Общий трудовой стаж семейной династии Рахманенко в Ушачском лесхозе составляет 87 лет!

Общество

На просьбу аб сустрэчы з журналістамі “раёнкі” Мікалай Алегавіч і Вольга Паўлаўна Рахманенкі адрэагавалі даволі стрымана. Па-першае, людзі яны па натуры сціплыя, а па-другое, цёплым і пагодлівым ранкам серады ляснічы Касарскога лясніцтва і яго памочнік хацелі хутчэй накіравацца на аб’езд зялёных кварталаў. Ды ўсё ж згадзіліся затрымацца, а наша размова, якая пачыналася з сухаватага “А што тут расказваць? Працуем, як усе…”, хутка ператварылася ў жывую і шчырую, што і нядзіўна, бо абмяркоўвалі справу жыцця не толькі гэтай сямейнай пары, а і бацькі Мікалая Алегавіча – “Ганаровага лесавода” Алега Сцяпанавіча Рахманенкі, а таксама двух іх сыноў, якія працягнулі слаўную працоўную дынастыю.

Ледзь не паўвека аддаў лясной справе Алег Сцяпанавіч і 28 год узначальваў Касарское лясніцтва, якое вывеў на перадавыя пазіцыі. Строгі і патрабавальны, ён заставаўся пры гэтым справядлівым і чалавечным. Не даваў спуску гультаям і быў гатовы асабіста дапамагчы тым, хто стараецца, але не мае вопыту. Характэрны выпадак прыгадвае бухгалтар лясніцтва Аляўціна Вікенцьеўна Ляшкевіч: “Памятаю, як рыхтавала сваю першую справаздачу. Дакладней будзе сказаць, “рыхтавалі”, бо Алег Сцяпанавіч да ночы цярпліва сядзеў побач, тлумачыў, вывяраў лічбы. Калі ж раніцай мы прыехалі ў лясгас і я палезла ў сумку, аказалася, што паперы засталіся дома! Сабралася ўжо расплакацца, але ляснічы, ніводным словам не дакарыўшы, паехаў у Касары і прывёз справаздачу”.

Адметна, што ад двух сваіх сыноў, якія прыйшлі ў калектыў, Алег Сцяпанавіч патрабаваў больш, чым ад іншых. “Часам нават крыху крыўдаваў, аднак зараз разу­мею, што гэта была школа загартоўкі, якая спатрэбілася, калі ў 2004-м замяніў бацьку на пасту ляснічага”, – прызнаецца Мікалай Алегавіч. Дастойна працягнуць справу прызнанага мэтра было вельмі няпроста. Аднак сын аказаўся варты таты і пры гэтым не скапіраваў яго кіраўніцкі стыль, а выпрацаваў свой. “Што асабліва падабаецца ў нашым Алегавічы? Тое, што ён, нават калі моцна ўзлаваны, рэдка павышае голас, ніколі публічна не абразіць, а калі трэба правесці “выхаваўчую бяседу”, зробіць гэта адзін на адзін”, – адзначаюць работнікі лясніцтва.

Дарэчы, свой калектыў яны лічаць дружным і згуртаваным, кажуць, што былі выпадкі, калі асобныя людзі, якія знаходзілі новае месца працы, у хуткім часе зноў вярталіся ў роднае лясніцтва. Добры мікраклімат немалаважны ў дасягненні вытворчых вынікаў – а яны ў лясніцтва традыцыйна высокія: вось і сёлета даведзеныя планы выкананы, а па асобных паказчыках – перавыкананы. Як вынік – прыстойныя заробкі: тутэйшыя вальшчыкі, напрыклад, атрымліваюць па 800-900 рублёў. Паспяховай дзейнасці спрыяе мінімальная цякучасць кадраў: 16 з 26 работнікаў лясніцтва працуюць тут больш 15 год. Ёсць і надзейны “касцяк” перадавікоў, сярод якіх ляснік Уладзімір Счасны, майстар Руслан Салавей, вальшчык Сяргей Мішын і іншыя работнікі.

І, канечне, самым надзейным памочнікам ляснічага не толькі ў жыцці, а і на аднайменнай пасадзе, з’яўляецца яго жонка. Жанчыны не так часта прыходзяць у гэту сферу, вось і Вольга Паўлаўна з усмешкай адзначае, што трапіла ў Полацкі лясны тэхнікум… з-за цікаўнасці, бо ля яе роднай вёскі на Верхнядзвіншчыне лесу зусім не было. Атрымала ж ва ўстанове не толькі любімую прафесію, а і спадарожніка жыцця.

І зусім супрацьлеглай аказалася гісторыя іх сыноў: Саша і Віця прывыклі да лесу з маленства. Алег Сцяпанавіч вельмі любіў унукаў і часта браў іх з сабой на аб’езды дзялянак. А ўжо гадоў з 12 хлопцы зараблялі сабе кішэнныя грошы, здаючы ў нарыхтоўчы пункт чарніцы ды лекавае карэнне дуброўкі. Калі ж прыйшоў час выбіраць ВНУ – абодва паступілі ў Мінскі тэхналагічны ўніверсітэт, які раней скончыў бацька. Зараз малады майстар лесу Аляксандр Рахманенка асвойвае прамудрасці сямейнай справы ў Кубліцкім лясніцтве, а Віктар пачаў працоўны шлях у Івацэвічах на дрэваапрацоўчай вытворчасці.

“Лес – гэта наша жыццё”, – кажуць Рахманенкі і ў іх вуснах гэта зусім не высакамоўныя словы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *