Ушачский район газоснабжения в числе лучших структурных подразделений «Витебскоблгаза» и образцовых организаций Ушаччины

Общество

“А ў нас у кватэры газ!” – хваліліся юныя персанажы знакамітага верша Сяргея Міхалкова. Сёння, канечне, наяўнасцю падобнай выгоды нікога не здзівіш, а вось у 1935-м, калі быў напісаны твор, такой дабротай маглі пахваліцца толькі некаторыя сталічныя жыхары. Зрэшты, блакітнае паліва ў кватэрах тых часоў было штучным і выраблялася на газавых заводах з каменнага вугалю і нафты. Масавая газіфікацыя пачалася ў савецкіх гарадах у 50-х, ну а ў нашай вобласці афіцыйным стартам “газавай эпапеі” можна лічыць 1960 год, калі ў Віцебску і Оршы былі створаны першыя ўчасткі звадкаванага газу. Такім чынам, заўтра газавікі Прыдзвіння будуць адзначаць не толькі сваё прафесійнае свята, а і 60-годдзе з моманту заснавання вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз”.

Ушацкі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Полацкгаз” – у ліку лепшых структурных падраздзяленняў галаўнога прадпрыемства і ўзорных арганізацый Ушаччыны. Гэты факт, прынамсі, могуць засведчыць і журналісты “Патрыёта” – падчас паездак па раёне, зносінах з ушачанамі мы чуем выключна станоўчыя водгукі ў адрас работнікаў службы: людзі адзначаюць не толькі якасць і аператыўнасць іх дзеянняў, а і надзвычай добразычлівыя адносіны, ветлівасць, гатоўнасць зрабіць для кліента нават больш, чым патрабуе інструкцыя.

Амаль у кожным доме

Зараз калектыў газавікоў складаецца з 39 чалавек, веды і вопыт якіх дазваляюць дастойна вырашаць усе пастаўленыя перад службай задачы. А іх нямала. На абслугоўванні райгаза знаходзяцца 2615 кватэр і індывідуальных дамоў з прыродным газам – іх колькасць павялічылася ў параўнанні з мінулым годам пасля ўводу ў райцэнтры чарговай шматпавярхоўкі і падключэння 9 прыватных дамоў. У самым хуткім часе “блакітнае паліва” з’явіцца ў 19 членаў кааператыва вуліцы Кірава.

Яшчэ больш у нашым раёне карыстальнікаў звадкаванага газу – 3762, таму ў экіпажаў дастаўкі работы заўсёды хапае: даводзіцца развозіць па 50-55 балонаў у дзень. На абслугоўванні ў газавікоў шэраг рэгулятарных пунктаў, рэзервуарныя ўстаноўкі, працяглыя газавыя сеткі, а таксама ацяпляльныя катлы ў індывідуальных дамах: дарэчы, усяго ў раёне іх устаноўлена 861, і 535 абслугоўваюцца ўшацкімі газавікамі. Як і ў папярэднія гады, насельніцтва даволі актыўна мяняла састарэлыя газавыя пліты: толькі сёлета ў дамах ушачан з’явілася 206 новых прыбораў. Пры гэтым, па словах спецыялістаў райгаза, абсалютную перавагу спажыўцы аддаюць айчыннай тэхніцы маркі “Гефест” (набытыя пліты іншай вытворчасці складаюць толькі каля 3 працэнтаў). У якасці аргументаў свайго выбару людзі называюць іх надзейнасць, наяўнасць запчастак і прымальны кошт.

Заўсёды напагатове

Гонарам арганізацыі з’яўляецца аварыйна-дыспетчарская служба, супрацоўнікі якой выязджаюць да спажыўцоў як падчас надзвычайных сітуацый, так і для правядзення рамонтных работ, ухілення няспраўнасцяў пліт, катлоў. Дзякуючы прафесіяналізму газавікоў, а таксама шырокай прафілактычнай рабоце з насельніцтвам, сур’ёзных аварый апошнім часам не было. Хоць выязджаць на здарэнні перыядычна даводзіцца: на гэтым тыдні, напрыклад, паступіў выклік з аграгарадка Глыбачка, дзе гаспадары пайшлі з дому і забыліся, што на пліце варыцца ежа, аднак пільнасць суседзяў і аператыўнасць спецыялістаў выратавальнай і газавай службаў прадухілілі магчымыя трагічныя наступствы.

У тройцы найпрыгажэйшых

Пра тое, якія адказныя і руплівыя людзі працуюць у арганізацыі, сведчаць традыцыйныя поспехі ў конкурсах, што праводзіць “Віцебскаблгаз”. Вось і нядаўна па выніках другога этапу агляду тэрыторый, калі ацэньвалася добраўпарадкаванне на працягу летняга сезона, нашы землякі зноў атрымалі ганаровае трэцяе месца сярод усіх арганізацый абласнога прадпрыемства! Штогод на і без таго неверагодна прыгожай тэрыторыі ўмудраюцца высадзіць яшчэ больш кветак і дэкаратыўных кустоў, дадаць арыгінальных малых архітэктурных формаў. Нядаўна, напрыклад, тут з’явіліся папулярныя зараз габіоны – “каменныя чашы” для кветак, арыгінальнае металічнае дрэва, якое нават зімой не згубіць сваю лістоту. За казачнай прыгажосцю стаіць карпатлівая будзённая работа: толькі абкос вялікай тэрыторыі неабходна праводзіць кожныя два тыдні, а колькі часу штодня трэба на паліў раслін, таму да навядзення парадку тут мае дачыненне абсалютна кожны супрацоўнік, ну а нязменным куратарам справы з’яўляецца Святлана Васільеўна Дрозд.

Не паддаліся вірусу

А вось на традыцыйным конкурсе прафмайстэрства бліснуць ушачанам сёлета не ўдалося – не таму, канечне, што яны страцілі навыкі: проста з-за эпідэміі каранавіруса гэтае мерапрыемства, як і шэраг іншых, было адменена. А вось каб праводзіўся агляд мер па папярэджанні захваральнасці работнікаў і кліентаў, то наш райгаз дакладна б прэтэндаваў у ім на перамогу. Татальны масачны рэжым, прынамсі, захоўваецца ў арганізацыі і зараз, калі многія ўжо легкадумна расслабіліся. Рэгулярна апрацоўваюцца ўсе паверхні, да якіх датыкаюцца людзі. Сваю змену газавікі пачынаюць з вымярэння тэмпературы, правяраецца цеплавізарам і кожны наведвальнік, а калі ў кагосьці не аказалася ўласнай маскі, яму гатовы выдаць гэты сродак аховы. Намаганняў шмат, але яны таго вартыя: з пачатку эпідэміі ў арганізацыі не зафіксавана ніводнага выпадку захворвання на COVID-19.

Трымаць планку

Напярэдадні прафесійнага свята перад кіраўніцтвам заўсёды стаіць няпростая задача: вылучыць тых, хто атрымае знакі пашаны. Дастойны ж іх літаральна ўсе работнікі раёна газазабеспячэння. Прыемна, што сёлета, у год 60-годдзя “Віцебскаблгаза” і ў сувязі з прафесійным святам цэлы шэраг ушачан былі адзначаны на розных узроўнях. Слесар аварыйна-аднаўленчых работ Анатоль Анатольевіч Амбражэвіч і кладаўшчык Святлана Васільеўна Дрозд, якія прысвяцілі роднаму прадпрыемству 25 год жыцця, удастоены звання “Ганаровы ветэран прадпрыемства”, вадзіцелям Андрэю Васільевічу Мялешку і Уладзіміру Васільевічу Пузатку, слесарам аварыйна-аднаўленчых работ Уладзіміру Васільевічу Маковічу і Анатолю Мікалаевічу Ляхаву, стаж работы якіх складае 20 год, прысвоена званне “Ветэран прадпрыемства”. Падзякай вытворчага ўпраўлення “Полацкгаз” ацэнена праца вадзіцеля Канстанціна Канстанцінавіча Лёлі. Не засталася без увагі і плённая дзейнасць начальніка Ушацкага РГЗ Яўгена Сяргеевіча Шчаснага, які ўзнагароджаны Ганаровай граматай УП “Віцебскаблгаз”.

Напярэдадні свята прадпрыемства наведаў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, які падзякаваў газавікам за адказную і якасную працу, уручыў узнагароды. У адказ на гэта Я.С.Шчасны паабяцаў “не паніжаць планку” і падкрэсліў, што яму пашанцавала ўзначальваць прафесійны і згуртаваны калектыў, якому па плячы любыя задачы. “Шчыра віншую ўсіх цяперашніх работнікаў, а таксама ветэранаў галіны з двайным святам! Зычу моцнага здароўя, асабістага шчасця і дабрабыту. Няхай агеньчык дабрыні заўсёды гарыць у вашых сэрцах!” – такія цёплыя словы адрасаваў Яўген Сяргеевіч ушацкім газавікам і, думаецца, усе землякі далучацца да гэтых пажаданняў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *