Сёлета дзяўчына паступіла ў акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на бюджэтную форму навучання.

Нібы на замену Анжэліцы з’явіўся ў настаўніцы яшчэ адзін такога ж складу вучань, Дзяніс Яскевіч. Вельмі здольны, зацікаўлены вучобай хлопчык. У прадметным конкурсе «Аистёнок» ужо заняў першыя месцы ў раёне, вобласці і рэспубліцы.

Напэўна, настаўніца асабліва цягнецца да такіх апантаных вучняў, таму што сама такая ж, хоць можа не па тэмпераменце, дык па сваіх дзеяннях. Вось, здавалася б, адкуль узялася нямецкая мова ў яе жыцці, калі была любімая беларуская. А аказваецца, не проста так. У школе з задавальненнем вывучала як родную, так і нямецкую. У старэйшых класах веды давала вельмі ўлюбёная ў гэты прадмет Таісія Уладзіміраўна Гайкова.

Калі вучылася ва ўніверсітэце, Галіна два гады займалася на факультатыве па нямецкай мове. Цудоўны выкладчык і паэт Уладзімір Папковіч з душой перадаваў веды студэнтам. Ён звазіў іх на цэлы месяц у Германію, уладкаваў у сем’і. Будучыя педагогі зразумелі, што значыць чуць мову штодня.

Вяртанне да аднаго з любімых прадметаў адбылося, калі пасля 11 гадоў работы ў Жарскай школе Галіна Сяргееўна пачула аб прадстаячым закрыцці гэтай установы. Ведала і пра тое, што дэфіцыту беларускіх мовазнаўцаў у раёне няма, чаго не скажаш пра настаўнікаў нямецкай мовы. І тады настаўніца хуценька падалася ў Мінск у акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Вочна-завочна атрымала спецыяльнасць выкладчыка нямецкай мовы.

– Пад гэту інфармацыю, расказаную мне, Галіна Сяргееўна падвяла рэзюме:

– Вырашыла не аддаваць свой лёс у нечые рукі, а складаць яго сама.

Так, цяпер яна займаецца любімым прадметам. А гэта прыносіць задавальненне. Хочацца займацца яшчэ чым-небудзь. І Галіна Сяргееўна піша вершы. Прычым, любіць пераводзіць рыфмаваныя творы з нямецкай. А яшчэ яна занялася вышываннем. На жнівеньскую нараду прадставіла некалькі такіх карцін. Хоча паказаць іх і сябрам па клубу “Муза” пры РДК. У цікавага чалавека і справы цікавыя.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *