Трудоустройство, состояние дорог, сохранение свиноводческого комплекса. Владимир Андрейченко провёл приём граждан в Ушачах

Общество

Працаўладкаванне, стан дарог, захаванне свінагадоўчага комплексу. Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас чарговага асабістага прыёму грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які 5 сакавіка праводзіў ва Ушачах старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка.

Адразу некалькі пытанняў агучыў старэйшына вёскі Лутава Сяльцо В.В.Федарэнка. Два гады таму населены пункт, дзе пражывае 63 чалавекі, прызнаваўся лепшым у раёне па добраўпарадкаванні, для гэтага шмат зрабілі і самі жыхары. Хацелася б ім, каб і дарога ў вёсцы была заасфальтавана. Як зазначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, у першую чаргу асфальтаванню падлягаюць больш загружаныя дарогі. Так, сёлета запланавана асфальтаванне дарогі праз Гуту, а таксама на Матырына – жыхары вёсак неаднаразова звярталіся са скаргамі на стан дарог. Што датычыцца Лутава Сяльца, то работы будуць планавацца па меры фінансавання. Скардзіўся мужчына і на дрэнную якасць вады ў калонках: “Набіраеш вады, а праз гадзіну-дзве яна становіцца жоўтай! “Наваполацкводаканал” знізіў кошт аплаты за водазабеспячэнне, але ж вада чысцей не становіцца”. Праблему паспрабуюць вырашыць шляхам тэхнічнага догляду на працягу месяца. Пытанне ўзята на кантроль.

Хвалюе заяўніка і тое, што філіял унітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпаліва” рэалізуе за сезон на домаўладанне па льготным кошце толькі адну машыну дроў – 4,9 кубоў. Канечне, можна набыць і больш, але ўжо па поўнай цане. Вось і цікавіўся В.В.Федарэнка, ці магчыма вызначаную норму крыху павялічыць, напрыклад, да 6,5 куба. У.П.Андрэйчанка патлумачыў, што нормы ўстанаўліваюцца пастановай Савета міністраў і абяцаў абгаварыць магчымасць указаных змяненняў ва ўрадзе, аднак трэба ўлічваць, што льготныя тарыфы даціруюцца з бюджэту.

З калектыўным зваротам да Уладзіміра Паўлавіча прыйшлі работнікі свінагадоўчага комплексу “Сарочына” (на здымку). Галаўное прадпрыемства – “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў” прыняло рашэнне закрыць вытворчы ўчастак, а жывёлу перамясціць у Бешанковіцкі раён у мэтах лепшай лагістыкі. Між тым, на комплексе сёння працуе 87 чалавек, дабірацца на работу ў іншы раён для іх будзе складана, многія адпрацавалі тут дзясяткі гадоў і шчыра хочуць, каб роднае прадпрыемства існавала далей, гатовы выкладвацца на поўную моц, каб мець высокія прывагі і вярнуць былую славу сваёй арганізацыі. “Свінакомплекс павінен працаваць, калектыў трэба захаваць! Прааналізуйце варыянты, і будзем вырашаць, я акажу вам у гэтым садзейнічанне”, – заключыў па гэтым пытанні старшыня Палаты прадстаўнікоў.

С.Т.Белавусава з гарпасёлка непакоіць адсутнасць тэлефоннага даведніка ў раёне. Апошні быў выдадзены ў 2014 годзе і на цяперашні момант поўнасцю неактуальны. Даведацца пра той ці іншы нумар зараз можна толькі праз платную службу 109. Заяўніку патлумачылі, што выданне новага даведніка немэтазгодна, пакуль “Белтэлекам” поўнасцю не завершыць мадэрнізацыю сваіх сетак у раёне. Так, толькі ў бягучым годзе на новыя нумары будзе пераключана больш ста ўшацкіх абанентаў.
Таксама ў гэты дзень да нашага дэпутата звярталіся грамадзяне і з асабістымі пытаннямі, а жыхар Баранавічаў унёс прапановы зменаў у Крымінальны кодэкс і закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму.

Размаўляючы з журналістамі, У.П.Андрэйчанка адзначыў, што людзі станоўча ацэньваюць прыёмы ў райцэнтрах кіраўнікамі рэспубліканскага ўзроўню. Змяняецца структура зваротаў: грамадзяне акцэнтуюць увагу на якасці выканання тых ці іншых паслуг, паляпшэнні інфраструктуры. Многае зроблена, у тым ліку ўладамі на мясцовым узроўні. Вельмі развіта сацыяльная сфера, больш увагі трэба надаваць вытворчай і захоўваць працоўныя калектывы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *