Ушачский филиал облпотребобщества запустил 10 видов новых напитков, в том числе «энергетики»

Экономика и малый бизнес

Ушацкі філіял Віцебскага абл­спажыў­та­ва­рыс­тва да летняга сезона запусціў дзесяць відаў новых напіткаў. Пяць з іх – “энергетыкі”, абсалютна нязвыклая для мясцовага цэха прадукцыя.

Ідэя замахнуцца на маладзёжны напітак належыць дырэктару філіяла Ліліі Альбінаўне Долгай. І не таму, што сама з дапамогай энергатонікаў змагаецца са стамляльнасцю. Не, смакавала іх упершыню, калі разам са створанай “камісіяй дэгустатараў” выбіралі з дваццаці ўзораў фірмы “Араматык” найбольш прыемныя па смаку.

Проста, як і належыць кіраўніку, Лілія Альбінаўна пастаянна думае пра павелічэнне асартыменту і продажу ўласнай прадукцыі. Тым больш што Ушацкі цэх па разліве напіткаў і мінеральнай вады – адзіны ў Віцебскім аблспажыўтаварыстве.

– Заўсёды цікаўлюся новымі відамі тавараў. І хочацца, каб сярод нашых пакупнікоў было больш моладзі. Калі можа выпускаць лідскі завод, чыму не можам мы? Такая задача была пастаўлена перад спецыялістамі цэха, і вось з мая “энергетыкі” з ушацкай этыкеткай на паліцах магазінаў. Суседства з тымі ж лідскімі вытворцамі – на нашу карысць: кошт меншы ўдвая, ну а якасць, як і на ўсю прадукцыю – не саступае канкурэнтам, – кажа Лілія Альбінаўна.

Пацвярджэнне таму ўскосна ўбачыла ў цэху. На тэрыторыі стаяла некалькі фур, адна з іх аж з Гомеля, а да работнікаў было не падступіцца: накладныя, водпуск упаковак, паралельна перастройка лініі. І гэта прытым, што працоўны дзень з чэрвеня павялічаны на паўтары гадзіны. Да слова, штат тут зусім не раздуты, таму практычна ўсе – спецыялісты шырокага профілю і ўзаемазамяняльныя.

“Чым выкліканы такі попыт на прадукцыю?” – пытаюся ў начальніка аддзела вытворчасці Уладзіміра Мікалаевіча Кругліка.

– Перш за ўсё, канечне, летнім сезонам, калі попыт традыцыйна павышаецца. Па-другое – суадносінамі цаны і якасці. У нас самыя танныя і напіткі, і мінералка, і энергетыкі. Ну і канечне, шукаем новыя рынкі збыту. Працуем з сеткавікамі, і сёлета сярод нашых заказчыкаў, напрыклад, з’явілася “Ніка”. Не адмаўляем і дробным пакупнікам. На сённяшні час у нас больш трох дзясяткаў пастаянных кліентаў. Ды і сістэма Белкаапсаюза працуе на падтрымку свайго вытворцы. Самы вялікі па аб’ёмах заказчык – “Белзнешгандаль”, бяруць прадукцыю і ўсе сем філіялаў Віцебскага аблспажыўтаварыства.

З ушацкім цэхам выгадна мець справу: заказаў у адным месцы, а маеш у магазінах шырокі асартымент. Толькі напіткаў зараз выпускаецца 14 відаў. З восені мінулага года бутыліруюць і пітную ваду.

Але калі для кліентаў шырокі асартымент – плюс, то для вытворцаў – дадатковы клопат. Пасля кожнага віду напіткаў абавязкова прамываецца лінія, ідзе замена этыкетак на апараце ці нават выдзіманых прэформ – энергатонікі, напрыклад, разліваюць толькі ў цёмную тару. А яшчэ іх выпуск больш працаёмкі – варыцца цукровы сіроп, які потым змешваецца з вадой, вітамінным комплексам, кафеінам – гэта кампанент, які на некалькі гадзін павышае працаздольнасць, аднак утрыманне яго ў напоі нават крыху меншае, чым у такім жа аб’ёме зваранай кавы. У энергетычных напітках няма алкаголю – яны не супрацьпаказаны вадзіцелям і нават дзецям, праўда, у абмежаванай, не больш 250 грамаў, колькасці.

– Пакуль выпускаем невялікія партыі, вывучаем попыт – энергетычны напітак “Ураган” паступіў на паліцы ўшацкіх магазінаў і іншых крам аблспажыўтаварыства, – гаворыць старшы майстар цэха Таццяна Сямёнаўна Шылёнак.

Вольга Караленка.

  • Ушацкі цэх па разліве напіткаў за пяць месяцаў павялічыў выпуск прадукцыі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 104 працэнты. Калі ў зімовы час выпускалася 10 тысяч дал, то ў маі – 22. За чэрвень гэтую лічбу плануюць павялічыць да 31 тысячы. Заказваецца ж па-ранейшаму больш за ўсё ліманад, вытворчасць якога ўзрасла на 127 працэнтаў.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *