Председатель областного Совета депутатов Владимир Терентьев с рабочей поездкой посетил Ушачский район

Общество

На гэтым тыдні адбылася чарговая 35-я сесія раённага Савета дэпутатаў 28 склікання. Галоўным пытаннем павесткі дня была справаздача старшыні райсавета аб сваёй рабоце, дзейнасці прэзідыума і становішчы спраў на падведамаснай тэрыторыі. У рабоце сесіі прыняў удзел і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў.

За год праведзена 11 сесій, 23 пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, у тым ліку 1 выязное і 3 сумесныя з райвыканкамам, на якіх разгледжана 138 пытанняў, якія датычацца развіцця раёна. Працягнута супрацоўніцтва паміж райсаветам і Смаленскай рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці”, Смаленскім грамадскім рухам развіцця інстытутаў грамадзянскай супольнасці “Землякі”.

Асаблівая ўвага ўдзялялася рабоце са зваротамі грамадзян. За справаздачны перыяд старшынёй райсавета праведзена больш за 100 асабістых і выязных прыёмаў, сустрэч у працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства, 8 “прамых ліній”. Усе пытанні, якія паступілі ад жыхароў раёна, разгледжаны, прыняты адпаведныя рашэнні. За 2020 год да дэпутатаў падчас асабістых прыёмаў звярнулася 136 выбаршчыкаў. Праведзена больш за 750 сустрэч у акругах, 206 справаздач аб прадзеланай рабоце. Па-ранейшаму грамадзян больш за ўсё хвалююць пытанні, якія адносяцца да сферы ЖКГ, рамонту і эксплуатацыі дарог, добраўпарадкавання, якасці пітной вады. На Ушаччыне 254 сельскія населеныя пункты, з іх 146 вёсак з колькасцю насельніцтва да 10 чалавек. Дапамога жыхарам маланаселеных пунктаў на асаблівым кантролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

Як справядліва адзначыла ў сваім дакладзе старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, дэпутат павінен трымаць руку на пульсе, сустракацца з людзьмі, ведаць іх праблемы. У цяперашні час у раёне абрана 126 старэйшын. Яны добра ведаюць патрэбы аднавяскоўцаў, часта самі вырашаюць пытанні, звязаныя з бытавымі праблемамі грамадзян ці падымаюць іх на раённым узроўні.

Асаблівая ўвага была нададзена садзейнічанню грамадзянам у працаўладкаванні, праблеме безгаспадарчых, старых і пустуючых дамоў, вядзенню асабістых падсобных гаспадарак. У ліку прыярытэтных і тэма добраўпарадкавання населеных пунктаў. Усё гэта мы дэталёва асвятлялі ў газеце, работу па інфармаванні насельніцтва аб дзейнасці саветаў будзем праводзіць і надалей.

У 2015 годзе ўпершыню была абрана Маладзёжная палата, за гэты перыяд адбылося тры скліканні, кожны састаў уносіў у яе працу новыя ідэі. У цяперашні час яна складаецца з 20 навучэнцаў 8-11 класаў.

– Мы ўсе разумеем, што дэпутаты – гэта не вызваленыя ад сваёй асноўнай працы людзі, усе грамадскія справы робяцца імі ў вольны ад асноўнай працы час. Хачу падзякаваць усім без выключэння дэпутатам за актыўную жыццёвую пазіцыю, канкрэтную дапамогу людзям, работу ў сваіх акругах, – падводзячы вынік адзначыла Н.М.Марковіч. – Асаблівая ўдзячнасць старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміру Уладзіміравічу Цярэнцьеву, райвыканкаму і суб’ектам гаспадарання раёна за канструктыўнае супрацоўніцтва, падтрымку дэпутацкага корпуса. Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку – за пастаянную ўвагу і дапамогу раёну, дзякуючы якой Ушаччына мае магчымасць дынамічна развівацца ў вельмі няпростых фінансава-эканамічных умовах.

– Ацэнку зробленаму ў першую чаргу павінны даць жыхары рэгіёну, але з упэўненасцю магу сказаць, што на Ушаччыне робіцца многае для камфортнага жыцця. Ведаю аб гэтым не з газет і тэлевізара – за мінулы год ва Ушачах бываў даволі часта: на адкрыцці моста, школы мастацтваў, на “Прарыве”, на сустрэчах з медыкамі, маладзёжнай палатай. Развіваецца вытворчасць, прыходзіць прыватнік, прыбаўляецца гандлёвых аб’ектаў, а сацыяльна-культурнай сферы наогул зайздросцяць іншыя раёны. Прывяду і такі прыклад: звычайна колькасць зваротаў да мяне падчас “прамых ліній” літаральна зашкальвае, пры гэтым ні аднаго тэлефанавання за ўвесь мінулы год з Ушач не паступіла. Гэта сведчыць аб тым, што праблемы вырашаюцца на месцы. Ушаччына няпросты, але ўнікальны рэгіён, у якога ёсць будучыня, – выступаючы перад дэпутацкім корпусам сказаў У.У.Цярэнцьеў.

Уладзімір Уладзіміравіч у гэты дзень таксама наведаў аддзяленні дзённага знаходжання ТЦСАН у Градзянцы, высока ацаніў дзейнасць сацустановы, якая, дарэчы, уваходзіць у пяцёрку лепшых у вобласці. Уражаны У.У.Цярэнцьеў застаўся і дэндрапаркам Ушацкага лясгаса, дзе разам са старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам і дырэктарам лясгаса, дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў С.А.Даніловічам пасадзіў дрэва. А на “Прарыве” разам з удзельнікамі абласнога семінара лесаводаў былі ўскладзены вянок і кветкі да мемарыяльных пліт.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *