Переоснащение продолжается: Ушачский лесхоз пополнился новой техникой

Общество

Ушацкі лясгас упэўнена прадаўжае тэхнічнае перааснашчэнне. На гэтым тыдні на прадпрыемства прыбыла, бадай, самая значная “абноўка” за апошнія дзесяцігоддзі – сучасны харвестар “PONSSE Scorpion King 8W” фінскай вытворчасці – і ўшачанам зараз зайздросцяць усе лясгасы рэспублікі, бо пакуль ні ў адным няма такой лесанарыхтоўчай машыны.

Звычайныя харвестары гэтага вытворцы працуюць у лясах краіны, а вось прыгаданай маркі – апошняй з лінейкі мадэляў – няма. Гэтую сучасную машыну лічаць унікальнай не толькі з-за большай магутнасці, але і высокай праходнасці, зручнасці, камп’ютарнай начынкі і шматлікіх функцый. У перакладзе з англійскай мовы назва гэтай мадэлі нават і гучыць – “цар скарпіёнаў”.

З-за мяжы харвестар спачатку прыбыў у Мінск, дзе выстаўляўся на міжнароднай выставе тэхнікі і тэхналогій дрэваапрацоўчай прамысловасці “Лесдрэўтэх-2021”, а пасля быў дастаўлены ва Ушачы. Гэтымі днямі машына ўжо ўключаецца ў работу на дзялянках. Даверылі ж лясны камбайн вопытным машыністам – Васілю Мамонаву і Сяргею Ярмошу, якія дагэтуль пазменна нарыхтоўвалі лес на адным з двух “Амкадораў” – айчынная адзінка зараз адпраўляецца на рамонт. Плануецца, што ў хуткім часе новы “Цар скарпіёнаў” будзе працаваць у лесе ў некалькі змен.

Трэба адзначыць, што гэта не адзіная пакупка лясгаса за апошні месяц. Тэхнічны парк папоўніўся і новым перасоўным рубільным комплексам “ТИГЕР-МСА 700.М” (на здымку) для вытворчасці шчапы, якую вырабляюць для патрэб ЖКГ. Гэтай навінцы работнікі лесу рады не менш, бо раней, каб вырабіць шчапу, машыну даводзілася арандаваць у іншых прадпрыемстваў. Больш плённа працаваць дапаможа і новая ўніверсальная машына для догляду за ляснымі культурамі. Акрамя гэтага набыты і аўтамабілі УАЗ і “Лада” для егерскай службы і спецыялістаў па ахове працы. А 8 новых матацыклаў адправіліся ў лясніцтвы для лясной аховы.

Такая грунтоўная мадэрнізацыя, несумненна, дазволіць работнікам Ушацкага лясгаса яшчэ больш павысіць прадукцыйнасць працы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *