Выпускниками Ушачской детской школы искусств стали 42 учащихся

Общество

На мінулым тыдні выпускны вечар прайшоў ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў. Пасведчанні аб заканчэнні атрымалі ажно 42 навучэнцы, – гэта адна з самых вялікіх лічбаў у гісторыі музычнай альма-матар. Прычым 95 працэнтаў з іх – выдатнікі вучобы.

Хоць і аксакал на сцэне дырэктар школы Сяргей Васільевіч Парашкін, аднак усё роўна хваляваўся. Гэта першы выпуск у сценах новай школы і 47-ы наогул. Ён і прыгадваў той 1974 год, калі сам быў у ліку першых выпускнікоў. Менш урачыста праходзілі тады развітальныя мерапрыемствы, без відэапрэзентацый, аднак, канечне, з традыцыйным канцэртам, у якім галоўнымі выканаўцамі былі выпускнікі. Саліравалі эстраднікі Ягор Обух і Аліна Гурленя, Вераніка Гракава і Ксенія Крахотка – за фартэпіяна, Ульяна Хвошч – на цымбалах, Аляксей Броўка – на балалайцы, Паліна Шараева і Акім Дзямешка – на домры, Сяргей Арцем’еў на акардэоне. Улад Шыхель, Ягор Шасцярэнь, Дзмітрый Ільюшэнка і Іван Чумакоў былі ў складзе аркестра, а Аліна Заруба – ансамбля. Паліна Давыдава і Карына Кандрацкая кіравалі хорам, а Альбіна Марачкіна, Глеб Правада, Паліна Юркевіч і Жэня Талмачоў кружылі вальс бастон… На сцэну пад вершаваную візітоўку, якую для кожнага склала вядучая Галіна Уладзіміраўна Хвошч, выходзілі літаральна ўсе выпускнікі і іх выкладчыкі. Кожнаму ад імя бацькоў падзякавала Людміла Васільеўна Давыдава і прыгадала, як сем год таму Жанна Віктараўна Савіцкая пераканала аддаць дачку ў першы сацыяльны інстытут – так яна называе сваё харавое аддзяленне, дзе дзеці вучацца не толькі спяваць, але і чуць – адзін аднаго, а таксама фальш у танальнасці… і паводзінах. Таццяна Васільеўна Мураўская расказала, што ў сына Ягора быў перыяд, калі ён хацеў кінуць музыку, і таму вельмі рада, што зараз вырашыў зрабіць яе сваёй прафесіяй. Ён мяркуе паступаць на наступны год, ну а сёлета паспрабуюць стаць студэнтамі музычных вучылішчаў Герман Седзін, Віка Міхаль і Ульяна Хвошч. Заўсёды будуць мець прыгожую асанку выпускнікі Наталлі Веньямінаўны Корневай. І абавязкова спатрэбіцца пасведчанне аб заканчэнні мастацкага аддзялення выхаванцам Айгуль Аразалаўны Смык, якія абяруць модныя прафесіі дызайна і архітэктуры. Яго сёлета скончыла 8 выпускнікоў, па трынаццаць – у народным і харэаграфіі.

Самы вялікі выпуск ва Ушацкай школе мастацтваў быў у 2015 годзе, калі яе закончылі 52 вучні.

Таму ледзь не плакала, апошні раз гледзячы на такі склад аркестра, Маргарыта Андрэеўна Грынберг: “Мне шкада з вамі развітвацца, вельмі шкада. Няхай ваша жыццё ідзе «на крэшчэнда», ну а без музыкі яно было б памылкай”. Сапраўды, як і без “музыкалкі”, якая, незалежна ад таго, станеш прафесійным музыкай ці не, назаўсёды застанецца домам, дзе цябе памятаюць і чакаюць. І ў пераробленай “пад сябе” фінальнай песні “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались” літаральна ўсе выпускнікі казалі дзякуй.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *