35 лет со дня аварии на Чернобыльской АЭС: воспоминания ушачан

Общество

Сёлета спаўняецца 35 год, як Беларусь жыве з чорнай плямай: на карце радыяцыйнай забруджанасці, і не меншай – у сэрцах людзей. Дастаткова, каб змірыцца і жыць па-новаму. І зусім мала для поўнага распаду цэзія, стронцыя. Яшчэ стагоддзямі наша зямля, а Беларусь больш за іншых пацярпела ад тэхнагеннай катастрофы, будзе ачышчацца ад несумясцімых з жыццём выкідаў. З 179 гарадоў і вёсак было эвакуіравана 115 тысяч жыхароў. У ліквідацыі аварыі прымала ўдзел больш 600 тысяч чалавек, у тым ліку ўшачане.

Самы вялікі цяжар і дозы радыяцыі атрымалі пажарныя, а таксама верталётчыкі, якія закрывалі рэактар, скідваючы з бартоў пясок. Сярод іх быў і наш зямляк, воін-інтэрнацыяналіст Міхаіл Паўлавіч Хрыпач. Як прыгадвае яго сястра Маргарыта Паўлаўна Кірпічонак, Міхаіл, на той час ваенны афіцэр, які меў не адзін вылет у Афганістан, знаходзіўся ў Чарнобыле два першыя пасля трагедыі месяцы. Расказваў, што працавалі ў спецадзенні і рэспіратарах, аднак жара ў кабіне была жудасная, паколькі спускаліся вельмі нізка да рэактара, адкрывалі борт і выкідвалі пясок, потым рабілі чарговы рэйс. Калі ён пасля гэтага праходзіў абследаванне ў шпіталі, дазіметр зашкальваў. Міхаіл Паўлавіч атрымаў накапляльную дозу радыяцыі 22 зітберта, якая ў некалькі разоў пераўзыходзіць аднаразовую смяротную. За актыўную і самаадданую работу на разбураным рэактары ўзнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР”, але атрымаць не паспеў. Яго верталёт быў збіты ракетай Сцінгер 1 кастрычніка 1988 года – уладальнік пяці ордэнаў не дажыў 6 дзён да свайго 28-годдзя.

У выніку катастрофы забруджана больш 200 тысяч квадратных кіламетраў зямлі. Выкід Чарнобыля – 50 мільёнаў Кюры.

Мікалай Іванавіч Русак, в. Двор Пліна, ліквідатар. У ваенкамат на зборы мяне выклікалі ноччу з 3 на 4 мая 1986 года. Ва Урэччы была сфарміравана калона, якая сваім ходам накіравалася ў Хойнікі. Я быў санінструктарам, з намі прызывалася шмат медыцынскага персаналу. Гэта былі першыя дні эвакуацыі насельніцтва. Непасрэдна мы фарміравалі аўтобусы з дзецьмі, забіралі па пунктах і рассаджвалі. Ніхто не ведаў куды, нават бацькі, бо ў суправаджэнні з імі ехалі толькі дашкаляты і пачаткоўцы. У ліку першачарговых вывозілі з зоны і цяжарных жанчын. Накіроўвалі нас перыядычна і ў 20-кіламетровую зону ад станцыі, дзе ішла поўная эвакуацыя. Усё вельмі спешна, людзі пакідалі дамы з невялікімі сумкамі, забіралі толькі дакументы, грошы. Бабулі галасілі, ад дзядоў, бывала, нават палкай па плячах атрымлівалі, бо пажылыя людзі не хацелі ехаць, хаваліся ў паграбах, хлявах… Ім казалі, што гэта на некалькі дзён.

На самой справе вёскі руйнаваліся з усёй маёмасцю за некалькі гадзін. Да абеду праязджаем – стаіць населены пункт, пасля – ужо няма. Былі і такія, дзе пракладалі спачатку водаправод, а потым таксама хавалі.

У нас у часці, а размяшчаліся мы спачатку ў будынку вучылішча, а потым у палатках на полі, кожную гадзіну праводзілі вільготную ўборку, пасля прыезду з зоны абавязкова душ і пераапрананне: было тры камплекты абмундзіравання. Мылася ўсё дэзсродкамі і па горадзе. Мы хадзілі з дазіметрамі-накапляльнікамі, якія забіралі, выдавалі новыя, гаворачы: “Усё ў норме”. Медсясцёр, якія бралі кроў у салдат, што знаходзіліся ў дзесяцікіламетровай зоне, калегі мянялі праз тыдзень-два. У нас таксама хутчэй адпраўлялі дадому мужчын, якія мелі сем’і і асабліва некалькіх дзяцей. Я ж адбыў у чарнобыльскай зоне 4 месяцы. А не так даўно пабачыў па тэлебачанні рэпартаж з Хойнікаў і не пазнаў – так разросся горад.

Леанід Канстанцінавіч Азаронак, в.Завячэлле, ліквідатар. 5 чэрвеня 1986 года прыбыў у Брагінскі раён. Пасялілі ў гасцініцы ў нумар “люкс”, там жа і кармілі, умовы добрыя, але… працавалі па 16 гадзін у суткі. Замяралі ўзровень радыяцыі ў жывёлы, якую гналі на забой. Нормы зашкальвалі ў 30-50 разоў. Адпраўлялі цягнікі з тушамі на Урал, у Сібір. Потым зачышчалі вёскі ад хатняй жывёлы, усіх забівалі, пакідалі толькі катоў і сабак. Чамусьці вялікага значэння не надавалася бяспецы: з усёй амуніцыі гумовыя боты і рэспіратар. У пачатку ён быў светла-ружовага колеру, потым – ярка-малінавы, што казала аб назапашванні дозы радыяцыі. Акрамя дэзактывацыі, мы займаліся нарыхтоўкай і дастаўкай кармоў для жывёлы на селекцыйна-племянную ферму. Як у старыя добрыя часы, па расе выходзілі на пакос травы… Важна было захаваць пароду. Будучы ветурачом, я разумеў непатрэбнасць гэтай работы, але на той момант загады не абмяркоўваліся. Самым сумным быў фінал гэтай гісторыі, калі дарагой цаной захаваны племянны статак быў расстраляны з верталётаў. Памятаю, як мясцовыя жыхары (на той момант яны яшчэ былі) кідаліся на выратаванне ашалелай жывёлы, хаваючы яе на сваіх падворках.

Успамін Л.Азаронка ўзяты з навукова-доследнай работы навучэнцаў Арэхаўскай школы Паўла Гапеева і Марыі Гатаўка “Мірны час: месца подзвіга – Чарнобыль” (кіраўнік Т.У.Ліленка), якая заняла другое месца ў вобласці ў намінацыі “Лёсы, абвеяныя чарнобыльскім ветрам”.

Аляксандр Уладзіміравіч Ліленка, выпускнік Гарбаціцкай школы 1971 года, дацэнт, кандыдат ветэрынарных навук, ліквідатар. У маі 1987 разам з калегамі камандзіраваны ў Чарнобыльскую зону для выканання навукова-даследчых работ ў зоне заражэння:

“Мы на тэрыторыі Брагінскага, Хойнікскага, Нараўлянскана, Веткаўскага раёнаў вымяралі ўзровень радыяцыі на фермах, у жывёл, на палях, правяралі мяса, малако, збожжа. Паўтара года вяліся даследаванні, па выніках якіх у інстытуце былі распрацаваны “болюсы” (рэчывы, якія выводзілі з арганізма цэзій, стронцый). Прэпарат у выглядзе вялікіх таблетак давалі буйной рагатай жывёле, пад дзеяннем лекаў радыеактыўныя элементы звязваліся і выводзіліся з арганізма. Інфармацыя аб распрацоўках была засакрэчана. Вынікі даследаванняў перадаваліся ў Маскву.

Ніякай катастрафічнасці ў зоне не адчувалася, акрамя страшнаватага выгляду рыжага лесу і кінутай хатняй жывёлы. Прыгадваецца такі эпізод: на мяжы паміж трыццацікіламетровай зонай і Палескім раёнам – траса «Палескае-Прыпяць». Па ёй ездзяць салдаты ў масках, паліваюць асфальтаваную дарогу, каб радыеактыўнага пылу не было. І тут жа, па абодва бакі дарогі калгаснікі сеюць. Пыл слупом – і трактарыст, і двое памочнікаў на сеялцы – без масак.

Мы па два тыдні знаходзіліся ў зоне і столькі ж дома. Перад першай камандзіроўкай нас папярэдзілі, што пяць гадоў потым нельга мець дзяцей. Бяздзетны калега знаходзіўся ў камандзіроўцы паўгода. Наступствы радыяцыі адчуў практычна адразу праз пастаянны галаўны боль, раздражнёнасць і аматафобію – боязь пылу. Там жа дарогі палівалі пастаянна, машыны нават спыняліся і не ехалі, калі дарога была сухой.

Урэзаўся ў памяць і такі выпадак: Сяляне корпаюцца ў агародах. Дзеці на вуліцы гуляюць у пяску. Працуюць крамы: касцюмы, сукенкі, каўбаса, маргарын. Прадукты і тавары нават не прыкрытыя цэлафанам. Не прадукты, а радыеактыўныя адходы … У шчытападобнай залозе вяскоўцаў сто, дзвесце дапушчальных доз. На лаўцы ля хаты маладая жанчына корміць дзіця грудзьмі. Малако радыеактыўнае, яны не разумеюць гэтага. Чарнобыльская мадонна. Потым выразаў на фанеры карціну, доўга не мог забыць. Назіралі нараджэнне жарабяці з пяццю нагамі – ўздзеянне радыяцыі.

Анатоль Антонавіч Карповіч, в.Двор Пліна: «Слуцкі раён пад праграму перасялення не трапляў, аднак радыяцыйная пляма ў нашым сельсавеце была. Мы заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, многа збіралі ягад на продаж, гэта акрамя асноўнай работы. І вось здача як сваіх лішкаў, так і збор дароў лесу быў забаронены. Людзі пачалі хварэць, у дзяцей падчас сну ішла кроў з носу. І мы самі пачалі шукаць месца для пераезду. Віцебшчына лічылася самай чыстай. Праз аб’явы ў абласной газеце знайшлі паведамленне, што саўгасу “Ушацкаму” патрэбны жывёлаводы. І хоць я працаваў на будоўлі, а жонка ў дзіцячым садзе, не вагаліся. Тагачасныя кіраўнікі У.Круглік і М.Уліновіч сустрэлі па-братэрску. Выдзелілі транспарт, каб мы перавезлі рэчы, кароўку, свінаматку, а таксама часовую кватэру ў вёсцы Пліна на беразе возера. Мы не маглі надыхацца гэтым паветрам, нарэшце нармалізаваўся сон. Спадабалася ўсё, уключаючы дом у такім маляўнічым месцы, аднак як і абяцалі, мы атрымалі новы катэдж у Двор Пліна. Дваццаць год адпрацавалі на комплексе “Маяк”, дзеці выраслі. Ушаччына стала другой радзімай. Памяняўшы месца жыхарства, мы намнога палепшылі ўмовы жыцця. Нядаўна сын ездзіў на Случчыну, вярнуўся і падзівіўся, як там памяшчаліся, хоць у доме на дзве кватэры мелі 4 пакоі».

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *