Главное — чтоб техника не подводила! Тракторист на подготовке лесосек, трелёвке и вывозке леса Сергей Дунец удостоен Почётной грамоты Министерства лесного хозяйства

Экономика и малый бизнес

“На сынава вяселле родныя прымусілі купіць касцюм. Не мой гэта стыль, так бы і вісеў, адзін раз апрануты, ды падобныя выпадкі не даюць абноўцы запыліцца”, – Сяргей Віктаравіч Дунец накіроўваўся ў Віцебск на ўшанаванне перадавікоў, у прыватнасці тых, хто як і ён, узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі. І хоць не раз апранаў стыльную абноўку, адчувае у ёй сябе няёмка. Чаго не скажаш пра выхад на сцэну – прывык. І грамата Міністэрства ў яго не адна, і галіновых іншага ўзроўню хапае, а сёлета прозвішча С.Дунца занесена на раённую Дошку гонару.

– Усе людзі як людзі, я ж зоркай нейкай атрымліваюся, – гаворачы гэта, трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, трылёўцы і вывазцы драўніны Плінскага лясніцва ніколькі не какетнічаў. – Каб зарабіць, усюды трэба працаваць, вось і стараюся абавязкова выконваць план. Трэба затрымацца, у камандзіроўку ці на тэрыторыю іншага лясніцтва, што здараецца нярэдка – не пытанне. Галоўнае, каб тэхніка не падводзіла.

Ну а з гэтым пакуль у Сяргея Віктаравіча праблем няма. Трактару тры гады, улічваючы ўмовы эксплуатацыі – гэта ўжо палавінны тэрмін, аднак у адных і, што вызначальна, умелых руках, амаль што новы. А тэхніка не проста па дрэнных лясных дарогах ездзіць, а пракладае іх па цаліне, каб вывезці з дзялянак, часта ў балаціне, нарыхтаваны баланс ці дровы. “І ў два трактары ў счэпцы, бывае, цягнем прычэп, а то і разгрузіцца даводзіцца, а потым зноў укласці, каб толькі выехаць. Асабліва складана вясной і восенню. А вось у моцны мароз працаваць наадварот прасцей”.

Назірала, як механізатар лоўка падчэплівае вялізнымі клюшнямі бервяно, а праз некалькі хвілін яно ўжо шчыльна ляжыць паміж аднолькавымі. Глядзіш, не адрываючы вачэй, і атрымліваеш асалоду. Мала такіх прафесій, каб вось так красамоўна і навідавоку раскрывалася майстэрства. “Гэта будаўнічы лес, з ім проста, а вось калі круглякі па чатыры сантыметры – нервы жалезныя патрэбны, – усміхаецца С.Дунец. І дабаўляе, што справа нават не ў васьмігадовым вопыце. – Не хвалюся, аднак адразу атрымалася. Таму і на абласных спаборніцтвах, куды праз пару месяцаў работы трапіў выпадкова, другое месца заняў, а першае наогул не прысуджалася. І падчас вучобы, каб атрымаць адпаведны допуск да работы з маніпулятарам, ужо ўсё ведаў, бо з тэхнікай быў знаёмы”.

Існуе ўстойлівы выраз – чалавек на сваім месцы. І здаецца, што Сяргей Віктаравіч нарадзіўся “з правамі”, прычым адразу ўсіх катэгорый. Вадзіцелем быў бацька, які садзіў малога за руль рознай тэхнікі. Ну а калі Віктар Якаўлевіч рана цяжка захварэў, менавіта Сяргей стаў галоўным памочнікам у сям’і. Да педаляў ледзь даставаў, а кіраваў маленькім трактарком, за плугам якога ішоў дзед. Памятае і сваю першую спробу кіравання аўтамабілем. У шэсць год завёў УАЗ і даехаў… да бліжэйшага плоту. З таго часу падобных казусаў за ім не водзіцца. А дзед Восіп Восіпавіч Вінаградаў, дарэчы, у мінулым таксама работнік Плінскага лясніцтва, хоць і рамантаваў тую агароджу, але пазней адзначаў віртуознае ваджэнне ўнука: “Ён ў любы, самы вузкі калідор машыну загоніць”.

Тэхніку Сяргей Віктаравіч ведае дасканала, любіць і вельмі беражліва да яе адносіцца. Тэхагляд праходзіць заўсёды з першага разу. У ідэальным стане як службовы трактар, так і ўласны аўтамабіль. А яшчэ ў яго на хаду матацыкл, трактар з усімі прычапнымі, якія сабраў з ламачча сам. Бо трымае вялікую падсобную гаспадарку, нават адна буронка ў маленечкім статку вёскі Двор Пліна – яго. А паколькі мае пакладзісты характар, то працоўны дзень за баранкай працягваецца і дома. “Адмовіць не магу і атрымліваецца, што і ўвечары зноў за рулём, прычым сваё раблю ў апошнюю чаргу”.

Пра што часцей за ўсё пытаюцца ў С.Дунца знаёмыя. Канечне, просяць падказаць, дзе добрыя ягады ці адскочылі грыбы. “Заўсёды расчароўваю, бо не маю ўяўлення, дзе яны растуць. Мабыць хто і не верыць, але я не выходжу з кабіны, перакушу, расклаўшы “зсабойку” тут жа, ля рычагоў, і зноў за пагрузку. У мяне не паўстае намеру адпачыць у лесе. Проста б адпачыць, і ад лесу таксама. З унучкай паняньчыцца”. Гэтага і жадаем перадавіку і маладому дзеду, які ў 43 гады, канечне, не адчувае сябе адпаведна новаму статусу. А яшчэ – каб і надалей не вісеў без справы касцюм. Дзелавы стыль яму таксама да твару, хоць і камфортней у ляснічай робе.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *